Дачцэ Юліі Слуцкай прыйшоў першы ліст з-за кратаў ад мамы. Пра што піша палітзняволеная?

83
Юлія Слуцкая. Фота https://nina.nn.by

Радаснай навіной у фэйсбуку падзялілася дачка Юліі Слуцкай Аляксандра: ёй прыйшоў першы ліст ад мамы. Хоць Юлію Слуцкую — вядомага медыяменеджара і стваральніцу беларускага Прэс-клуба — затрымалі ажно 22 снежня, гэта першая вестка для дачкі з-за кратаў. На гэты момант дырэктарцы Прэс-клуба выставілі абвінавачванне за нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры.

Адчыняю ўчора паштовую скрыню — і ў рукі мне пачынаюць сыпацца канверты. Адразу сем! Ад матулі, Пеці (Пятро Слуцкі таксама затрыманы па справе Прэс-клуба — НН) і Сяргея Альшэўскага. Трымаю гэтыя канверты ў руках, прыціскаю да сябе, слёзы цякуць, і разумею, што вось яно — шчасце.

Лісты напісаны адразу пасля Новага года.

У адным з лістоў мама распавядае, як яны адзначылі Новы год: нарвалі рукамі салату аліўе, зрабілі бутэрброды з рыбай, а ў шэсць гадзін вечара чокнуліся алюмініевымі кубкамі з шыпучымі вітамінамі, пажадалі адна адной хутчэй абняць сваіх родных.

А вось як праходзіць звычайны дзень на Валадарцы:

«Апішу табе мае дзіўныя дні. У 6:00 моцна гучыць кароткая сірэна і ўключаецца верхняе святло. Ужо ў 6:05 праз кармушку падаюцца міскі з кашай. Часцей за ўсё я бяру пустую міску, і заварваю там кашы, якія ты мне перадала. Трэба паварушвацца, бо ў 6:50 міскі і лыжкі забяруць. Кубак такі ж алюмініевы, як міскі і лыжка, і без ручкі. Вусны аб яго абпальваюцца, нават калі кава або чай ужо астылі.

У 8 раніцы праверка. Да гэтага часу трэба паспець паесці, памыцца, пераапрануцца і прывесці сябе ў парадак. Гэта не проста, бо тое ж самае робяць яшчэ 7 чалавек. Прастора вельмі цесная, і ў нашым распараджэнні адна ракавіна і адзін туалет. Таму тут вельмі важна, каб усе дзейнічалі зладжана. Мы навучыліся.

Адначасова дзяжурны — адна з нас — прыбірае камеру: падмятаем і мыем падлогу, мыем кубкі, ракавіну і туалет. Дзяўчынкі прымудраюцца нават паспець нафарбавацца.

Роўна а 8-й — праверка.

З 9 да 10 у мяне першая трэніроўка-размінка, прысяданні, практыкаванні на касыя мышцы, прэс, спіна, расцяжка. Кожны раз дзякую Галіне Родзіне за тое, што навучыла мяне. Праўда, многія практыкаванні прыйшлося адаптаваць пад цесную прастору. Некаторыя даводзіцца рабіць проста на нарах.

Далей, да 13:00 у будныя дні, могуць вадзіць у кабінеты — да адвакатаў або следчых. Часам водзяць на шпацыр. На жаль, мы ходзім вельмі рэдка. Таму што выводзяць толькі ўсёй камерай, а дзяўчаты лічаць, што на вуліцы вільготна і яны ад гэтага могуць захварэць.

Распавяду пра шпацыр: гэта зусім не падобна да прагулак у турмах у амерыканскіх фільмах. Кожную камеру выводзяць у асобны маленькі бетонны дворык-калодзеж. Відаць толькі неба зверху і калючы дрот. Там зусім няма месца для таго, каб перасоўвацца ці пабегаць. І калі ідзе дождж — у гэтых бетонных калодзежах сапраўды вільготна. Але я ўсё роўна гуляла б кожны дзень, будзь мая воля. Стараюся бегаць на месцы, скакаць, прысядаць.

У 13:00 — абед. Я ем толькі суп з хлебцам — той, што ты перадала мне, або турэмны. На дэсерт — яблык.

З заняткаў у мяне чытанне (атрымалася замовіць у бібліятэцы аж 2 кнігі). Яшчэ тут у камеры ёсць Карнегі «Як перастаць турбавацца і пачаць жыць». Гадзіну ў дзень чытаю яго. Гэта, вядома, прапісныя ісціны, але дапамагае наладзіцца. Яшчэ ў камеры ёсць гутарковая граматыка англійскай мовы. Стараюся праходзіць па 2—3 гадзіны ў дзень. Ну і лісты, вядома.

Пішу кожны дзень, хоць пакуль у мяне адчуванні, што лісты сыходзяць у космас. Бо адзінае, што я атрымала, — гэта твая тэлеграма.

У 16:00 у мяне другая трэніроўка.

З раніцы да вечара тут уключаны тэлевізар. У асноўным БТ. На сваёй шкуры адчула тое, што і так добра ведала: не маючы інфармацыі з іншых крыніц, цалкам немагчыма ўявіць сабе, што ж адбываецца на самай справе. І нават цвёрда ведаючы, што нешта адбываецца, — здаецца, што гэта не так. Здаецца, што вакол цішыня ды мілата і толькі нас ізалявалі, як шкодных для гэтай мілаты суб’ектаў.

Яшчэ з забавак — мае дзяўчынкі-суседкі. Яны ўвесь час песцяцца і сваволяць. То крыўляюцца, то танцуюць, то адна адну падражніваюць, то спяваюць караоке разам з тэлевізарам. Спачатку мне было цяжка. Але цяпер я разумею, што гэта хутчэй адцягвае і забаўляе.

У 18:00 вячэра, а ў 22:00 адбой. Яркае святло і тэлевізар выключаюцца, і можна застацца з сабой сам-насам».

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!