Гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку перавялі ў СІЗА

71
Леанід Судаленка. Фота аўтара

Пасля 72 гадзін затрымання вядомы гомельскі праваабаронца, старшыня рэгіянальнага аддзялення праваабарончага цэнтра “Вясна” Леанід Судаленка так і не выйшаў на волю.

Актывісты паведамляюць, што напярэдадні Судаленку падоўжылі арышт да 10 дзён і перавялі ў СІЗА на вуліцу Кніжную. Ён падазраваны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Якія яшчэ прэтэнзіі выстаўляе следства, дакладна невядома.

Судаленку 18 студзеня выклікалі ў рэгіянальнае ўпраўлення СК, пасля чаго затрымалі і адправілі ў ІЧУ. З ім сустракалася адвакатка Ганна Паўлюк, аднак па справе затрымання праваабаронцы яна нічога паведаміць не можа – у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Незадоўга да затрымання на працоўным месцы Судаленкі ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай супрацоўнікі УБАЗіКа ў межах справы Уладзіміра Няпомняшчых аб беспарадках учынілі ператрус і забралі не толькі кампутарную тэхніку, але і каля дзвюх сотняў папак з абскарджваннем штрафаў і арыштаў удзельнікаў пратэстаў, а таксама асабістыя банкаўскія карткі праваабаронцы, у тым ліку і валютную. А потым міліцыя правяла вобшук і на кватэры Судаленкі.

Леанід не хаваў, што тысячу еўра са сваёй прэміі Францускай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека ён выдаткаваў на аплату дзяржаўных пошлін за перагляд адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрасаваных грамадзян у вышэйшых судовых інстанцыях.

У праваабарончы цэнтр “Вясна” пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў звярнуліся каля тысячы чалавек у пошуках сваякоў, па кансультацыі, прававую і матэрыяльную дапамогу. Затрыманы праваабаронца преракананы, што ў яго дзеяннях “адсутнічае падзея і склад інкрымінаванага злачынства” – пра гэта ён загадзя напісаў у адмысловым лісце, які прасіў апублікаваць пасля свайго арышту.

18 студзеня міліцыя правяла таксама ператрус дома і ў памочніцы Судаленкі Марыі Тарасенкі – забралі два жорсткія дыскі кампутараў і некаторыя дзелавыя паперы. Марыю таксама затрымалі.

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенка палітвязнямі.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!