“Пацярпелыя” ў гучнай справе пра беспарадкі з “кактэйлем Молатава” – не пацярпелі

2450
Абвінавачаныя ў гвалце - Леанід Кавалёў, Мікіта Залатароў, Дзмітрый Карнееў. Фота аўтара.

У Чыгуначным судзе Гомеля скончаны допыт абвінавачаных і пацярпелых у гучнай справе пра масавыя беспарадкі і гвалт над міліцыянтамі з выкарыстаннем “кактэйля Молатава”.

“Тата, няхай адвакат напіша скаргу”…

Шаснаццацігадовы Мікіта Залатароў, адзін з трох падсудных, адмовіўся даваць паказанні, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе. Аднак перад пачаткам судовага непаўнагадовы абвінавачаны заявіў, што яго збілі ў СІЗА. З “клеткі” хлопец наўпрост звярнуўся да прысутнага ў судовай зале бацькі: “Тата, няхай адвакат напіша скаргу. 29 снежня супрацоўнікі СІЗА збілі мяне з прымяненнем электрашокера. Хацеў паскардзіцца аператыўнаму супрацоўніку, але гэта бессэнсоўна”.

"Пацярпелыя" ў гучнай справе пра беспарадкі з "кактэйлем Молатава" – не пацярпелі
Шаснаццацігадовы Мікіта Залатароў. Фота аўтара

Мікіта казаў таксама, што піша лісты людзям, але яны не даходзяць, пэўна, з тае прычыны, што іх не адпраўляюць. Хлопец не вучыцца, хоць сёлета мусіў хадзіць у дзевяты клас. Ён пакутуе на эпілепсію. Бацькі сцвярджаюць, што ў СІЗА сын не атрымлівае ў поўнай меры патрэбных лекаў.

Міліцыя затрымала Мікіту 11 жніўня мінулага года дома, калі бацькоў не было. Быў толькі старэйшы брат. Вывелі непаўнагадовага хлопца ў адных майтках. Суседзі абурыліся, сарамацілі міліцыянтаў. І толькі пасля гэтага хлопцу дазволілі адзецца.

“Мікіту забралі раніцай, а вечарам ён апынуўся ў рэанімацыі абласной дзіцячай бальніцы на вуліцы Жаркоўскага”, – распавядаў у жніўні Міхаіл Лапуноў, бацька Мікіты.

Міхаіл стаў стукацца-грукацца ў раённыя аддзелы міліцыі, каб высветліць, за што забралі сына і чаму ён апынуўся ў рэанімацыі, бо ў бальніцу яго не пусцілі. Тлумачыў адначасова, што ў хлопца сур’ёзнае невралагічнае захворванне. Мікіту тым часам з бальніцы завезлі ў ізалятар.

Па крупіцах бацька высветліў, што сыну інкрымінуюць злоснае хуліганства – у яго нібыта была бутэлька з гаручай смессю і ён кідаў яе ў міліцыянтаў.

Такому абвінавачванню бацька веры не даваў – лічыў, што за гэтымі прэтэнзіямі сілавікі хаваюць гвалт над непаўнагадовым хворым сынам. Пра збіццё Мікіты казаў і яго брат Улад, якога таксама міліцыя затрымлівала.

Бацька нават напісаў ліст ва ўпраўленне СК аб тым, што пасля затрымання сына збілі і ён апынуўся ў рэанімацыі дзіцячай бальніцы – патрабаваў распачаць крымінальную справу супраць гвалтаўнікоў.

“Крымінальную справу хацелі распачаць супраць мяне за паклёп – маўляў, медыкі не выявілі ў сына цялесных пашкоджанняў. З ГАСК мне напісалі, што крымінальная справа па маёй заяве не распачыналася, бо няма складу злачынства”, – расказвае Міхаіл Рыгоравіч.

Непаўнагадовага Мікіту, як і двух іншых падсудных, вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч.2, арт 293), незаконным набыцці, захаванні і нашэнні прадметаў, паражаючае ўздзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт.364), гвалце і пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт.364 КК). Хлопец, аднак, не прызнаў абвінавачванняў цалкам.

Па версіі следства, Мікіта, узяўшы ўдзел у масавых беспарадках 10 жніўня, кінуў бутэльку з сумессю бензіна і мінеральнага масла ў міліцыянераў – “кактэйль Молатава”. Бутэлька разбілася, але не ўзарвалася. Да шкляной бутэлькі быў прымацаваны ліпкай лентаю бенгальскі агонь у якасці запала, але ён не быў запалены. Гэта апісваецца следствам як збройны супраціў прадстаўнікам улады, якімі з’яўляюцца міліцыянеры, і гвалт над імі.

Другі “кактэйль” Мікіта нібыта павез з сабою і выкінуў непадалёку ад дома ў сметніцу, але знайсці яго следчым не ўдалося.

Хто кідаў “кактэйль”?

У такім жа збройным супраціве і гвалце з пагрозамі жыццю міліцыянерам абвінавачваюцца і два іншыя фігуранты крымінальнай справы – Леанід Кавалёў і Дзмітрый Карнееў. Пры гэтым Кавалёў цалкам адмаўляе віну, а Карнееў на судзе прызнае яе часткова.

“Трымаў бутэльку з-пад дарагога марачнага віна, яна была закаркавана і з бенгальскім агнём. Кінуў, не запальваючы, на асфальт, каб адцягнуць увагу і ўцячы ад міліцыянераў, якія на праспекце Леніна выскачылі з міліцэйскай “Газелі” і пагналіся за намі”, – казаў на судзе Дзмітрый.

Карнееў – 25-гадовы жыхар Добруша, пяць разоў судзімы. На допыце ў судзе Дзмітрый распавядаў, што працаваў да арышту ў Расіі ў будаўнічай фірме начальнікам участка. У жніўні быў на адпачынку. Прыехаў у Гомель 10 жніўня, каб даведацца, што тут адбываецца, бо “інтэрнэт у Добрушы не працаваў” і “тэлеканал НТВ нічога не паказваў”.

З вакзала пайшоў на плошчу Перамогі, адтуль амапаўцы “выціснулі” пратэстоўцаў. Апынуўся каля цырка, але там таксама “амапаўцы са шчытамі выпхнулі людзей з вуліцы Савецкай у бок плошчы Леніна”. Дайшоў з гараджанамі да плошчы, але і там пачаўся разгон.

На прыпынку грамадскага транспарта “Камінтэрн”, дзе апынуўся Дзмітрый, да яго падышоў Мікіта Залатароў – прасіў прыкурыць і заадно пытаўся, што адбываецца – горад гудзе: у розных месцах узнікаюць мітынгі, шэсці, міліцыя ў чорнай спецамуніцыі з дубінкамі і шчытамі хапае і разганяе людзей, паўсюдна сігналяць аўтамашыны.

Неўзабаве да Дзмітрыя і Мікіты далучыўся Леанід Кавалёў. Тое адбылося на праспекце Леніна каля кавярні “Ферма”. У Леаніда быў нумар тэлефона Мікіты – праз апошняга ён шукаў свайго пляменніка, які не меў мабільніка.

Дзмітрый Карнееў казаў на судзе, што ўсе яны зайшлі ў адзін з двароў на левым баку праспекта Леніна, калі рухацца ў бок вакзала.

Сядзелі ў альтанцы, курылі. Двор гэты следствам не ўстаноўлены. Ленід нібыта ненадоўга адлучыўся і прынес у цёмным пакеце два “кактэйлі Молатава” – адзін даў Дзмітрыю, другі – Мікіту. Прапанаваў ім кінуць “кактэйлі”, каб ён мог зняць эфектнае відэа для сайта “ЧП Гомель”, дзе з’яўляецца адміністратарам. Абмяркоўваўся нібыта варыянт падпалу аўтазака, машыны ДАІ і нават аўтобуса, але, паводле слоў Карнеева, ён пагадзіўся кінуць кактэйль у бязлюдным месцы на асфальт ці сцяну дома, каб “нікому не нашкодзіць і не папсаваць нічыёй маёмасці”. Некаторую неадпаведнасць сваіх першапачатковых паказанняў і адказаў у судзе Карнееў тлумачыў тым, што аператыўнікі палохалі яго “прэс-хатай” і “змяшчэннем у камеру, дзе сядзяць арыштаваныя з нізкім сацыяльным статусам”.

На пытанне аднаго з адвакатаў, колькі часу мінула з моманту атрымання “кактэйля Молатава” і кідання яго ў бок бягучых міліцыянераў, Дзмітрый Карнееў адказаў, што прайшло гадзіны паўтары, а потым паправіўся: хвілінаў сорак.

“Чаму не выкінуў бутэльку з “кактэйлем” хоць бы ў сметніцу”? – было наступнае пытанне.

“Баяўся, што Кавалёў “здасць” мяне і Мікіту міліцыі”, – адказваў Дзмітрый.

“Народны журналіст” – не журналіст

У сваю чаргу Леанід Кавалёў адмаўляе падобныя сцвярджэнні. Падчас судовага допыту Кавалёў заявіў, што ён ніякіх “кактэйляў Молатава” не рыхтаваў і нічога нікому не перадаваў. Паехаў 10 жніўня ў цэнтр горада з пляменнікам паглядзець, што адбываецца. Леанід – бацька траіх малых дзяцей, працаваў таксоўшчыкам, а яшчэ з’яўляўся адным з трох адміністратараў пабліка “ЧП Гомель”, рэдагаваў і ставіў на сайт матэрыялы пра дарожныя здарэнні. Казаў на судзе, што меўся як “народны журналіст” запісаць пры нагодзе і падзеі ў цэнтры горада.

На плошчы Леніна апамапаўцы разганялі людзей, якія пратэставалі супраць несправядлівых выбараў. Многія разбегліся. Пляменнік згубіўся. Сам Леанід уцёк з плошчы на праспект Леніна, на прыпынак “вуліца Сялянская”. Патэлефанаваў Залатарову, каб спытаць, дзе пляменнік.

Непаўнагадовы Мікіта ў гэты час акурат быў на працілеглым баку праспекта, каля кафе “Ферма”.

Леанід, паводле яго слоў, таксама перайшоў на другі бок праспекта і там упершыню ўбачыў, што з Мікітам знаходзіцца і Дзмітрый. Яны штосьці трымалі пад вопраткай, а што – Кавалёў не ведаў і не пытаўся.

На бліжэйшым прыпынку грамадскага транспарта “Камінтэрн”, куды ўцякалі гараджане з плошчы, пляменніка не было. Кавалёў рушыў за Дзмітрыем і Мікітам у бок вакзала, каб позна ўвечары змяніць напарніка на таксоўцы. Ідучы за імі, чуў, як тыя дамаўляліся кінуць штосьці ці то ў аўтазак, ці то ў аўтобус. Леанід стаў іх адгаворваць ад “кідання” хоць чаго, асабліва ў аўтобус, прызнаўся нават, што ён адміністратар пабліка “ЧП Гомель” і, калі яны будуць рабіць штосьці супрацьпраўнае, запіша гэта на тэлефон, вылажыць на сайт і нават перадасць следчым.

На праспекце у той жнівеньскі вечар было шмат людзей – шпацыравалі вялікімі і маленькімі групамі. Каля прывакзальнай плошчы, бачачы, што набліжаюцца міліцэйская “Газель” з аўтазакам, “тройка” перабегла на працілеглы бок праспекта, дзе можна было ямчэй схавацца ў дварах ад “хапуна”.

“Я бег і не зразумеў, што было”

Пацярпелыя па крымінальнай справе – намеснік камандзіра ўзвода Аляксей Канаваленка з часці 5525 войск унутранай службы і тэхнік-кантрактнік Яўген Карабанькоў, дапытаныя ў судзе, патлумачылі, што ўвечары 10 жніўня знаходзіўся на службе “па загаду начальніка УУС у групе хуткага рэагавання”.

"Пацярпелыя" ў гучнай справе пра беспарадкі з "кактэйлем Молатава" – не пацярпелі
Пацярпелыя кантрактнікі Яўген Карабанькоў і Аляксей Канаваленка. Фота аўтара.

“Паступіла каманда “отработать” праспект Леніна ў бок вакзала. Заўважылі людзей, якія перабягалі дарогу. Былі арыенціроўкі звяртаць увагу на тых, у каго капюшон, заплечнік. У дваровым завулку была не толькі “тройка”, там было больш людзей, яны стаялі крыху далей. Я выскачыў першы з машыны, за мною ўсе астатнія. Да падсудных было метраў 50-60. Паляцела бутэлька ў мяне. Я нават не надаў спачатку ўвагі. Бачыў, што хтосьці замахнуўся, штосьці паляцела. Камень не камень, я не бачыў. Упала бутэлька недзе каля метра ад мяне. Я бег і не зразумеў, што было”, – расказваў на судзе Карабанькоў.

Паводле міліцыянера, людзі з пляцоўкі паміж дамамі пачалі разбягацца.

“Я бег, хутчэй за ўсё, за Карнеевым і Залатаровым, яны нізкарослыя. Хтосьці з іх быў у светлай футбольцы, хтосьці ў цёмнай. У экіпіроўцы дагнаць не змог. Вяртаўся назад і каля дома ў ценю (там пад’езд ці яшчэ што) заўважыў Кавалёва. Падышоў да яго, ён адразу: “Трэба было тых даганяць – у іх бутэлькі з “кактэйлем Молатава”, яны кідалі”. Я запытаўся: “А ты што тут робіш?”. Ён адказаў, што “народны журналіст” ці штосьці такое. Кажу: “Пакажы пасведчанне журналіста”. Нічога ён не паказаў, стаў тлумачыць, што ён адміністратар “ЧП Гомель”. Я павёў яго да аўтазака. Здаецца, у яго была сумка, даглядалі яго рэчы на наяўнасць колючых і рэжучых прадметаў і затрымалі”, – дапаўняў тэхнік-кантрактнік Карабанькоў.

Дзяржабвінаваўца з пракуратуры Яўген Фартушняк папрасіў пацярпелага тэхніка расказаць пра пятно ад разбітай бутэлькі. І невыпадкова. Абвінавачаны Карнееў падчас допыту выказаў сумнеў, што ў матэрыялах справы зафіксавана менавіта пятно ад разбітай бутэлькі, а не ад раней стаяўшай на пляцоўцы машыны, з якой выцекла нейкая тэхнічная вадкасць – пятно досыць вялікае і нібыта нават не ў тым месцы, дзе разбілася бутэлька.

“Калі вярталіся назад да машыны, то паглядзелі: пятно было ўнушальных памераў, не малое. Далажылі па лініі дзяжурнай службы, што быў “кактэйль Молатава”, – сказаў Карабанькоў.

Адвакатка запыталася, у чым выявілася пагроза яго жыццю і здароўю ад кінутай бутэлькі?

“Я выконваў службова-баявыя задачы… Калі б яна гарэла, то пагроза была б значнай”, – адказаў Карабанькоў

“Калі б гарэла, так. А ў канктэтнай сітуацыі?” – цікавілася адвакатка.

“Ну я не ведаю. Усё залежыць ад канкрэтных умоваў, якія маглі б здарыцца, калі б гэта бутэлька ляцела вышэй на паўметра або я бег хутчэй ці не дабег, пакаўзнуўся, упаў”, – быў адказ.

“Гэта разважанні вашы… А ў той момант вы не паспелі спалохацца, правільна разумею?”.

“Так”.

Карабанькоў таксама паведаміў суду, што як пацярпелы не мае прэтэнзій матэрыяльнага плана. Пра гэта казаў і другі пацярпелы – намеснік камандзіра ўзвода Аляксей Канаваленка. Яны разам у той жнівеньскі вечар “выконвалі задачы па перайманні масавых беспарадкаў”. Выскачылі па камандзе Токарава з “Газелі”, калі тая яшчэ поўнасцю не спынілася. Усе гараджане, што былі на пляцоўцы паміж дамамі, сталі разбягацца.

Канаваленка казаў, што дагнаў Карабанькова, убачыў перад сабой, як упала і разбілася бутэлька. Ён таксама сцвярджаў, адказваючы на пытанні абаронцаў, што не спалохаўся і не спыніўся. Пятно хоць і бачыў ад разбітай бутэлькі, але пра аскепкі шкла на ім нічога сказаць не можа. Быў пах бензіну.

Суддзя Дзмітрый Дэбой задаў удакладняючае пытанне: ці адпавядае месца падзеня бутэлькі таму, якое аглядалі?

“Плюс-мінус, так”, – адказаў Канаваленка.

“Як гэта – плюс-мінус?” – здзівіўся суддзя.

“Так, адпавядае” – паправіўся пацярпелы намкамузвода.

Адвакат Залатарова запытаўся ў міліцыянера, ці былі ў яго на абмундзіраванні альбо абутку хоць якія сляды бензіна?

“Не было”, – сказаў Канаваленка.

На будучым тыдні суд заслухае сведкаў інцыдэнта з “кактэйлем Молатава”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!