Гучная справа пра гвалт над міліцыянерамі ў Гомелі: двое з абвінавачаных не прызналі сваёй віны

607
Абвінавачаныя фіруганты крымінальнай справы. Фота аўтара

У Чыгуначным раёне Гомеля 18 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць арганізаванай групоўкі, якая ў жніўні мінулага года нібыта прыняла актыўны ўдзел у масавых беспарадках.

Паводле версіі следчага ўпраўлення, 28-гадовы жыхар Гомельскага раёна Леанід К., маючы намер на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія б суправаджаліся гвалтам, пагромамі і падпаламі, спланаваў ажыццявіць правакацыю на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў абласным цэнтры. Малады мужчына нібыта загадзя падрыхтаваў два “кактэйлі Молатава”, перавёз іх у цэнтр горада і схаваў у адным з двароў.

Увечары 10 жніўня ён прыехаў у цэнтр, дзе праводзіліся пратэстныя мітынгі, адшукаў выканаўцаў злачыннага намеру – 25-гадовага жыхара Добруша Дзмітрыя К. і непаўнагадовага гамяльчаніна Мікіту З. – і ўгаварыў іх на радыкальныя дзеянні. Меліся падпаліць гарадскі аўтобус альбо аўтазак. А ў выніку “кактэйль Молатава” Дзмітрый кінуў у бок міліцыянераў. Шкляная бутэлька ўпала паблізу міліцыянераў і разбілася аб асфальт. На аскепках шкла экспертыза выявіла сляды бензіна і мінеральнага масла, запал і бенгальскія агні.

“Тройку” абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, незаконных дзеяннях з прадметамі, паражаючае ўздзеянне якіх заснавана на гаручых рэчывах, а таксама ў гвалце ці пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі. Двое дарослых фігурантаў маюць таксама адказваць і за ўцягванне непаўнагадовага ў злачынную дзейнасць.

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Дэбой з двума засядацелямі. Дзяржабвінавачванне падтрымлівае старшы памочнік пракурора горада Яўген Фартушняк.

Нечаканым на першым пасяжэнні суда стала тое, што ні Леанід К., ні 16-гадовы Мікіта З. не прызналі абвінавачванне цалкам. І толькі Дзмітрый К. заявіў, што прызнае зачытанае пракурорам абвінавачванне часткова.

Падчас судовага допыту Леанід заявіў, што ён ніякіх “кактэйляў Молатава” не рыхтаваў і нічога нікому не перадаваў. Паехаў 10 жніўня ў цэнтр горада з пляменнікам паглядзець, што адбываецца. Леанід – бацька траіх малых дзяцей, ён працаваў таксоўшчыкам, а яшчэ быў адным з трох адміністратараў пабліка “ЧП Гомель”, рэдагаваў і ставіў на сайт матэрыялы пра дарожныя здарэнні. Казаў на судзе, што меўся як “народны журналіст” запісаць пры нагодзе і падзеі ў цэнтры горада. Непаўнагадовага Мікіту сустрэў на прыпынку грамадскага транспарту ў мікрараёне “Гомсельмаш”, той быў знаёмы з пляменнікам Леаніда. Тэлефон Мікіты запісаў, каб не згубіць пляменніка, у якога не было свайго мабільніка.

На судзе Леанід патлумачыў, што ўсе яны выйшлі з тралейбуса на плошчы Леніна. Там ужо АМАП разганяў гараджан, якія пратэставалі супраць несправядлівых выбараў. Яны разбегліся. Пляменнік згубіўся. Леанід уцёк з плошчы на праспект Леніна, на прыпынак “вуліца Сялянская”. Патэлефанаваў Мікіце, каб спытаць, дзе пляменнік. Непаўнагадовы гамяльчанін знаходзіўся у гэты час на працілеглым баку праспекта каля кафе “Ферма”.

Леанід перайшоў на другі бок праспекта і там упершыню убачыў, што з Мікітам знаходзіцца і Дзмітрый К. Яны штосьці трымалі пад вопраткай, а што – Леанід не ведаў і не пытаўся.

Паколькі на бліжэйшым прыпынку транспарта “Камінтэрн” пляменніка не было (ён нібыта туды ўцёк), Леанід рушыў за Мікітам і Дзмітрыем у бок вакзала, каб ехаць дамоў. Наперадзе хлопцы гаварылі пра тое, каб кінуць штосьці ці то ў аўтобус, ці то ў аўтазак. Леанід стаў іх адгаворваць ад “кідання” хоць чаго ў аўтобус, прызнаўся нават, што ён адміністратар сайта “ЧП Гомель” і, калі яны будуць рабіць штосьці супрацьпраўнае, запіша гэта на тэлефон, вылажыць на сайт і нават перадасць следчым.

У канцы праспекта, на падыходзе да вакзала, людзі сталі разбягацца, бо ехала міліцыя Дзмітрый і Мікіта сіганулі ў двары. Леанід чуў звон разбітай бутэлькі, але хто што кідаў і ў каго, ён не бачыў. Сам Леанід схаваўся за вугал дома ад міліцыі, але там яго затрымалі амапаўцы.

Дзяржабвінаваўца меўся задаць пытанні Леаніду К., каб ухіліць супярэчнасці ў яго расповедзе на судзе з паказаннямі на следстве, але не змог адразу знайсці ў матэрыялах крымінальнай справы патрэбныя старонкі, і суд абвясціў перапынак да заўтрашняга дня.

Законным прадстаўніком непаўнагадовага Мікіты выступае яго маці Лілія Залатарова. Яна паведамімла, што Мікіта хворы на эпілепсію. У СІЗА ён не атрымлівае ў поўнай меры патрэбных лекаў.

Заўважна было, што падчас суда Мікіта, па сутнасці, не слухаў абвінавачванне, у “клетцы” ён ажыўлена аб чымсьці ціха размаўляў з Дзмітрыем. Яны сядзелі побач, а Леанід – асобна.

Адразу пасля затрымання Мікітаў бацька Міхаіл Лапуноў распавядаў журналісту “Народнай Волі”, што яго пасля затрымання білі ў міліцыі, ён патрапіў у шпіталь, але адтуль яго адразу завезлі ў ІЧУ, дзе трымалі дзесяць дзён. Бацька нават звярнуўся ва ўпраўленне СК з просьбай узбудзіць крымінальную справу з прычыны збіцця хворага непаўнагадовага сына. Заяву з цяжкасці прынялі, але неўзабаве бацька атрымаў адмову. Мікіта меўся сёлета хадзіць у дзевяты клас.

Ёсць у крымінальнай справе і двое пацярпелых, маладыя кантрактнікі з часці 5525 войск унутранай службы – намеснік камандзіра ўзвода Канаваленка і тэхнік Тарабанькоў. У матэрыялах абвінавачвання гучала, што яны не пацярпелі па выпадковасці, хоць у тэксце абвінавачвання шмат згадак пра нібыта намер фігурантаў крымінальнай справы ўчыніць над імі гвалт і перашкодзіць іхняй законнай дзейнасці. Размаўляць з журналістам “Народнай Волі” пацярпелыя міліцыянты наадрэз адмовіліся.

Гучная справа пра гвалт над міліцыянерамі ў Гомелі: двое з абвінавачаных не прызналі сваёй віны
У зале суда. Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!