Два гады “хіміі” – абласны суд пакінуў у сіле прысуд маладому гамяльчаніну, які ўзняў на плошчы нацыянальны сцяг

94
Георгій Васіленка. Фота аўтара
Георгій Васіленка. Фота аўтара

Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда пад старшынствам Анатоля Тозіка 15 студзеня не задаволіла апеляцыйную скаргу Георгія Васіленкі, які ў жніўні мінулага года на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра ўзняў на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг замест афіцыйнага чырвона-зялёнага.

25-гадовы гамяльчанін прасіў перагледзець прыгавор суда Цэнтральнага раёна за замену сцяга – два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу, папросту на “хімію”. З сённяшняга дня міліцыя можа ў любы час забраць Георгія адбываць пакаранне, бо прысуд набыў юрыдычную моц.

Замена афіцыйнага сцяга на цэнтральнай плошчы Леніна ў Гомелі адбылася 16 жніўня, калі ў горадзе праходзілі мнагалюдныя пратэстныя маршы супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі пратэстуючымі.

“Вакол былі бел-чырвона-белыя сцягі, ва ўсіх людзей, і ў мяне таксама, быў унутраны эмацыйны пад’ём”, – тлумачыў на адным з пасяджэнняў суда Васіленка.

З глыбокага эмацыйнага парыву гараджане і замянілі афіцыйны сцяг. Рабілася гэта цягам 45 хвілін. Пакуль спусцілі палотнішча, бралі інструмент у гамяльчаніна, які быў на плошчы на аўтамашыне, каб адчапіць адно палотнішча і прымацаваць іншае.

Замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы бачылі міліцыянеры – яны ў гэты час нібыта знаходзіліся ў парку па-за агароджай, але па загадзе сваіх кіраўнікоў не ўмешваліся, каб “не накаляць абстаноўку”. Прынамсі, так сведчыў адзін з міліцыянераў, які дзяжурыў у тую жнівеньскую нядзелю каля цэнтральнай плошчы.

Гарадскі аддзел Следчага камітэта пасля падзеі распачаў крымінальную справу паводле артыкула 370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі). Маладога гамяльчаніна затрымалі і змясцілі больш як на месяц у ізалятар, а пасля выпусцілі пад паручальніцтва двух сяброў.

У верасні старшы следчы ГАСК Салаўёў перакваліфікаваў крымінальную справу пра здзек над дзяржаўнымі сімваламі на злоснае хуліганства. Аднак доказаў пра супрацьпраўныя дзеянні кагосьці з прысутных следства так і не здабыла.

Абарона Васіленкі на гэтай падставе і заяўляла пра неабгрунтаванасць перакваліфікацыі крымінальнай справы.

Адзінай сведкай, якая выступіла на судзе з заявай наконт таго, што “замена дзяржаўнага сцяга абразіла яе асабістыя пачуцці”, стала загадчыца сектара аддзела ідэалогіі, культуры і па працы з моладдзю Гомельскага гарвыканкама Алена Баркова.
Яна казала, што ёй нібыта тэлефанавалі знаёмыя і скардзіліся, што недапушчальна замяняць дзяржаўныя сімвалы на незарэгістраваную сімволіку. Аднак канкрэтных асоб, хто тэлефанаваў, ідэолаг назваць не змагла.

Тым не менш дзяржабвінаваўца з гарадской пракуратуры Алеся Жураўлёва падтрымала кваліфікацыю дзеянняў Георгія Васіленкі як злоснае хуліганства і прапанавала суду пакараць яго двума гадамі “хіміі”. Менавіта такое пакаранне Васіленку і вынес суддзя Цэніральнага раёна Сяргей Салоўскі.

Праваабаронцы расцанілі прысуд як вельмі жорсткі і палітычна матываваны.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!