Рэнэ Фазель. Фота: sibnovosti.ru
Рэнэ Фазель. Фота: sibnovosti.ru

Рэнэ Фазель працягвае апраўдвацца і тлумачыць сваю студзеньскую паездку ў Мінск да Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрв’ю швейцарскаму выданню Watson ён заявіў, што сваім візітам хацеў падштурхнуць беларускія ўлады да дыялогу з апазіцыяй, паведамляе “Еўрарадыё”.

“Я ўбачыў магчымасць, можа быць, ператварыць гэты чэмпіянат свету ў чэмпіянат свету па прымірэнні, каб стымуляваць дыялог з апазіцыяй з дапамогай гэтага чэмпіянату свету. Дыялогу, па ўсёй бачнасці, цяпер не існуе. Вось у чым драма: прадстаўнікі апазіцыі кажуць нам, што яны хочуць гэтага чэмпіянату свету, што гэта чэмпіянат свету для народа. Але дыялогу паміж уладай і апазіцыяй відавочна няма”, – заявіў кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ).

Па словах Фазеля, ён усведамляў, што шанец на змены – каля 1%, але ўсё адно вырашыў выкарыстаць нават такі невялікі шанец.

“Мы далі зразумець, што чэмпіянат свету па хакеі немагчымы без змены палітычнай сітуацыі ў краіне”, – патлумачыў Фазель тэму гутаркі з Лукашэнкам.

Ён дадаў, што ніякіх патрабаванняў беларускім уладам не выстаўляў, бо не можа гэтага рабіць. “Мы перадалі паведамленне пра тое, што ў нас праблемы з правядзеннем чэмпіянату свету праз адносіны да сітуацыі краін Захаду. Ён сказаў нам, што яго праца – гарантаваць бяспеку ў сваёй краіне і абараняцца ад любых пагроз з-за мяжы. Апазіцыя відавочна ўспрымаецца як пагроза”, – перадае швейцарскае выданне словы Фазеля.

Пасля візіту Фазеля ў Мінск беларускі аргкамітэт чэмпіянату свету выступіў з заявай, у якой цынічна паабяцаў не адключаць інтэрнэт падчас турніру. А таксама заявіў, што не бачыць падстаў звязваць хакейны чэмпіянат і арганізацыю дыялогу з апазіцыяй.

Поделиться ссылкой: