Безнадзёга

1006
На гродзенскім рынку “Цэнтральны”

На гродзенскім рынку “Цэнтральны” ў больш як 10-градусны мароз гандляры працуюць на вуліцы і плацяць за гэта падаткі, арэнду і іншыя адлічэнні ў дзяржаўны бюджэт. Дзяржава ж не стварае людзям належных ўмоў для працы, а толькі ўзнімае стаўкі па выплатах. Ніякіх спадзяванняў на лепшае ў мясцовых гандляроў няма.

94 рублі за 4 квадратныя метры

Здавалася б, са з’яўленнем рознага кшталту гіпермаркетаў і гандлёвых цэнтраў павінны былі змяніцца і ўмовы працы гандляроў. Цывілізаваны гандаль, які прыйшоў у наша жыццё, паказаў, як гэта павінна выглядаць. Яшчэ можна зразумець, калі ў цёплае надвор’е прадаўцы стаяць за гандлёвымі прылаўкамі пад адкрытым небам, прадаючы кашулі, нагавіцы, шкарпэткі. Але калі на вуліцы пад мінус 20… Больш за тое, на гродзенскім рынку “Цэнтральны” частка людзей гандлюе проста з пасланай на асфальце цыраты, на якой ляжыць тавар.

28-гадовы Дзмітрый Пятровіч прадае мужчынскае адзенне: курткі, швэдары і іншае. Ён арандуе невялічкі бляшаны бокс на 4 квадртаныя метры і плаціць за гэта 94 рублі ў месяц. Атрымліваецца, па 10 долараў за метр. І гэта без вады, святла, ацяплення. З 9.00 да 14.00 Дзмітрый знаходзіцца на вуліцы і дахаты прыходзіць добра здубянелы.

У гэтым годзе зімовыя месяцы наогул цяжкія, і не столькі праз надвор’е, – кажа мужчына. – Няма пакупнікоў, здараецца, у дзень прадаю адну-дзве рэчы.

Прадпрымальнік падлічыў: кожны месяц ягоныя абавязковыя расходы на падаткі, арэнду і іншыя выплаты складаюць прыкладна 400 рублёў. А ў зімовыя месяцы не заўсёды ўдаецца зарабіць нават такую суму.

Гэта якраз і ёсць прычына таго, што многія боксы побач зачынены.

Тут побач у некаторых боксах прадавалі абутак і адзенне, але былі вымушаны зачыніцца. У людзей няма грошай, а значыць, ніхто нічога не купляе.

Пенсіянер Яўген Іванавіч, які атрымлівае ўсяго 350 рублёў пенсіі, спрабаваў зарабіць на жыццё прадпрымальніцкай дзейнасцю, але зараз згортвае яе і да канца месяца здасць арэндадаўцам свой бокс.

– Няма сэнсу ў такой працы, – сумна кажа мужчына. – За месяц я мог нагандляваць у лепшым выпадку на 400–450 рублёў. Пасля выплаты падаткаў і арэнды у мяне застаецца дробязь – 50–100 рублёў. Дзеля такіх грошай стаяць днямі на марозе ў маім узросце не выпадае. Давядзецца жыць на пенсію.

Па нулях

На ніжняй пляцоўцы рынку месцяцца таксама гандлёвыя рады з адзеннем, праўда, тут ужо не боксы, а звычайныя металічныя прылаўкі пад бляшаным дахам. Жанчыны прадаўшчыцы стаяць у пухавіках і шубах. Скупіліся групкамі, размаўляюць, пакупнікоў амаль няма.

Цікаўлюся, як гандаль.

– Па нулях, – адказвае адна з іх і дадае: – Учора прадала адну рэч, пазаўчора – дзве. А тавар вунь ляжыць: трэба прадаць – пакупнікоў няма. Што тычыцца надвор’я, жанчына кажа, што такім чынам стаіць тут ужо 26 гадоў – і ў мароз, і ў спёку.

Іншая спадарыня, якая назвалася Валянцінай Пятроўнай, здымае пальчаткі і паказвае рукі:

– Бачыце, як у мне пальцы пакруціла на такім марозе! Здароўя няма, а вымушана тут стаяць, бо і пенсіі пакуль няма, і працаваць нікуды не ўладкуешся.

Яе каляжанка паказвае на пустыя месцы ў гандлёвых радах і распавядае: там стаяла жанчына, якая закрыла ІП, а тут – дзеці забралі маці ў Амерыку, тры сям’і з’ехалі на працу ў Еўропу…

– Ды я вельмі хацела б спакойна жыць на пенсіі, – уздыхае жанчына. – Але як пражыць, калі яна ўсяго 326 рублёў?

З яе слоў, зімовыя месяцы заўсёды былі цяжкія, але бывалі сезоны, калі тавар усё ж такі прадаваўся і ўдавалася нешта зарабіць.

– За 30 гадоў, што мы плацім падаткі і арэнду, ніхто на гэтым рынку для нас нічога не зрабіў, каб зімой было цёпла, а летам халаднавата. Ну вось куды ўсе гэтыя нашы выплаты за столькі гадоў падзяваліся?!

«Цяжка гаварыць – плакаць хочацца»

Размаўляю з іншымі жанчынамі. Жанна Уладзіміраўна, прадае мужчынскія кашулі, Ала Пятроўна, – кухонны і сталовы посуд. Абедзве кажуць, што ўжо некалькі месяцаў знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане.

– Ведаеце, я цяпер вельмі часта плачу, калі вяртаюся дадому з пустымі кішэнямі, – прызнаецца Жанна Уладзіміраўна. – Дзецям столькі ўсяго трэба купіць, а няма за што.

Ала Пятроўна дадае, што і перспектывы ў іх ніякай няма, нават не праглядваецца.

– З гэтай уладай у ва ўсіх няма ніякай перспектывы, – сур’ёзна кажа жанчына. – І на заробкі нікуды не паедзеш, бо ўзрост ужо не той, хутка пенсія. Так што нідзе мы не патрэбны. Адным словам, безнадзёга.

Паводле яе слоў, на рынку стаяць пераважна пенсіянеры, а дзеці, як правіла, паз’язджалі на працу за мяжу. Дачка Алы Пятроўны жыве ў Таліне. Да каранавіруса жанчына часта туды ездзіла, а цяпер і з самымі блізкімі размаўляе толькі праз інтэрнэт.

– Унучка, калі ад’язджала, абяцала, што пасля школы прыедзе ў Беларусь вучыцца. Потым скончыла школу і сказала: не, больш сюды не паеду. Паступіла і вучыцца ў Эстоніі бясплатна. Зрэшты, там усе вучацца бясплатна.

«У нас ёсць адна перавага…»

Сяргей Віктаравіч прадае байкі, швэдары, майкі. Паводле яго слоў, нічога на гэтым рынку не адбываецца. Гандляры толькі сыходзяць, кідаюць свой бізнес, а новыя не з’яўляюцца. І зусім натуральна, што зімой няма пакупнікоў, паколькі няма ўмоў ні для іх, ні для гандляроў.

– Гэты рынак існуе толькі таму, што ён самы танны, – кажа мужчына. – Таму, зразумела, сюды прыходзяць толькі самыя бедныя, бо ў многіх людзей кожны рубель цяпер на ўліку.

Але, прызнаецца мой суразмоўца, такая праца яго задавальняе па той прычыне, што тут у яго ў разы больш свабоды, чым у чалавека, які ходзіць працаваць на завод:

Я сам сабе гаспадар і нікому не падначалены. І хоць дэбет з крэдытам не заўсёды магу звесці, але для мяне важней за ўсё мець свабоду.

Публікацыя – з № 4 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!