Валерый Карбалевіч: Ці абхітрыць Лукашэнка Рэнэ Фазеля

267
Лукашэнка сустракае Фазеля ў Мінску 11 студзеня. Фота з адкрытай крыніцы
Лукашэнка сустракае Фазеля ў Мінску 11 студзеня. Фота з адкрытай крыніцы

Візіт прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазеля ў Беларусь 11 студзеня аказаўся скандальным. Беларускія ўлады выкарысталі яго ва ўласных прапагандысцкіх мэтах напоўніцу. Фотаздымкі і тэлекарцінкі, дзе Рэнэ Фазель абдымаецца з Аляксандрам Лукашэнкам, з’явіліся ў еўрапейскіх медыя і прымусілі кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея апраўдвацца. Ён такой прыкрасці з боку беларускіх афіцыйных медыя не чакаў, піша палітолаг Валерый Карбалевіч.

Валерый Карбалевіч
Валерый Карбалевіч

З інтэрв’ю і каментарыяў Рэнэ Фазеля вынікае, што ён прыехаў у Мінск не проста з інспектарскім візітам (праверыць тэхнічную гатоўнасць хакейных арэн да чэмпіянату свету), але і з палітычнымі ўмовамі. Фактычна ён выставіў Лукашэнку ультыматум. Маўляў, калі хочаш правядзення чэмпіянату свету, то павінен пагадзіцца «на адкрыты і канструктыўны дыялог з апазіцыяй».

Самае дзіўнае, што Лукашэнка з гэтым пагадзіўся. Больш за тое, кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель расказаў у інтэрв’ю SRF, што нібыта сам Лукашэнка заявіў пра намер змяніць Канстытуцыю і «гатовы правесці новыя выбары». Трэба разумець, прэзідэнцкія.

Менавіта ў кантэксце гэтых абяцанняў варта разглядаць рэпліку Лукашэнкі наступным днём пасля сустрэчы з Фазелем падчас уручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне»: «Мы гатовыя размаўляць з усімі сумленнымі людзьмі. У тым ліку з апазіцыяй. Але не са здраднікамі. Мы гатовыя весці дыялог з любой апазіцыяй, па любых пытаннях. Пачынаючы ад канстытуцыйных змен і заканчваючы будучыняй нашай Беларусі».

Другі момант. Паводле Рэнэ Фазеля, беларускія ўлады пагадзіліся супрацоўнічаць з IIHF у расследаванні справы старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава, які падазраецца ў датычнасці да палітычных рэпрэсій.

Гледзячы па ўсім, Рэнэ Фазель не задаволіўся вуснымі абяцаннямі, а хацеў мець дакумент, які можна было б прад’явіць Савету IIHF. І Лукашэнка паабяцаў. Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея заявіў: «Мы разлічваем у бліжэйшы час атрымаць план дзеянняў урада Беларусі, што датычыцца канкрэтных патрабаванняў IIHF, якія былі прадстаўлены ў Мінску. Гэта ключавыя пытанні, якія закранаюць аператыўныя і сацыяльна-палітычныя моманты, звязаныя з чэмпіянатам свету, і мы не зможам прасунуцца наперад, калі гэтыя захады не будуць ініцыяваныя ў бліжэйшы час».

Зразумела, што ні на якія сур’ёзныя перамовы з апазіцыяй Лукашэнка ісці не збіраецца. Нават дзеля правядзення чэмпіянату свету. Цяпер галоўнае – паабяцаць. Дык і Пуціну абяцаў.

Рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе плануецца прыняць 25–26 студзеня на пасяджэнні Савета IIHF. Вось да гэтага часу трэба ўсяляк дэманстраваць гатоўнасць да кампрамісу па ўсіх пытаннях. А ўжо калі на гэтым пасяджэнні будзе прынята рашэнне на карысць Мінска, то пасля ўсе абяцанні можна будзе спусціць на тармазах. Бо памяняць рашэнне IIHF і перанесці спаборніцтва ў іншую краіну будзе проста запозна, тэхнічна немагчыма. На гэта і разлік.

Адсюль і такія заявы Лукашэнкі – маўляў, гатовы размаўляць з апазіцыяй, «але не са здраднікамі». Вось, напрыклад, сустрэнецца хто-небудзь з членаў урада з Юрыем Васкрасенскім, і абвесцяць гэта перамовамі з апазіцыяй.

Можа, Лукашэнку і ўдасца ў чарговы раз усіх абхітрыць, правесці чэмпіянат у Мінску як доказ сусветнай супольнасці, што палітычная сітуацыя ўсталявалася, крызіс пераадолены, усё пад кантролем. Але можа здарыцца так, што ён заб’е шайбу ва ўласныя вароты.

Бо можна не сумнявацца, што пратэстуючая грамадскасць паспрабуе скарыстацца добрай нагодай і прымеркаваць масавыя акцыі пратэсту акурат да чэмпіянату свету (21 мая – 6 чэрвеня). І што рабіць уладам? Дэманстраваць брутальны гвалт перад вялізнай колькасцю замежных заўзятараў і журналістаў? Дык такім чынам можна сапсаваць увесь план выкарыстання чэмпіянату дзеля паляпшэння ўласнага іміджу. Асабліва калі пад замес трапяць замежныя грамадзяне.

А калі не чапаць – маўляў, няхай ходзяць, у нас жа дэмакратыя, – то на вуліцы можа выйсці больш за 100 тысяч, як у жніўні-верасні. І зноў жа пад тэлекамеры замежных журналістаў. І гэты варыянт таксама сапсуе ўсю капэлу. Добрага рашэння для Лукашэнкі тут не існуе.

Поделиться ссылкой: