Першы суд над затрыманымі “па справе Ціханоўскага” у Гродне

270

Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу, Яўгенія Разнічэнку вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Кнігу і Разнічэнку да таго ж – і ў насіллі ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі. Па справе праходзяць чатыры пацярпелых міліцыянеры.

Судовы працэс у Кастрычніцкім судзе Гродна пачаўся з казуса – не толькі ўсім жадаючым, а нават прадстаўнікам СМІ не хапіла месца ў маленькай зале, якую выдзелілі для судовага паседжання.

Суддзя Вольга Бекушава не задаволіла хадайніцтва адвакатаў аб правядзенні паседжання ў большай зале, але паабяцала, што наступныя паседжанні будуць адбывацца ў іншых памяшканнях.

Напачатку судовага працэсу адзін з пацярпелых міліцыянераў Казлоўскі заявіў іск кампенсацыі маральнай шкоды, які ацаніў у 8 тысяч рублёў.

На першым паседжанні пракурор Мікіта Мыслівец зачытаў абвінавачванні для ўсіх траіх паасобку. Паводле яго, Сяргей Ціханоўскі і Дзмітрый Фурманаў загадзя спланавалі незаконны мітынг пад выглядам пікета для збору подпісаў. Прыкрываючыся тым, што дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства не патрабуецца. У прамове пракурора згадвалася, што Мікалай Статкевіч распаўсюдзіў інфармацыю аб планах Ціханоўскага.

Тройчы зачытваючы абвінавачванні пракурор падкрэсліваў, што мерапрыемства было скіравана на абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў краіне, на стварэнне палітычнай і ідэалагічнай варожасці ў грамадстве. А той факт, што мерапрыемства здымалася на відэа і транслявалася ў інтэрнэце, таксама, на думку пракурора, з’яўляецца прыкметай злачыннасці, паколькі прыхільнікі Ціханоўскага такім чынам прапагандавалі свае незаконныя дзеянні.

Далей пракурор канстатуе, што нібыта Ціханоўскі адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, а калі яго пачалі затрымліваць, гэтаму перашкаджалі Кніга і Разнічэнка. Яны, са слоў пракурора, ударылі супрацоўнікаў АМАПу, хапалі іх за адзенне, пашкодзілі дзверцы ў міліцэйскім аўтамабілі.

Уладзімір Кніга быў затрыманы 4 чэрвеня. У адносінах да яго быў складзены і адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. Паводле абвінавачванняў пракурора, 29 мая Кніга на пікеце ў Гродне парушаў грамадскі парадак, нецэнзурна лаяўся, чапляўся да мінакоў, перашкаджаў праезду транспарта.

Сваю віну Кніга не прызнаў.

Яўгеній Разнічэнка быў сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго арыштавалі пасля пікета 29 мая. Нібыта ён піхнуў двух міліцыянераў, якія ўпалі на землю. Вінаватым сябе не прызнае.

Дзмітрыю Фурманаву прад’явілі абвінавачванні па ч.1. арт.342 КК РБ (Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак). Вінаватым сябе не прызнае. У судзе ён пагадзіўся даваць паказанні перад тым, як будуць дапытаны сведкі і пацярпелыя.

Нагадаем, што падзеі датычаць 29 мая 2020 года, калі ў Гродне на пікеце падчас збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай адбыўся інцыдэнт. Да Сяргея Ціханоўскага падышлі дзве жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні, чапаць яго за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але яны даганялі.

Неўзабаве падышлі два міліцыянеры, і людзі сталі засланяць блогера ад іх. Адзін з міліцыянераў раптоўна ўпаў на зямлю.

У выніку 15 чалавек былі затрыманыя АМАПам: разам з Ціханоўскім забралі каардынатара гродзенскага штабу Дзмітрыя Фурманава, двух кіроўцаў каманды, а таксама мясцовых жыхароў. Частку затрыманых пазней вызвалілі.

Дарэчы, усе гэтыя падзеі мільёны беларусаў пабачылі тады на відэа ў сацсетках.

Першы суд над затрыманымі “па справе Ціханоўскага” у Гродне

Першы суд над затрыманымі “па справе Ціханоўскага” у Гродне

Здымкі з залы суда. Фота аўтара

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!