Леанід Судаленка. Фота аўтара

18 студзеня ў Гомелі следчымі рэгіянальнага ўпраўлення СК затрыманы праваабаронца Леанід Судаленка. У яго пабывала адвакат Ганна Паўлюк. Аднак па справе затрымання праваабаронцы адвакатка нічога паведаміць не можа – у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Раней сам Судаленка выказваў меркаванне, што яго могуць на падставе праведзеных на пачатку студзеня ператрусаў звінаваціць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак – паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Але што такога “крымінальнага” зрабіў вядомы ў краіне праваабаронца, лаўрэат прэміі Францускай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека?

Біў вітрыны, кідаў “кактэйлі Молатава”, страляў гумовымі кулямі ў людзей, зваў на пратэстныя мітынгі, фінансаваў іх? Ды не! Наколькі вядома, Судаленка аказваў юрыдычную і матэрыяльную дапамогу пацярпелым у выніку рэпрэсій удзельнікам пратэстных маршаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.

Яму дапамагалі ў гэтым валанцёры. Учора ўвечары міліцыя правяла ператрус дома ў памочніцы Судаленкі Марыі Тарасенкі – забралі носьбіты інфармацыі і некаторыя дзелавыя паперы.

Імаверна, самога Леаніда затрымалі на 72 гадзіны. Прынамсі, мінулую ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама.

На пачатку студзеня на працоўным месцы Судаленкі ў грамадска-палітычным цэнтры супрацоўнікі ГУБАЗіКа на падставе пастановы следчага аддзела СК Гомельскага раёна ў межах справы Уладзіміра Няпомняшчых аб беспарадках, рабілі ператрус, дзе забралі не толькі кампутарную тэхніку, але і каля дзвюх сотняў папак з абскарджваннем штрафаў і арыштаў удзельнікаў пратэстаў, а таксама асабістыя банкаўскія карткі праваабаронцы, у тым ліку і валютную. А пасля міліцыя правяла вобшук і на кватэры Судаленкі.

Леанід не хаваў, што тысячу еўра са сваёй французкай прэміі ён выдаткаваў на аплату дзяржаўных пошлін за перагляд адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрасаваных грамадзян у вышэйшых судовых інстанцыях. Да праваабаронцаў звярнуліся каля тысячы чалавек у пошуках сваякоў, па кансультацыі, прававую і матэрыяльную дапамогу.

Ва ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, куды Судаленку вазілі пасля ператрусу, пыталіся, ці мае ён ліцэнзію на аказанне дапамогі?

“Я адказаў, што не трэба прасіць у дзяржавы ліцэнзію, каб перавесці бабульку праз дарогу. Лічыў сваім грамадзянскім абавязкам дапамагчы людзям, якія пасля мірных пратэстаў патрапілі ў складаную сітуацыю”, – распавядаў пасля таго кароткатэрміновага затрымання праваабаронца, адначасова выказваючы заклапочанасць і шкадаванне наконт спынення такой дапамогі з прычыны выняткі ўсіх дакументаў.

Праваабаронца нібы прадбачыў магчымасць новага затрымання і пакінуў у офісе запіску, у якой выклаў пазіцыю з нагоды аказання рознабаковай дапамогі пацярпелым жыхарам Гомельшчыны.

У запісцы Судаленка згадаў, што ўжо два дзесяцігоддзі займаецца абаронай правоў чалавека як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, дапамагаючы адстойваць інтарэсы грамадзян у тым ліку і ў Камітэце па правах чалавека ААН. Такая мірная дзейнасць па абароне правоў іншых людзей, піша праваабаронца, у поўнай меры ўзгадняецца з Дэкларацыяй ААН аб праве і абавязку асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

“Тым не менш, сістэмны ўціск праваабаронцаў у Беларусі працягваецца. Мы сутыкаемся з крыміналізацыяй нашай мірнай дзейнасці, падвяргаемся сістэмнаму прыгнёту і запалохванню, адвольным затрыманням, абыходжанню, што зневажае годнасць, абмежаваннямі на перамяшчэнне, ужываннем дыскрымінацыі ў сілу сваіх перакананняў”, – зазначае ў запісцы Леанід Судаленка і дадае, што 12 студзеня ў Мінску за аналагічную дапамогу ахвярам рэпрэсій арыштаваны журналіст Андрэй Аляксандраў, якому выстаўлена абвінавачванне паводле ч.2 артыкула 342 КК – фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Паводле праваабаронцы, з публічнай заявы намесніка міністра МУС стала вядома, што журналіст са жніўня мінулага года, атрымліваючы грошы з-за мяжы, аплачваў штрафы і рахункі за харчаванне ў ІЧУ ўдзельнікам пратэстных акцый. Было сказана, аплаціў каля 250 квітанцый.

Таксама намеснік міністра МУС паведаміў аб правядзенні ператрусу ў офісе адной з незарэгістраваных арганізацый, па выніку якога будзе дадзеная прававая ацэнка. І хоць назва арганізацыі не называлася, заўважае Судаленка, няцяжка здагадацца, што гаворка ішла пра ператрус менавіта ў гомельскім офісе, бо іншых ператрусаў у гэты час у краіне не праходзіла.

“Пачынаючы са жніўня мінулага года, я таксама аплачваў штрафы, рахункі за харчаванне ў ІЧУ і ў некаторых выпадках дзяржпошліны рэпрэсаваным удзельнікам пратэстных акцый. Будучы спецыялістам у галіне права, я ніколькі не сумняваўся ў правамернасці такой дапамогі тады і не сумняваюся сёння і вось чаму. Частка 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, якую, магчыма, будуць прад’яўляць і мне, даслоўна гучыць так:

“Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства – караюцца арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў”.

Літаральны аналіз названай нормы крымінальнага кодэкса дазваляе прыйсці да адзінай высновы, што фінансаванне заключаецца ў прадастаўленні або зборы сродкаў альбо аказанні фінансавых паслуг з усведамленнем таго, што яны прызначаны для аплаты падрыхтоўкі, вярбоўкі, навучання і т.п. асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях. Пры гэтым, іншым матэрыяльным забеспячэннем лічацца любыя яго віды, у прыватнасці: купля адзення, ежы, прадастаўленне памяшканняў для жылля, збору, правядзення заняткаў і г.д.”.

Судаленка адзначае, што займаўся дапамогай у аплаце адміністрацыйных штрафаў выключна прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэння, прадугледжанага арт. 23.34 КаАП, а таксама аплатай знаходжання ў ізалятарах пры адбыцці адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту. І тут важная і, бадай, галоўная дэталь: прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні Закона “Аб масавых мерапрыемствах” выключае ў гэтых дзеяннях пратэстоўцаў склад крымінальнага злачынства.

Тым не менш, праваабаронцу затрымалі менавіта праз падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.342 КК, а менавіта за фінансаванне “навучання ці іншай падрыхтоўкі асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

У гэтай сувязі праваабаронца Судаленка піша: “У маіх дзеяннях адсутнічае падзея і склад інкрымінаванага злачынства, паколькі фінансавую дапамогу атрымлівалі асобы, у дзеяннях якіх адсутнічаў склад названага крымінальнага злачынства – усе яны прыцягнуты да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні”.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»