Светлагорск: два арышты і тры штрафы за рэквіем каля “Маўклівага звона”

140
У судзе Светлагорскага раёна. Фота: Palesse.press
У судзе Светлагорскага раёна. Фота: Palesse.press

Ажно тры прысуды вынес 12 студзеня суддзя Светлагорскага раёна Уладзімір Сцяпанаў удзельнікам ушанавання памяці загінуўшага Рамана Бандарэнкі каля мясцовага помніка “Маўклівы звон”.

На падставе адміністрацыйных пратаколаў, складзеных міліцыяй за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемствае, суддзя пакараў Анатоля Кнігу арыштам на 15 сутак, Валерыя Найдзёніка – на 9 сутак, а жонку апошняга, Наталлю Найдзёнік, аштрафаваў на 435 рублёў. Прысуды яны аспрэчваюць.

Днём раней усё той жа суддзя Сцяпанаў пастанавіў аштрафаваць гараджанку Алену Навумовіч на 580 рублёў. Судовы “канвеер” запрацаваў на поўную моц таму, што акурат 12 студзеня сыходзіў двухмесячны тэрмін, цягам якога грамадзяніна можна пакараць за адміністрацыйнае правапарушэнне.

Раней, у снежні мінулага года, суддзя Людміла Сядзько аштрафавала вядомага светлагорскага прадпрымальніка, дырэктара аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоля Змітровіча на 1080 рублёў, прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным рэквіеме каля “Маўклівага звона”.

А здарылася вось што. 13 лістапада група светлагорцаў усклала кветкі да манумента “Маўклівы звон” – помніка ахвярам вайны, памінаючы адначасова і забітага ў Мінску Рамана Бандарэнку. Гараджане запалілі знічы, выказалі словы падзякі і шанавання героям, што аддалі сваё жыццё ў імя свабоды і справядлівасці. Гэта і прызнана судом як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве без дазволу райвыканкама.

Поделиться ссылкой: