Кар’ерны рост Кірыла Казакова: ад «Зоны Х» да СТБ

296
Кар’ерны рост Кірыла Казакова: ад «Зоны Х» да СТБ
Фота: з NN.by

Генеральным дырэктарам канала СТБ Аляксандр Лукашэнка прызначыў Кірыла Казакова. Яго добра памятаюць гледачы БТ пачатку двухтысячных — малады Казакоў вёў самую папулярную праграму беларускай вытворчасці: «Зона Х». Дыктар зачытваў крымінальную хроніку з аператыўных зводак пад адпаведны відэашэраг, распавядае «Наша Ніва».

Кірылу Казакову зараз 41 год. У сталіцу Казакоў прыехаў пасля вучобы на магілёўскім гістфаку: там быў факультэт дадатковых прафесій, дзе Казакову па сумяшчальніцтве выкладалі яшчэ і журналістыку.

На пачатку двухтысячных Казакоў вёў праграму на БТ «Зона Х». Тады ж Казакоў вельмі зблізіўся з работнікамі сілавых органаў, пачаў захапляцца іх асабістымі якасцямі.

«Я вельмі паважаю нашага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава — у жыцці гэта вельмі добры і адкрыты чалавек. А ведаеце, што міністр надзвычайных спраў Валерый Астапаў піша вершы? Цяпер я шчыльна працую з КДБ і пра гэтых людзей магу сказаць, у прынцыпе, тое ж самае», — казаў Казакоў «СБ» у 2003-м.

Пасля зорнага часу ў «Зоне Х» Казакоў на год узначаліў канал «Беларусь-24», затым вярнуўся ў Агенцтва тэленавін (АТН) і кіраваў ім, але чамусьці яго адтуль адсунулі і адправілі фактычна у высылку на СТБ. “У плане іерархіі і і колькасці людзей у падпарадкаванні гэта было паніжэнне”, — кажуць тыя, хто знаёмы з прафесійным шляхам Казакова.

Супрацоўнікі ацэньваюць фігуру Казакова з двух палярных бакоў.

Як да менеджара да яго не ўзнікае пытанняў: ен умее працаваць з калектывам, хутка наладжвае дысцыпліну і механіку працэсаў.

Партрэт Казакова быў бы ледзь не суцэльна белым, калі б не падзеі 2020-га, калі СТБ стаў авангардам бруду і паклёпаў.

«СТБ не грэбуе нічым, выдае ў эфір самы бруд, самую чарнуха, самыя агідныя тэксты. Пры Казакове СТБ стаў №1 па паклёпе, маё перакананне — гэты перыяд у дзейнасці канала ў будучыні будзе ацэнены з пазіцый крымінальнага кодэкса», — кажа «Нашай Ніве» адзін са звольненых супрацоўнікаў.

Сапраўды: Азаронак, Арцюх, Пуставы, Мукавозчык — усе гэтыя людзі са сваімі дзікімі тэкстамі з’явіліся ў эфіры пры Казакове.

«Ён лічыць гэта «аўтарскай журналістыкай» і ў нейкай ступені ганарыцца, што даў дарогу такім кадрам, маўляў, так канал становіцца пазнавальным па асобах», — кажа цяперашні супрацоўнік СТБ.

Адметна, што Казакоў прабіўся на кіруючую пасаду, не маючы цёплых адносін з Наталляй Эйсмант.

Прызначаючы яго на пасаду, Лукашэнка сказаў: «Так выйшла, што я асабіста ўбачыў вас у справе. Канал вельмі падцягнуўся. Я, напрыклад, ужо амаль не бачу розніцы між СТБ і, як у нас прынята казаць, вядучымі каналамі».

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!