Гэта ніякі не дыялог, а звычайная фармальшчына

Уладзімір БЕЛАЗОР, старшыня Рэспубліканскай партыі:

– Нас ніхто не запрашаў. Таму ў нас дыскусійная пляцоўка – унутры партыі. Мы абмяркоўваем самыя вострыя і важныя пытанні. Калі наш голас хочуць пачуць – калі ласка, мы гатовы да любых дыскусій, нам ёсць што сказаць і пра сённяшняе становішча ў краіне, і пра змены ў Канстытуцыю.

Андрэй БАСТУНЕЦ, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

Ніхто, ніколі і ні разу.

Сяргей КАЛЯКІН, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»:

– Так, нашых сябраў у рэгіёнах запрашалі. Але гэта размова ні аб чым. На гэтых сустрэчах няма зразумелага парадку дня, там абмяркоўваюць усё на свеце – напрыклад, як дарогі ў канкрэтным раёне прывесці ў парадак, як некаму плот адрамантаваць… Іншым разам прама з белага аркуша разглядаюць нейкія прапановы аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў, але незразумела, што гэта за прапановы і ад яны каго сыходзяць. Да нармальнай грамадска-палітычнай дыскусіі гэта не мае ніякага дачынення, звычайная балбатня…

Сёння большасць людзей думае пра тое, як дажыць ад зарплаты да зарплаты, ці будзе заўтра праца, ці будуць дзеці вучыцца, у што іх апрануць, але гэтыя пытанні не абмяркоўваюцца.

Алег ГУЛАК, старшыня РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»:

– На сустрэчы нас не запрашалі, і я сам ні разу не сустракаў інфармацыі, дзе яны праходзяць, у які час, як туды наогул можна трапіць.

Мы з Юрыем Васкрасенскім гутарылі, калі ён пару разоў запрашаў нас на свае “круглыя сталы”, але гэта крыху розныя рэчы. Прыходзілі нам таксама лісты ад аргкамітэта па правядзенні Усебеларускага сходу – прасілі даслаць прапановы. Мы даўным-даўно прапануем уладзе тэрмінова рэфармаваць выбарчае заканадаўства і судаводства. Хутчэй вызваліць з-за кратаў палітвязняў, правесці новыя прэзідэнцкія выбары і гэтак далей.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, cустаршыня кампаніі «Гавары праўду»:

– Некалькі разоў нашых рэгіянальных прадстаўнікоў запрашалі на падобную сустрэчу, але карысці ад гэтага не было ніякай. І водгукі былі вельмі негатыўныя. Бо па факце гэта ніякі не дыялог, а нейкая фармальшчына. Людзі прыйшлі, выказаліся, а па факце нічога нават у агульнае камюніке не было ўключана. Гэта таксама, як актывісты нашай мінскай арганізацыі спрабавалі арганізаваць дыялог з дэпутатам Клішэвічам. Ён пагадзіўся, але выглядала гэта вельмі дзіўна. Загадзя трэба было прадстаўляць пашпартныя дадзеныя, потым яны прасілі, каб інфармацыя пра гэтую сустрэчу ні ў якім разе не трапіла ў сродкі масавай інфармацыі. Карацей, гэта не дыялог, а абы-што.

Юрый ГУБАРЭВІЧ, старшыня руху «За Свабоду»:

– Нашу арганізацыю і мяне асабіста не запрашалі. Ведаю, што некалькі прадстаўнікоў нашай арганізацыі, так бы мовіць, у якасці назіральнікаў пару разоў былі на падобных сустрэчах, але нагадвалі яны звычайную прапаганду дзяржаўнай пазіцыі, ніякага дыялогу там не адбывалася.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»