Аляксандр Быстрык

Пенсіянер распавёў «Народнай Волі», як яго затрымалі ў мінулыя выхадныя і чаму праводзілі ў доме вобыск.

Аляксандр Быстрык – паважаны ў горадзе чалавек. Былы дырэктар СШ №5 г.Навагрудка, многія яго добра ведаюць. У мінулую нядзелю ён быў затрыманы міліцыянерамі…

– Пачынаючы з жніўня мы, людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, кожную нядзе- лю збіраліся на плошчы Леніна, – кажа Аляксандр Сцяпанавіч. – Праўда, апошнім часам такіх людзей стала значна менш – на гэта паўплывалі і штрафы, і суткі адміністрацыйнага арышту, и надвор’е. Напрыклад, мяне судзілі чатыры разы, агулам далі штрафаў на 110 базавых велічынь. Хтосьці з маіх малодшых сяброў адбываў пакаранне на “сутках” у Дзятлаве, Карэлічах, Лідзе…

Каб не быць пакараным, мы вырашылі выходзіць у нядзелю на вуліцу на законных падставах – ішлі ў мясцовы краязнаўчы музей і аплачвалі там экскурсію па горадзе, у якой і бралі ўдзел. І так рабілі рэгулярна. Праўда, за намі ўпарта ходзяць сілавікі, хаця, думаю, для іх гэта таксама карысна. Хоць будуць ведаць гісторыю роднага горада.

Апошнім часам у нас адбыліся сустрэчы і з мясцовым пракурорам, і са старшынёй райвыканкама Сяргеем Федчанкам. Чыноўнікі нам далі зразумець, што ім надакучылі нашы хаджэнні па вуліцах. У выніку мяне ў мінулую нядзелю затрымалі.

– На якой падставе?

– Я яшчэ нават не дайшоў да месца збору, як да мяне падышлі міліцыянеры і адправілі ў міліцэйскую машыну, а затым адвезлі ў райаддзел. Яны нават не ведалі, куды я іду. “За што затрымалі?” – пытаюся. “Пасля патлумачым”.

Адным словам, каля гадзіны трымалі ў аддзеле, а затым паказалі санкцыю на вобыск майго дома. Маўляў, я фігурую ў нейкім відэароліку, а таму ў межах гэтай справы вобыск і адбудзецца. У выніку дом абшукалі, хаця нічога не забралі. Думаю, што гэта быў такі акт застрашвання, каб больш не ладзілі экскурсіі.

– Больш не будзеце?

– Відаць, збяромся, бо ў мінулую нядзелю экскурсію мы аплацілі, а нам яе сарвалі. І грошы ніхто не вярнуў.

Публікацыя – з № 8 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: