У Лідзе з ІЧУ адпусцілі журналіста

З ізалятара часовага ўтрымання ў Лідзе адпусцілі журналіста Юрыя Дзяшука. Ён застаецца падазраваным па крымінальнай справе аб злосным хуліганстве (ч.2 арт.339 КК).

136
У Лідзе з ІЧУ адпусцілі журналіста
Юрый Дзяшук

Затрыманне Дзяшука было звязана з падзеямі 18 студзеня, калі ў будынку Лідскага раённага суда быў вынесены прысуд актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку. Людзі, якія знаходзіліся ў той момант у судзе галосна крычалі ўслед суддзі: “Ганьба!” і “Жыве Беларусь!”, “Верым, можам, пераможам!”

Па гэтаму факту і была ўзбуджана крымінальная справа. Праз дзень былі затрыманыя 8 чалавек. Пяцёх адпусцілі адразу, на траіх склалі пратаколы. Дзяшука затрымалі на трое сутак.

Хаця на відэа, якое было змешчана ў сацыяльных сетках, дакладна відаць, што Юрый Дзяшук падчас таго, як іншыя скандавалі, быў заняты выключна журналісцкай працай – ён увесь час здымаў гэтыя падзеі на тэлефон.

“Народнай Волі” Дзяшук распавёў, што ў ізалятары яго пратрымалі трое сутак і ў суботу 23-га выпусцілі. Яго апытаў следчы.

“Я распавёў яму з храналагічнай дакладнасцю аб тых падзеях, – кажа Дзяшук. – Ну і да ўсяго на відэа выразна відаць, што я нічога не крычаў, а здымаў гэтыя падзеі на тэлефон”.

З ізалятара яго выпусцілі ў статусе падазраванага. Зараз вядуцца следчыя дзеянні. Падпіску аб нявыездзе следчы ў яго не браў, але папярэдзіў, што яго яшчэ могуць выклікаць для дачы паказанняў.

Пра ўмовы ўтрымання Юрый гаворыць неахвотна: сядзеў у камеры з крымінальнымі злачынцамі і наагул характэрызуе час праведзены там, як складаны.

“Асабліва першыя гадзіны было няпроста, – згадвае Дзяшук. – Такая невядомасць ва ўсім: што далей будзе, наколькі затрымалі. Гэта ўсё ж крымінальная справа, а не адміністрацыйная, калі садзяць і ты ведаеш, калі выйдзеш дакладна”.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца дзевяць журналістаў: карэспандэнткі тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, партала tut.by Кацярына Барысевіч, заснавальніца “Прэс-клуба Беларусь” Юлія Слуцкая, супрацоўнікі гэтай арганізацыі Ала Шарко, Пётр Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, якая мела дачыненне да „Прэс-клуба”, Ксенія Луцкіна, а таксама медыяменеджар Андрэй Аляксандраў.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!