Но вось і ўсё – як і прагназавалася, чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў гэтым годзе не будзе. Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель, безумоўна, круціўся як уюн на патэльні, каб адстаяць для беларускай сталіцы права на правядзенне першынства, але не атрымалася.

Па-першае, многія нацыянальныя федэрацыі (напрыклад, Швецыі, Фінляндыі, Чэхіі, Латвіі) занялі прынцыповую пазіцыю. Па-другое, такія сусветна вядомыя кампаніі, як Nivea, Škoda, Ligui Moly наогул адмовіліся спансіраваць першынство, калі яно пройдзе ў Мінску, і гэта быў вельмі моцны ўдар анучай па твары не толькі Фазелю, але і яго беларускім сябрам, якія абяцалі швейцарцу “новую Канстытуцыю і новыя выбары”.

І, божа, што тут пачалося! Як па нябожчыку пачалі скуголіць айчынныя і нават расійскія прапагандысты, з нагоды адмены першынства сталі выказвацца і тыя, хто мае да хакея пэўнае дачыненне, і тыя, хто разбіраецца ў ім, як свіння ў апельсінах. Але ж кожны палічыў неабходным уставіць, як кажуць, свае пяць капеек.

Напрыклад, намеснік старшыні праўладнай арганізацыі “Белая Русь” Аляксандр Шацько на сайце “Еўразія Эксперт” дагаварыўся да таго, што выступіў з ініцыятывай правядзення альтэрнатыўных спаборніцтваў на еўразійскай (!) прасторы.

“Я лічу, што даўно пара гэта зрабіць – арганізаваць сваё, таму што Алімпіяда і чэмпіянаты свету даўно сталі палітычнымі момантамі, заявіў Шацько. Калі з гэтымі допінгамі незразумела, што і як, – адным можна, іншым нельга, – то і напляваць. У прынцыпе, еўразійская супольнасць па колькасці людзей велізарная, і мы цалкам можам арганізаваць свае чэмпіянаты і запрасіць сюды краіны, з якімі сябруем. Гэта было б добрым варыянтам”.

Больш глыбока пачаў капаць яшчэ адзін праўладны “эксперт” і “палітолаг” Пётр Пятроўскі, які ўжо знайшоў для сябе правільнае рашэнне: “Добрым выхадам з сітуацыі была б арганізацыя ў Мінску ў 2021 годзе альтэрнатыўнага чэмпіянату свету па хакеі, які прайшоў бы паралельна з тым, што скралі. Расія і Казахстан маглі б у знак салідарнасці паўдзельнічаць. Таксама Беларусі варта было б яшчэ запрасіць да ўдзелу ў першынстве каманды Кыргызстана і Арменіі, Сербіі, а таксама краін, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва”.

Тут, як кажуць, без каментарыяў. Бачна, што фантазіі настолькі захапілі мужчын, што яны ўжо далёка і ад нас, і ад рэальнасці.

Больш эмацыйна пракаментаваў перанос чэмпіянату Дзмітрый Баскаў – старшыня Федэрацыі хакея Беларусі і вялікі аматар дэманстраваць балельшчыкам, як ён п’е з горла гарэлку “Прэзідэнт”. Здаецца, Баскаву лепш было б ціхенька прамаўчаць, бо адносна яго Міжнародная федэрацыя хакея яшчэ праводзіць расследаванне. Нагадаем, што чалавек, падобны на Дзмітрыя Баскава, знаходзіўся на “Плошчы Перамен” падчас канфлікту, пасля якога Раман Бандарэнка быў дастаўлены ў бальніцу, а пазней памёр ад атрыманых траўмаў.

Але як жа Баскаў вытрымае, каб не выкрыць “ворагаў” беларускага народа ў цэлым і беларускіх балельшчыкаў у прыватнасці!

“Хачу персанальна звярнуцца да прадстаўнікоў так званага Фонду салідарнасці спартсменаў, – заявіў хакейны функцыянер. – Асабліва да былых прафесійных спартсменаў. Сёння вы святкуеце перамогу, адабраўшы ў беларускага народа сапраўднае свята. Пасля гэтага вы не можаце называцца беларусамі! Вы здраднікі!

Вы забралі чэмпіянат свету ў першую чаргу ў тысячы дзяцей, якія займаюцца хакеем. Гэтыя 17 дзён, на працягу якіх доўжыцца чэмпіянат свету, маглі б прыцягнуць у нашу краіну не толькі сусветных хакейных зорак, сапраўдных куміраў мільёнаў хлопчыкаў па ўсім свеце, на якіх раўнялася б новае пакаленне хакеістаў, але і дзясяткі тысяч замежных балельшчыкаў і сотні прадстаўнікоў СМІ, якія маглі б на ўласным вопыце пераканацца ў неверагоднай прыгажосці Беларусі, гасціннасці нашага народа і ўзроўні бяспекі ў нашай краіне”.

Напрыканцы Баскаў яшчэ пашкадаваў, што, “на жаль, працэдура, прадугледжаная Міжнароднай федэрацыяй хакея, не прадугледжвае магчымасці апеляцыі”.

Вось калі яны пра дзяцей і закон успомнілі! Забіты Раман Бандарэнка таксама быў чымсьці дзіцём, і ў яго ёсць маці, якой сёння застаецца не на хакей хадзіць, а на магілу сына. Няма ў Баскава жадання пагаварыць з ёй?

Дарэчы, кіраўнік Федэрацыі хакея хітруе, калі кажа, што чэмпіянат свету па хакеі ў беларускага народа “адабралі здраднікі”. Менавіта Баскаў ды тыя, хто ўчыніў ў краіне гвалт пасля так званых выбараў, і зрабілі ўсё магчымае, каб першынство свету ў Беларусі не прайшло. Як кажуць: “Прыплылі!”

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!