Пётр Садоўскі: Ужо не гарцую, але галава добра працуе
Пётр Садоўскі

2 лютага 80-гадовы юбілей адзначае беларускі мовазнаўца, дыпламат, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Пётр Садоўскі.

“Народная Воля” павіншавала юбіляра з круглай датай…

– Шчыра кажучы, я маю два юбілеі, – кажа Пётр Вікенцьевіч. – Па пашпарце мне сёння 80 гадоў, а па жыцці – ужо 82.

– Як гэта атрымалася?

– Тут цэлая гісторыя, але такіх гісторый шмат. Мой бацька быў партызанам, ён загінуў. Маці – інвалід вайны. І з райсабеса давалі пэўную дапамогу на дзяцей з такіх сем’яў.

Калі нас вазілі на “наружный вид” (так гэта называлася на рускай мове), райсабес звычайна маладзіў дзяцей, каб можна было на год-два даўжэй атрымліваць з дзяржаўнага фонду дапамогу. Гэта быў такі адміністрацыйны эгаізм. Вось і мяне памаладзілі разам з іншымі – запісалі, што нарадзіўся ў 1941 годзе.

Дарэчы, я ўвогуле з’явіўся на свет сямімесячным, таму мне можна і трэці юбілей адзначаць – праз два месяцы.

– Ці шмат віншаванняў атрымалі ў гэты дзень?

– Было некалькі дзясяткаў званкоў па тэлефоне, але ж цяпер ёсць інтэрнэт – і там віншавалі. Нейкіх спецыяльных імпрэз з нагоды юбілею я не ладзіў, бо каранавірус, але з самымі блізкімі сябрамі сустрэліся. Спявалі песні, думалі пра тое, што вясна хутка прыйдзе, што ўсё будзе добра.

– Пётр Вікенцьевіч, а як вы пачуваецеся ў 80 гадоў? Голас у вас вельмі бадзёры!

– Гады ёсць гады, куды ад іх падзенешся… Але, калі меркаваць па тым, што яшчэ пішу нешта задзірыстае, – значыцца, жывы. Як кажуць, не гарцую, але галава добра працуе. І спадзяюся, што пачуваю сябе маладзейшым гадоў на 15–20, чым мне ёсць на самай справе.

Поделиться ссылкой: