Сяргей Качалаў у судзе

У судзе Гомельскага раёна 14 студзеня разглядалася адміністрацыйная справа 61-гадовага жыхара вёскі Маркавічы Сяргея Качалава за “адзіночны пікет” ў двары свайго дома.

Прынамсі, так вырашыў мясцовы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі Аляксандр Курбацкі.

З адміністрацыйнага пратакола: “24 снежня ў 12.00 гадзін Качалаў С.І., знаходзячыся ў двары свайго дома… ў в. Маркавічы, выкарыстаўшы бела-чырвона-белую сімволіку і надпіс “Жыве Беларусь”, тым самым наўмысна правёў адзіночны пікет без адпаведнага дазволу Гомельскага райвыканкама, які выявіўся ў публічном выражэнні сваіх грамадска-палітычных настрояў…”. Выснова, паводле пратакола, такая: Качалаў парушыў устаноўлены законам “Аб масавых мерапрыемствах” парадак пікетавання і мусіць адказваць паводле ч.1 артыкула 23.34 КаАП.

Інвалід зляпіў снегавіка і ледзь не патрапіў за гэта ў
Адміністрацыйны пратакол

Вышэйзгаданы пратакол начальства Гомельскага РАУС падмахнула і накіравала ў суд. Разбірайцеся!

Справу разглядала суддзя Тамара Застаўнецкая. Яна нават не пыталася, ці прызнае віну Сяргей Іванавіч. Папрасіла патлумачыць, што адбылося.

Вясковаец расказаў, што чысціў пасля доўгачаканага снегу дарожку ад свайго чатырохкватэрнага дома да хлеўчука. З расчышчанага снегу і зляпіў снегавіка, павязаў яму чырвоны шалік і напісаў на снезе “Жыве Беларусь!”. Не ваўка і не лісу ляпіў, а снегавіка. А каб было вусцішней, уваткнуў старэнькія вілы замест рукі. Ніякіх палітычных мэтаў не высоўваў. Напісаў на снезе „Жыве Беларусь“, бо так Купала казаў.

“Нічога заганнага ў гэтым не бачу. А што, трэба было напісаць „Не жыве Беларусь“? Мы ж, як усе людзі на свеце, хочам, каб краіна квітнела. Толькі чамусьці нас за гэта гнятуць!”, – заявіў у судзе Качалаў.

“З вуліцы снегавік быў добра ці кепска бачны?” – пацікавілася суддзя.

“З вуліцы кепска бачны, – удакладніў вясковец. – Дый прастаяў снегавік можа гадзіну ці паўтары. Якаясьці дзяўчына прыбегла, сфатаграфавала яго і, відаць, перадала ў міліцыю. А тут жонка мая даведалася, што бегаюць вакол гэтага снегавіка. Яна прыйшла і сцерла надпіс і шалік чырвоны зняла”.

“А якая мэта была, калі рабілі снегавік?” – дапытвалася суддзя. “Палітычных мэтаў не пераследаваў. Мэта была зрабіць снегавік, каб цікава было дзецям. Я зляпіў яго і пайшоў займацца сваёй гаспадаркай”, – расказваў Сяргей Іванавіч.

Суддзя вярнула матэрыялы справы на дапрацоўку ў Гомельскі РАУС, паколькі ў пратаколе не ўказана, якім чынам выявіўся згаданы адзіночны пікет і як была выкарыстана бел-чырвона-белая сімволіка, хоць насамрэч такой сімволікі на снегавіку і не было. Нельга ж лічыць такой сімволікай спалучэнне чырвонага шаліка з белай снежнай балванкай, ад якой назаўтра з-за плюсавой тэмпературы і вільготнага надвор’я не засталося і следу.

Абвінавачаны Сяргей Качалаў жыве ў Маркавічах, што пад Гомелем, амаль сорак гадоў. Тут ён працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве механікам, галоўным інжынерам. За плячыма ў яго – Чырвонабярэжскі сельгастэхнікум і Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Ужо больш як два дзясяткі гадоў займаецца Сяргей прыватнай сельскай гаспадаркай. Мае свой трактар. Праз траўму стаў інвалідам трэцяй групы, але прыватную справу не кінуў. У яго любы лапік зямлі родзіць, як па заказу – бульба, авёс, трускалкі, гарбузы. Не ўсім падабаецца такі імпэт інваліда. Сёй-той і шукае саломінку ў яго гаспадарлівым воку, не бачачы ў сваім і бярвяна. Ён нават здагадваецца, хто шапнуў “фатографу” зняць на панадворку нібыта “палітычнага” снегавіка.

“Я здзівіўся, як з дапамогай міліцыі мяне наважыліся зрабіць нейкім “ворагам народа”. Бач, без дазволу выканкама зляпіў снегавіка. За гэта можна атрымаць і штраф у 30 базавых велічынь. А ў мяне інвалідская пенсія 200 рублёў. Каб такі штраф заплаціць, мне трэба ўсё вынесці з хаты і прадаць”, – кажа вясковы жыхар з Маркавіч.

Інвалід зляпіў снегавіка і ледзь не патрапіў за гэта ў
Вёска Маркавічы

Фота аўтара і са старонкі праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў Facebook.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»