Фота https://www.google.by

Актывіст са Слоніма Алесь Масюк звярнуўся ў мясцовыя райвыканкам і райсавет з просьбай апублікаваць на сайце раённай газеты і райвыканкама спіс дэлегатаў, якія будуць прадстаўляць раён на шостым Усебеларускім народным сходзе. Аказалася, што гэта немагчыма.

Слонімскі раён на шостым Усебеларускім сходзе маюць прадстаўляць 15 чалавек. Масюк прасіў улады, каб яны апублікавалі звесткі аб тым, якімі калектывамі ці арганізацыямі кожны з іх быў вылучаны ў якасці дэлегата.

Атрымаў адразу два адказы: ад старшыні райвыканкама і старшыні райсавета. Старшыня райвыканкама Генадзь Хоміч піша, што “рашэннем Слонімскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2020 г. №187 удзельнікамі шостага Усебеларускага сходу абраны 9 дэпутатаў мясцовых Саветаў ад Слонімскага раёна. Таксама грамадскімі аб’яднаннямі “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, прафсаюзамі на пасяджэннях іх кіруючых органаў рэспубліканскага ўзроўню ўдзельнікамі шостага Усебеларускага сходу абраны 6 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў ад Слонімскага раёна”.

Старшыня райвыканкама дадае, што ў раённай газеце штотыдзень з’яўляюцца інтэрв’ю з абранымі дэлегатамі і кожны жадаючы, маўляў, можа з імі азнаёміцца. Але Масюк сцвярджае, што відэаінтэрв’ю на сайце раённага выдання з’явіліся толькі з пяццю дэлегатамі. “Усё роўна застаецца незразумелым, чаму жыхары раёна не могуць проста пабачыць спіс тых, хто іх будзе прадстаўляць на Усебеларускім сходзе, і даведацца, хто іх вылучаў і хто за іх галасаваў”, – настойвае спадар Алесь.

Магчыма, нейкую яснасць у гэта ўносіць адказ Масюку старшыні Слонімскага раённага Савета Алега Таргонскага. Ён піша: “Улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю, у спіс удзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу, выбраных ад Слонімскага раёна, могуць уносіцца змены, а значыць, ён не з’яўляецца канчатковым. У сувязі з чым лічым яго апублікаванне немэтазгодным”.

Сітуацыя як з футбольнай камандай, калі спіс гульцоў падаюць непасрэдна перад пачаткам матча.

Што тычыцца цікаўных кшталту Масюка, то відавочна, што пра дэлегатаў ад свайго раёна на шосты Усебеларускі сход яны змогуць даведацца ў лепшым выпадку ўжо пасля сходу. Хаця не факт, бо потым гэта наогул можа стаць непатрэбным.

Смехатура дый годзе! Які сход, такі і збор дэлегатаў на яго.

Публікацыя – з № 9 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: