Адзінокі народны паэт і дом у лесе

326
Адзінокі народны паэт і дом у лесе
Якуб Колас

Тое, што створана Якубам Коласам, геніяльным мастаком слова, ведаюць многія, бо ён, народны паэт Беларусі, – хрэстаматыйны. Па яго літаратурнай спадчыне, дзе ўзвышаюцца яскравыя вяршыні нацыянальнага духу – паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», школьнікі пішуць сачыненні, студэнты – дыпломныя працы, аспіранты і навукоўцы – дысертацыі, манаграфіі. А вось пра тое, як жыў, як працаваў, з кім сябраваў, дзе бываў, як пачуваўся народны паэт Беларусі ў пэўных акалічнасцях, ведае абмежаванае кола чытачоў. Між тым існуе эпісталярная спадчына Песняра. І дзякуючы ёй шмат можна ўведаць, як кажуць, з першых вуснаў.

Чытаючы і перачытваючы шматлікія лісты класіка да вядомых людзей, сваякоў, сяброў і землякоў, я не мог не заўважыць, што ён, Якуб Колас, актыўны творца, акадэмік, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, народны дэпутат, словам, чалавек, дужа заняты не толькі творчай, а і грамадскай дзейнасцю, чалавек, які знаходзіўся ў гушчы культурнага і асветнага жыцця, пачуваўся адзінокім. У лісце да П.Ф.Глебкі, датаваным 5 лютага 1940 года, ён злёгку папракае яго, свайго даўнейшага вучня, што той не здагадаўся пазваніць, быццам забыўся, што «ёсць на свеце адзінокі дзядзька Якуб».

Варта сказаць, што ў той час яшчэ жывая была паэтава жонка – Марыя Дзмітрыеўна, якую, кахаючы, шануючы, ён называў «мой самы лепшы ў свеце друг». А калі ёсць такі друг, то, здавалася б, адчуваць сябе адзінокім проста немагчыма. Падкрэслю: здавалася б. Тут жа і дадам: з пазіцыі абывацеля. Бо сапраўдны творца непазбежна адзінокі хоць бы ўжо таму, што часцей за ўсё знаходзіцца сам-насам з пачуццямі і думкамі сваімі. Падумалася: невыпадкова адзін з мноства псеўданімаў нашага знакамітага творцы – К.Адзінокі.

Ды зразумелая адзінота не толькі паэта-генія, а і адзінота паэта-чалавека, асабліва пасля таго, як ён страціў жонку (Марыя Дзмітрыеўна памерла 11 мая 1946 года), і калі ўсё больш пачалі дапякаць яму хваробы. У лісце да П.У.Броўкі 12 чэрвеня 1950 года ён піша: «Я страціў сон, хоць яго ў мяне ніколі і не было. Я ледзь-ледзь поўзаю па зямлі, як той клешч, што напіўся з сабачага вуха». Яму ж, Петрусю Броўку, у лістападзе таго ж года не менш вобразна малюе стан свайго здароўя: «Мае лёгкія – гнілая торба, на якой то там, то сям сяды-тады загараюцца вандроўныя балотныя агні… Спіна мая так зрэзана банкамі, усё роўна як бы мяне ссеклі бізунамі польскія гайдукі».

Якуб Колас усё часцей трапляе ў санаторый «Барвіха», што пад Масквой, і ў “крамлёўку” (крамлёўскую бальніцу), яго скаргі на старасць ды благое здароўе пачашчаюцца. Так, у лісце да Н.І.Загурскай-Паддубнай 23 лютага 1951 года ён прызнаецца: «…зараз я – старычына, пазнаўшы ўсю гарэчу старасці, часта занепадаю, хварэю. З 1946 г. я пачаў хварэць на запаленне лёгкіх. Хварэў разоў 15». А ў сакавіку таго ж года, звяртаючыся да яе ж, Ніны Загурскай-Паддубнай, як бы апраўдваецца: «Я колісь быў здаровы і крэпкі. У мяне быў надзіва моцны арганізм, а вось стаптаўся…» І з уласцівай яму далікатнасцю просіць: «Даруйце, што пішу пра невясёлыя рэчы». У адным з лістоў да П.Ф.Глебкі Колас жаліцца: «Кепска… з нагамі: не хочуць хадзіць». А ў лісце да А.М.Лойка пра стан свайго здароўя піша больш падрабязна: «У нагах звузіліся крывяносныя сасуды, адгэтуль і ногі баляць пры хадзьбе, усё роўна як калёсы на непамазанай восі. Апроч таго, у мяне так званая гіпертанія – павышаны ціск крыві. Прыходзіцца сяды-тады ставіць п’яўкі». «Удивительно тоскливо болеть: так скучно, так одиноко!» – гэта словы, адрасаваныя Сяргею Гарадзецкаму, рускаму паэту, у адным з многіх пісьмаў да яго.

Патрыёт Беларусі, чалавек сардэчны і эмацыйны, Якуб Колас перажываў тугу па родных мясцінах і людзях. Пасылаючы з падмаскоўнай “Барвіхі” 19 студзеня 1951 года ліст да П.Ф.Глебкі, ён прызнаецца ў любові да людзей: «Занудзіўся я па сваіх Петрусях, па Міхалу, Кандрату (гэта значыць, па Глебку, Броўку, па Лынькову і Крапіве. – В.Ж.) і па ўсіх добрых чалавеках, не кажу ўжо аб чалавечыцах».

Вялікі творца і ў эпісталярным жанры, як бачым, застаецца арыгінальны і ў той жа час даступны, зразумелы і заўсёды чалавечны. Пра што б ні апавядаў адметны майстра слова, якую б сур’ёзную праблему ні закранаў, ён пакідаў і месцейка для ўсмешкі. Адзін з лістоў да М.Ц.Лынькова, датаваны 22 лютага 1953 года, пачынаецца так: «Дарагім маім прыяцелям Міхалу і Зосі Лыньковым пісьмо ад старога многапакутнага Якуба».

Смутак па родных мясцінах і людзях падмацоўваецца лячэннем, якое так надакучае! Паэт шчыра дзеліцца сваім пачуццём: «Жывучы ў «Барвісе», я ўспамінаю каралішчавіцкую тундру, і яна мне цяпер мілей за «Барвіху», бо там чалавеку жыць вальней: там няма дактароў. Мне ж тут дактары не даюць спакойна дыхаць». Пасля кароткага апісання санаторных пакутаў прыводзіцца выснова: «Пасля адпачынку ў санаторыі, як відаць, прыйдзецца паехаць у «тундру» адпачыць ад адпачынку».

Што да Каралішчавіцкага лесу, дзе знаходзіўся Дом адпачынку пісьменнікаў, то пра яго класік адзываўся заўсёды ў негатыўным плане, называючы тундрай, дзікім лесам, дзе шмат гадзюк ды камароў. Калі ў адным з пісьмаў ён паведамляў Сяргею Гарадзецкаму, што другі дзень знаходзіцца ў Каралішчавічах, то заўважыў: «Вернее было бы назвать «Комарыщевичи». Больш за тое, у ліпені 1955 года ў пісьме да Я.С.Мазалькова паэт выказаўся катэгарычна: «Место здесь плохое. Пожалуй, худшего не найдешь в Белоруссии».

Тым не менш Якуб Колас даволі часта там бываў – працаваў і адпачываў. У ліпені 1954 года менавіта ў Каралішчавічах была завершана трэцяя кніга палескіх аповесцяў. Ён любіў цішыню і спакой, што і знаходзіў у гэтай мясціне. Яшчэ памянёны лес, дзе пераважаюць яліны, быў багаты на баравікі, а іх народны Пясняр надта любіў збіраць. Адсюль Колас не раз браў накіраванне на возера Нарач, якое дужа яму падабалася. «Изумительно красиво это озеро! Пленительно-красивы его берега: могучие сосны, песчаные пляжи, отмели», – пісаў ён Сяргею Гарадзецкаму 21 ліпеня 1954 года. А крыху раней, 10 ліпеня, у пісьме да таго ж Гарадзецкага як бы скардзіўся: «Отдыха у меня нет. Каждый день засыпают письмами-жалобами – все, кому только не лень».

У вечных клопатах ператамляўся геній. Тут жа, у Каралішчавічах, ён у свае няпоўныя 70 гадоў у пісьме да М.М.Прозаравай не ўтойваў: «Я уж дряхлею. Чувствую всемирный закон тяготения к земле».

Васіль Жуковіч, пісьменнік.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!