Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Фота аўтара.

Суддзя Жлобінскага раённага суда Яўген Ерафееў 1 лютага абвясціў прысуд тром рабочым Беларускага металургічнага завода: слесар Ігар Повараў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі, кіроўца Аляксандр Баброў і рабочы сортапракатнага цэха Яўген Говар – на два з паловай.

Яны прызнаны вінаватымі “ў арганізацыі і правядзенні незаконных групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады” – на падставе ч.1, арт.342 Крымінальнага кодэксу. Дзяржаўны абвінаваўца з пракуратуры Андрэй Аношка прасіў пакараць кожнага трыма гадамі пазбаўлення волі.

Восем гадоў калоніі на траіх – у Жлобіне асуджаны рабочыя БМЗ, якія пачыналі страйк
Ігар Повараў у судзе

Чацвёрты фігурант крымінальнай справы, Павел Магідаў, які заклікаў “ісці ў цэхі” і “перакрываць дарогі”, яшчэ да суда пакінуў межы Беларусі і зараз знаходзіцца ў вышуку.

17 жніўня вышэй згаданыя супрацоўнікі БМЗ разам з іншымі працаўнікамі пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту, яны перакрылі на заводзе дарогу для тэхналагічнага транспарту. На некаторы час былі спынены электрасталеплавільныя печы з прычыны адсутнасці падвозу металалому для іх загрузкі. Паводле інфармацыі спецыялістаў, заводу нанесена шкода ў суме 1088 рублёў, якую абвінавачаныя рабочыя яшчэ да суда кампенсавалі.

За жнівеньскія акцыі пратэсту міліцыя падрыхтавала яшчэ звыш двух дзесяткаў матэрыялаў у дачыненні да працаўнікоў БМЗ. Аднак следства адмовілася ўзбуджаць супраць іх крымінальныя справы. Матэрыялы вярнулі міліцыі для вырашэння пытання аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. І хоць мінула больш двух месяцаў, цягам якіх можна прыцягваць да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, пры канцы снежня Жлобінскі раённы суд пакараў металургаў – каго арыштамі, а каго буйнымі штрафамі.

Прадстаўнік Незалежнага прафсаюза на БМЗ Вадзім Лапцік з гэтай прычыны зазначыў у размове з журналістам “Народнай Волі”, што ўлады хочуць “на корані прыдушыць пратэстныя настроі на прадпрыемстве, адчуўшы згуртаванасць людзей у адстойванні сваіх правоў”.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»