Аляксандр Вайтовіч: «Цікава, хоць адзін голас раздасца пра тое, што настаў час спыніць гвалт і зверствы?»

5980
Аляксандр Вайтовіч. Фота: racyja.com

Не так даўно пры Савеце Рэспублікі быў створаны так званы Савет старэйшын.

“Народная Воля” пацікавілася, ці запрасілі туды акадэміка, былога прэзідэнта Акадэміі навук, экс-старшыню Савета Рэспублікі Аляксандра Вайтовіча? Можа, запрашалі, ды ён катэгарычна адмовіўся і не захацеў садзіцца за адзінстол з тымі, хто падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку?

АФІЦЫЙНА

Для чаго створаны Савет старэйшын?

Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, “савет створаны, каб прымяняць і ўлічваць практычны вопыт членаў Савета Рэспублікі папярэдніх скліканняў у галіне заканадаўчага забеспячэння, а таксама пры фарміраванні і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і іншых праблемах”.

Асноўнымі задачамі органа, як кажа Качанава, стануць абмеркаванне і выпрацоўка прапаноў па найбольш важных пытаннях розных сфер жыццядзейнасці краіны, аналіз і ацэнка новых заканадаўчых ініцыятыў і законапраектаў, а таксама праграмных дакументаў. Акрамя таго, савет можа ўносіць рэкамендацыі і прапановы па ўдасканаленні работы верхняй палаты парламента і аказваць кансультацыйную дапамогу.

Узначаліў Савет старэйшын Барыс Батура, які кіраваў Саветам Рэспублікі з 31 кастрычніка па 30 мая 2010 года.

Між іншым, Аляксандр Вайтовіч быў старшынёй Савета Рэспублікі з 19 снежня 2000 га па 28 ліпеня 2003 года. Больш за ўсіх у гэтым крэсле пратрымаліся былы прэм’ер міністр Генадзь Навіцкі (з 28 чэрвеня 2003-га па 31 кастрычніка 2008 года) і акадэмік Анатоль Рубінаў (з 24 мая 2010-га па 16 студзеня 2015 года). Але іх таксама няма ў складе Савета старэйшын.

– Я пра Савет старэйшын даведаўся са сродкаў масавай іфармацыі, – сказаў “Народнай Волі” Аляксандр Вайтовіч. – Ніхто са мной на гэты конт не размаўляў. І Батура мне не званіў.

– Але ж вы, здаецца, як ніхто іншы падыходзіце ў гэты савет.

– Калі гэта сапраўды Савет старэйшын, то так, я адзін са старэйшых старшынь Савета Рэспублікі, якія засталіся жывыя.

– Прычым вы не радыкал, з якім цяжка дамовіцца, а акадэмік, чалавек выхаваны, з добрымі манерамі.

– Марына, я не магу адказаць на пытанне, чаму мяне не запрасілі, не я прыдумаў гэтую арганізацыю.

– Якія пачуцці ў вас былі, калі прачыталі навіну пра пачатак дзейнасці савета? Здзівіліся ці раззлаваліся?

– Адразу ў галаве прамільгнула думка: паводле якога прынцыпу фарміравалі гэты Савет старэйшын? Бо нейкія ж прынцыпы стварэння павінны быць!

Усіх старшынь Савета Рэспублікі, якія жывыя, запрасілі ці не? Альбо толькі мяне абмінулі ўвагай? Яшчэ каго запрашалі? Бо ў мяне адчуванне, што гэты савет стварылі па прынцыпе адданасці дзеючай уладзе. Мяркуючы па ўсім, гэты Савет старэйшын будзе збірацца, каб хваліць і падтрымліваць тое, што робіцца ў краіне. А тое, што людзей калечаць і забіваюць… Мне самому цікава: хоць адзін голас з гэтага савета раздасца пра тое, што настаў час спыніць гвалт і зверствы?

На маю думку, Савет старэйшын – аналаг быццам бы народнага сходу вертыкальшчыкаў, так званага Усебеларускага сходу, які збіраюцца правесці ў лютым. На маю думку, будучае краіны трэба абмяркоўваць з людзьмі розных поглядаў і разглядаць розныя прапановы. А ў нас абмеркаванне на такіх саветах старэйшын і так званых усебеларускіх сходах зводзіцца толькі да таго, як захаваць існуючую ўладу. А пра будучыню краіны па вялікім рахунку, відаць, ніхто не думае.

– У Савет старэйшын запрасілі Антаніну Мораву, якая некалі была міністрам працы, а затым дырэктарам Інстытута дзяржслужбы Акадэміі кіравання. Яна доўгі час пасля сыходу з усіх пасад увогуле нідзе голаса не падавала, а цяпер, бачыце, – запатрабаваная стала! Банкір Надзея Ермакова, былы амбасадар Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў, мяркуючы па фотаздымках, таксама у гэтым Савеце.

– Морава пры мне не была ў Савеце Рэспублікі, але, калі не блытаю, здаецца, узначальвала адну з камісій. А Надзея Ермакова была проста шараговым членам Савета Рэспублікі. Рахманаў кіраваў камісіяй па міжнародных справах. Ну вось нават па гэтым кароткім спісе бачна, па якім прынцыпе адбор праводзілі.

– На вашу думку, чаму Барыс Батура пагадзіўся ўзначаліць гэты савет? Ён што, не бачыць, што адбываецца ў краіне?

– Ён складнік гэтай сістэмы. І адданы ёй. Такія людзі таксама ёсць.

Не ведаю, ці была ў Батуры нейкая ўлада, каб вызначыць склад савета, ці да яго проста прыйшлі, паперы паклалі – і ўсё на гэтым. На жаль, мы не ведаем, як усё адбывалася і хто быў ініцыятарам стварэння савета. Але сапраўды ёсць чаму здзіўляцца. Калі Морава там, Рахманаў там, то, па самай простай логіцы, я таксама павінен быць там! Значыць, галоўнае для гэтага савета – не абмеркаванне існуючых праблем, глабальнага крызісу, у якім краіна знаходзіцца, а проста стварэнне імітацыі дзейнасці… Што будзе рабіць той савет, калі там няма розных поглядаў?

– Паведамлялася, што савет будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове. Як думаеце, заробкі будуць плаціць гэтым мудрацам альбо не?

– Сапраўды, хацелася б ведаць… Але не думаю, што справа дойдзе да заробку. Хаця нехта ж павінен забяспечваць ягоную дзейнасць. Трэба выдзяліць нейкія кабінеты, тэхніку – сёння без камп’ютараў як без рук, павінны быць людзі, якія рыхтуюць дакументы для разгляду, справаздачы, даклады.

Трэба, каб ад працы любой структуры была максімальная карысць. Таму варта сур’ёзна абмяркоўваць сітуацыю, улічваць усе меркаванні. На жаль, гэтага пакуль не бачна…

ДРУГІ БОК

Барыс Батура пакуль не гатовы адказваць на пытанні

“Народная Воля” хацела задаць некалькі пытанняў старшыні Савета старэйшын. Але Барыс Батура шчыра сказаў, што пакуль не гатовы на іх адказваць, і прапанаваў стэлефанавацца прыблізна праз тыдзень. Заўважыў, што некаторыя члены савета хварэюць.

“Можна будзе бліжэй да канца тыдня даведацца, ці сфарміраваны канчаткова Савет старэйшын, – адказаў Барыс Васільевіч. – Пакуль мы поўным складам яшчэ не збіраліся. Ці сам я ўзгадняў спіс членаў савета? Гэта доўгая працэдура, але цалкам зразумелая. Аднак давайце бліжэй да канца тыдня паразмаўляем…”

РЭЗАНАНС

А ці законна?

Каардынацыйны савет назваў незаконным стварэнне Савета старэйшын пры Савеце Рэспублікі. І запатрабаваў ад Генпракуратуры Беларусі адпаведнай праверкі: “Усе калегіяльныя органы Савета Рэспублікі павінны выбірацца з дзеючага складу яго членаў. З аб’явы пасяджэння Савета старэйшын не зразумела, на якой падставе ён быў створаны».

Публікацыя – з № 4 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!