«У такі складаны перыяд трэба наогул адмяніць чэмпіянат і не праводзіць яго…»

Былы кіраўнік Федэрацыі хакея Латвіі выказаў “Народнай Волі” сваё стаўленне да таго, што хакейнае першынство свету адабралі ў Мінска.

Нагадаем, што Міжнародная федэрацыя хакея пазбавіла Беларусь права прыняць у 2021 годзе чэмпіянат свету, які павінен быў прайсці з 21 мая па 6 чэрвеня ў Мінску і Рызе. Такое рашэнне прынята ў сувязі з той сітуацыяй, што склалася ў Беларусі, “у мэтах бяспекі”.

Зараз стала вядома, што ўсе матчы чэмпіянату пройдуць у Рызе. Асноўным месцам правядзення турніру стане “Арэна-Рыга”, дзе будуць праходзіць матчы групы “B”, дзве гульні чвэрцьфінала, паўфіналы і фінал.

Другім месцам, дзе будуць гуляць каманды, стане “Алімпійскі спартыўны цэнтр”, які ператвораць у лядовы палац на 6000 месцаў. Там пройдуць матчы групы “А” і два чвэрцьфіналы.

Як паведаміў дырэктар дэпартамента спорту Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі Эдгарс Северс, на пераабсталяванне Алімпійскага цэнтра ў лядовы палац урад Латвіі дадаткова выдзеліць 3 мільёны еўра. Пры гэтым Северс нагадаў, што ў 2017 годзе Латвія ўзяла на сябе абавязацельства арганізаваць частку першынства ў Рызе, і на гэтыя мэты ўжо пайшло 700 тысяч еўра.

Адзначаецца, што, паводле ацэнак Міжнароднай федэрацыі хакея, агульныя выдаткі на правядзенне турніру складуць прыкладна 14 мільёнаў еўра, з іх 2 мільёны выдзелены на распрацоўку, захаванне і маніторынг пратакола COVID-19.

Дарэчы, не мае абсалютна ніякага значэння, колькі гледачоў могуць змясціць арэны. Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш заявіў, што “гэта будзе чэмпіянат без гледачоў, эпідэміялагічна бяспечны, ён будзе праводзіцца ў “пухіры”, у якім удзельнікі чэмпіянату будуць цалкам ізаляваны ад астатніх”.

“Спартсменаў, абслугоўваючы і тэхнічны персанал, а таксама прадстаўнікоў СМІ будуць тэсціраваць на каранавірус не толькі да прыбыцця ў Латвію, але і пасля, – паведаміў Эдгарс Северс. – Яны будуць пражываць у фармаце ”пухіра”, ім будуць рэгулярна рабіць тэсты, яны будуць перасоўвацца толькі з гасцініцы да канкрэтнага месца правядзення спаборніцтваў і нікуды больш. На вуліцы яны выходзіць не будуць”.

Тым часам былы галоўны трэнер мінскага “Дынама” Марэк Сікора падтрымаў рашэнне ІІХФ пазбавіць Мінск права прымаць чэмпіянат.

“Нярэдка кажуць, што спорт апалітычны, але як гэта можа быць праўдай, калі ў краіне збіваюць, а можа быць, нават забіваюць мірных людзей? – распавёў Сікора ў інтэрв’ю чэшскаму выданню lidovky. – Падчас дэманстрацый былі праявы жорсткасці, што мяне здзівіла. З такім рэжымам раней і я асабіста сустракаўся ў Чэхаславакіі. У Беларусі зараз усё, як было пры камуністах”.

А вось былы прэзідэнт Федэрацыі хакея Латвіі Кіраў Ліпман лічыць, што Латвія не павінна праводзіць гэты чэмпіянат.

– Тое, што ў Рызе пройдзе ўвесь чэмпіянат, на мой погляд, няправільны ход, – кажа спадар Ліпман. – Нельга было браць на сябе такі груз, тым больш у такі перыяд, калі ва ўсім свеце пандэмія каранавіруса. Таму я здзіўлены і абураны, хаця тут, мне падаецца, сыграў сваю ролю фінансавы бок.

– На ваш погляд, Латвіі трэба было адмовіцца ад правядзення першынства?

– Латвіі трэба было маўчаць і ціха рабіць сваю справу – рыхтавацца да правядзення матчаў у сваёй групе. І навошта прэм’ер-міністр умешваецца ў спартыўныя справы?

Калі я быў кіраўніком федэрацыі і ў 2006 годзе арганізоўваў у Рызе чэмпіянат свету па хакеі, то прыйшоў да прэм’ера па дапамогу. Ён мне сказаў так: “Кіраў, ты да мяне больш не прыходзь. Ёсць жаданне – усё арганізоўвай сам”. А зараз, як я бачу, урад актыўна лабіруе гэтае пытанне.

– А як вам той факт, што першынство пройдзе без гледачоў?

– Мы ў добрых адносінах з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем, ён тэлефанаваў мне, каб параіцца па гэтым пытанні. І я яму шчыра сказаў сваё меркаванне: у такі складаны перыяд трэба наогул адмяніць чэмпіянат і не праводзіць яго.

У мінулым жа годзе Швейцарыя адмовілася прымаць першынство, яно нідзе і не праходзіла. І нічога, хакейны свет не абваліўся. Навошта рызыкаваць здароўем хакеістаў? Таму і ў гэтым годзе чэмпіянат можна было адмяніць, дачакацца лепшых часоў. Тым больш што яшчэ і палітыка ўмяшалася. Я Фазелю таксама сказаў: “Калі ты кажаш, што спорт сёння па-за палітыкай, то гэта глупства. Спорт і палітыка – гэта наразрыўныя рэчы”.

– На ваш погляд, ці правільна паступіла Міжнародная федэрацыя хакея, калі забрала ў Мінска чэмпіянат свету?

– Мне вельмі шкада, што ў Беларусі адбываліся такія падзеі, і, калі разглядаць сітуацыю з пункта гледжання бяспекі ўдзельнікаў першынства і гасцей, то рашэнне было прынята правільнае.

Але калі першынство ўжо забралі ў Мінска, то трэба было і ў Рыгі забіраць, перанесці чэмпіянат у нейтральную краіну. Напрыклад, у Славакію ці Данію. Гэта было б аб’ектыўна. А зараз атрымліваецца, што Міжнародная федэрацыя хакея як быццам пралабіравала інтарэсы Латвіі. Многія людзі ўспрымаюць гэта так.

– Арганізатары чэмпіянату не звярталіся да вас па дапамогу? У вас жа ёсць у гэтым плане багаты вопыт…

– Са мной толькі Міжнародная федэрацыя хакея раіцца, а з нашай федэрацыяй і з яе цяперашнім кіраўніцтвам не хачу мець ніякіх зносін. Таму, нават калі б нешта і прапанавалі, я адмовіўся б.

Публікацыя – з № 9 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: