«Паша не здасца ні пры якіх абставінах…»

Маці палітвязня Паўла Севярынца распавяла «Народнай Волі» пра тое, як пад рэпрэсіі трапіў не толькі сын, але і яго блізкія.

Паша не здасца
Татьяна Северинец

Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня мінулага года. Яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, затым адбылося некалькі судоў, якія дадавалі палітыку ўсё новыя суткі адміністрацыйнага арышту. Севярынец павінен быў выйсці на волю 21 жніўня, але напярэдадні стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.

Палітык абвінавачваецца паводле артыкула “Арганізацыя масавых беспарадкаў”. 24 снежня стала вядома, што Паўлу Севярынцу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 20 лютага 2021 года.

Тым часам пад рэпрэсіі патрапілі і блізкія Паўла…

Пачынаючы з зімы мінулага года, калі праходзілі пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, мне неаднойчы выпісвалі штрафы, кажа Таццяна Яўгенаўна СЕВЯРЫНЕЦ, маці палітвязня. – Дакладна не падлічвала, але недзе каля 3000 рублёў прысудзілі заплаціць.

Пасля выбараў таксама, здаецца, тры разы штрафавалі. Даходзіла да абсурду. 30 жніўня я і мой муж разам з блогеркай Аленай Янушкоўскай з лоджыі сваёй кватэры віталі бел-чырвона-белым сцягам калону ўдзельнікаў акцыі салідарнасці. У выніку мяне аштрафавалі на 675 рублёў за “пікет на лоджыі”.

А не так даўно спрабавалі судзіць яшчэ па адной абсурднай справе. 13 студзеня ў Віцебску мы пайшлі з сяброўкамі ў лес на шпацыр, дзе нас міліцыя і затрымала. Праўда, суд не знайшоў у маіх дзеянняў складу злачынства.

– Вы абскарджвалі судовыя рашэнні?

– Калі давалі штраф, то абскарджвала абсалютна кожнае рашэнне. Абскардзіла нават затрыманне ў лесе, бо трымаць у міліцыі восем гадзін жанчын сталага веку без ежы – гэта проста здзек.

А зараз напісала ў міліцыю заяву, у якой прашу дазволіць дзесяцярым пенсіянеркам прагулку ў лесе 7 лютага. Удакладніла, што гуляць будзем са скандынаўскімі палкамі ў руках на працягу дзвюх гадзін. Адказ яшчэ не атрымала.

– Вы столькі гадоў адпрацавалі педагогам… Па школе не сумуеце?

– Шчыра кажучы, я ўжо забыла, што гэта такое, хаця ў сённяшняй школе наўрад ці змагла б працаваць. І так мяне цярпелі, бо газеты пад прымусам я не выпісвала, бараніла дзяцей, калі бачыла, што на іх ідзе незаслужаны ціск.

Я ніколі ні на кога не азіралася. І мяне ўсё роўна выкінулі б са школы, бо я не гэтай сістэмы чалавек. Ганну ж, сястру Паўла, таксама вымусілі звольніцца са школы. Маўляў, настаўнік не мае права крытыкаваць уладу.

– Ці піша вам Павел?

– Піша, хаця ведаю, што мае лісты не ўсе даходзяць да яго. Я не стрымліваю сябе ў эмоцыях і не азіраюся на цэнзараў, а таму, мабыць, рызыкую, што сынок не атрымае нейкі ліст. Хаця ён, безумоўна, разумее, што я яму пастаянна пішу. І ён нам піша, бо ведае, што мы чакаем вестак ад яго.

Паведаміў, што шмат чытае, шмат нам задае пытанняў і нават дае некаторыя заданні, што трэба зрабіць. Паша заўсёды быў чалавекам справы, і ён не здасца ні пры якіх абставінах. І, зразумела, падтрымлівае нас.

Поделиться ссылкой: