«Перасталі прыходзіць лісты». Палітвязень Ігар Лосік галадае ўжо 31 дзень

35
Палітвязень Ігар Лосік. Фота з адкрытых крыніц
Палітвязень Ігар Лосік. Фота з адкрытых крыніц

Шэраг вядомых асоб заклікаў Ігара спыніць галадоўку. За кратамі палітвязень ужо 201 дзень, паведамляе “Радыё Свабода”.

13 студзеня суд другі раз запар адмовіўся вызваліць Ігара Лосіка з-пад варты на просьбу яго адваката Дзмітрыя Лепрэтара.

Ігар Лосік перадаў паведамленне з-за кратаў:

«Усім прывітанне. Я галадаю ўжо месяц, пакуль самаадчуванне нармальнае. Ведаю, што мне пішуць сотні чалавек, некаторыя адгаворваюць працягваць галадоўку. Але я практычна не атрымліваю лістоў з 5 студзеня. Так што, хутчэй за ўсё, тым, хто чакае ад мяне адказаў, прыйдзецца пачакаць яшчэ.

На жаль, у судах заплюшчылі вочы на сфабрыкаваныя крымінальныя справы і пакінулі меру стрымання без змены. Але, я думаю, ніхто гэтаму не здзіўлены. Гэтая сітуацыя ніяк не паўплывала на маё рашэнне. Значыць, буду галадаць да таго часу, пакуль у кагосьці не з’явіцца жаданне адкрыць кодэксы і Канстытуцыю і пачаць выконваць закон. Або пакуль у мяне не адмовяць органы.

Саступаць я не збіраюся».

Дзмітрый Лепрэтар наведаў Ігара ў СІЗА Жодзіна.

«Ігар не спыняе галадоўку. Рашэнні суда Партызанскага раёна Мінску і Мінскага гарадскога суда пакінуць яго пад вартай ніяк не паўплывалі на намер Ігара працягваць адмаўляцца ад ежы, – кажа адвакат. – На здароўе не скардзіцца. Турэмныя медыкі цікавяцца яго станам. Прынамсі, пытаюцца ў Ігара пра гэта, спрабуюць памераць ціск.

Ён размаўляе з псіхолагам, які там ёсць. Выглядае бледным. І бачна па твары, што ён схуднеў.

Пра размовы з адміністрацыяй нічога не гаварыў. Я думаю, калі б адміністрацыя нейкім чынам хацела на яго паўплываць, то Ігар бы мне расказаў. Дарʼя (жонка Ігара Лосіка. – РС) сёння перадала неабходныя лекі для яго. Усё прынялі.

На жаль, да Ігара цяпер даходзіць вельмі мала лістоў. Ён атрымлівае толькі заказныя і тэлеграмы, не даходзяць нават лісты першага класа. Гэта яго вельмі сурʼёзна дэстабілізуе. Ігар ведае, што яму пішуць сотні людзей, і яму цяжкавата перажываць адсутнасць лістоў. Адзін са спосабаў скараціць час за кратамі – адказваць на лісты. Мы спадзяёмся, што адміністрацыя СІЗА зможа вырашыць гэтае пытанне».

Пра ход расследавання справы Ігара, а таксама калі магчымы пачатак працэсу, нічога не вядома. Адвакат Дзмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошванні.

Раней спыніць галадоўку Ігара папрасіў шэраг вядомых асоб, сярод якіх Святлана Ціханоўская, Анжаліка Агурбаш і Зміцер Дашкевіч.

«З аднаго боку, я Ігара разумею, бо ён ведае, што не вінаваты, і такім чынам дэманструе пратэст супраць таго, што адбываецца, – сказала Ціханоўская. – Але я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, не трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку – дыктатуры, рэжыму – усё роўна. Мы бачым, што яны не хочуць адступаць ад гэтай жорсткасці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам».

Поделиться ссылкой: