Фота: Дар’я Семянько / Catholic.by

У нядзелю 7 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Магілёў, дзе памаліўся з мясцовымі вернікамі і правёў сустрэчу з духавенствам Магілёўскага рэгіёну, паведамляе catholic.by.

Сустрэча іерарха з вернікамі Магілёўшчыны стала выразам яго удзячнасці ім за малітоўную падтрымку ў цяжкі час выгнання.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Магілёве: Неабходна лячыць нашу хворую краіну

«Грамадска-палітычны і эканамічны крызісы, выкліканыя пандэміяй каранавірусу праблемы, карупцыя, алкагалізм і наркаманія, рост злачыннасці, крызіс сям’і і Божага дару жыцця, як і многае іншае, напаўняюць нашае жыццё песімізмам і мы з вялікай трывогай глядзім у заўтрашні дзень. У такой складанай сітуацыі Касцёл нагадвае нам пра заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што праблемы, з якімі заўсёды сутыкаўся чалавек, не зніклі.

«Дзе шукаць паратунку? Адказ дае Евангелле.

Людзі ідуць да Езуса і просяць Яго дапамогі. Ён не пакідае іх сам-насам са сваімі прабемамі і без надзеі.

Ён лечыць хваробы цела і душы, суцяшае, адпускае грахі, дае надзею. Так было дзве тысячы гадоў таму. Так ёсць і ў наш час. І так будзе да канца часоў», — сцвердзіў арцыпастыр.

«Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Божага слова? Найперш мы павінны быць інструментам у руках Езуса, які дзейнічае і лечыць. Гэта Яго місія таксама і ў наш час.

Нам усім неабходна лячыць нашыя думкі, нашу памяць, нашыя разбітыя ўзаемаадносіны, нашу хворую краіну», — сказаў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

«У нас таксама павінна з’явіцца жаданне дапамагчы іншым, асабліва церпячым і патрабуючым. Працэс нашага духоўнага аздараўлення можна лічыць паспяховым толькі тады, калі мы гатовыя дапамагаць іншым», — зазначыў арцыпастыр.

З горыччу канстатаваўшы, што сёння беларускае грамадства разбіта ў выніку грамадска-палітычнага крызісу, які працягваецца ўжо паўгады, іерарх прапанаваў задумацца над тым, як яго ацаліць і аб’яднаць. На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, для паспяховага лячэння гэтай сацыяльнай хваробы, як і ўсіх іншых хвароб, перадусім неабходна паставіць правільны дыягназ.

«Грэх з’яўляецца першапрычынай нашых праблем. Мы губляем спакой, бо падзяляемся ўнутры.

Але калі мы адварочваемся ад граху і падпарадкоўваемся Божай волі, то здабываем супакой, унутраную гармонію і цэласнасць. Нездарма Езус вучыць, што бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога. Быць чыстым сэрцам азначае быць аб’яднаным з Богам. Мір — гэта прысутнасць Бога ў нашым сэрцы», — заўважыў іерарх. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем:

«Няхай сённяшняе Божае слова заахвоціць нас будаваць мір і адзінства праз еднасць з Езусам, каб узаемная любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне».

Увечары ў парафіі святога Антонія адбылася сустрэча Ганаровага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з духавенствам Магілёўскага рэгіёну на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Арцыпастыр шчыра падзякаваў святарам і кансэкраваным асобам за служэнне, салідарнасць і малітву.

Поделиться ссылкой: