
Галоўны трэнер зборнай Беларусі захварэў на каранавірус і зараз знаходзіцца ў бальніцы.
У жніўні мінулага года Мікалай Казека заняў прынцыповую пазіцыю і выказаўся супраць гвалту і фальсіфікацый падчас выбараў. Трэнера падтрымалі і многія яго выхаванцы, спартсмены з нацыянальнай каманды.
У верасні Мікалая Іванавіча пазбавілі імянной стыпендыі, у лістападзе яго не ўзялі на выязны збор нацыянальнай каманды па фрыстайле ў Фінляндыю.
Пасля гэтага спартсмены напісалі ліст міністру спорту Сяргею Кавальчуку, у якім падтрымалі настаўніка. Фрыстайлісты адзначылі, што апошнія падзеі вакол каманды негатыўна адбіваюцца на атмасферы ў зборнай. Сярод гэтых падзей акрамя неўключэння трэнера ў выязны склад на збор адзначалася таксама сітуацыя з чэмпіёнкай свету Аляксандрай Раманоўскай, адмена выплат па стыпендыі Мікалаю Казеку, а таксама памяншэнне выплат усім стыпендыятам каманды.
Дарэчы, на этапе Кубка свету ў Фінляндыі беларускія спартсмены не заваявалі ніводнага медаля.
– Зараз знаходжуся ў бальніцы, – распавёў Мікалай Іванавіч “Народнай Волі”. – Напрыканцы мінулага тыдня адчуў сябе вельмі дрэнна: слабасць, тэмпература, былі іншыя сімптомы, якія ўказвалі, што захварэў на каранавірус.
Пяць дзён быў дома, думаў, што сам ачомаюся, але станавілася ўсё горш, а таму давялося выклікаць “хуткую”. Прыехалі медыкі, зрабілі тэст, які і паказаў станоўчы вынік. Праўда, на выхадных у бальніцу не трапіў, а таму адправіўся туды на пачатку гэтага тыдня. Зараз робяць кропельніцы, даюць нейкія прэпараты.
– Як сябе адчуваеце?
– Лепш, чым раней, хаця пакуль не чытаю, не гляджу тэлевізар. Крыху не да гэтага.
– Апошнім часам вы з камандай не працавалі?
– Так, мяне ж адлучылі ад каманды па вядомых прычынах. Але ж усё роўна лічуся галоўным трэнерам, хаджу на працу. А з камандай зараз працуюць мае вучні і калегі.
– Як вам выступленне беларусаў на першых этапах?
– Скажам так: неадназначнае. Хаця, каб нешта аналізаваць, трэба знаходзіцца ў зборнай побач са спартсменамі, а не на адлегласці.
– Вы будзеце яшчэ працаваць са зборнай?
– Давайце не будзем бегчы наперадзе каня. Найперш трэба са здароўем разабрацца.
Публікацыя – з № 7 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.
Поделиться ссылкой:
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!