
Журналіста Андрэя Аляксандрава затрымалі ў рамках крымінальнай справы, заведзенай упраўленнем Следчага камітэта па Мінску, паведамляе “Радыё Свабода”.
Андрэй Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. Амаль суткі родныя і калегі не ведалі пра яго месцазнаходжанне. 13 студзеня дырэктар БелаПАН адправіўся ў міліцыю пісаць заяву аб знікненні чалавека, і там высветлілася, што Аляксандраў знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС Мінска.
Абставіны затрымання журналіста невядомыя. Разам з Андрэем была ўзятая пад варту яго дзяўчына, яна цяпер таксама на Акрэсціна.
Пра гэта паведаміла БелаПАН яго адвакат. Пра якую справу ідзе гаворка і ў якім статусе знаходзіцца затрыманы, яна не ўдакладніла на падставе падпіскі аб неразгалошванні.
Праваабаронца паспрабуе наведаць яго ў ізалятары на Акрэсціна. Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску сітуацыю не каменціруюць.