Уладзімір Колас: «Ініцыятыва зараз на баку новага пакалення…»

80
Уладзімір Колас. Фота https://www.racyja.com

Пасля выбараў палітычнае жыццё віравала на поўную моц, а вось пра Раду беларускай інтэлігенцыі было мала чуваць. Што здарылася?

З гэтым пытаннем “Народная Воля” звярнулася да старшыні гэтай грамадскай арганізацыі.

– Я не быў бы такі катэгарычны і не казаў бы, што апошнім часам мы зусім сышлі ў падполле, – кажа Уладзімір Колас. – Адразу пасля выбараў, калі яшчэ не было Каардынацыйнай рады, мы сабралі “круглы стол”, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі каля 50 няўрадавых арганізацый. Выдалі зварот у сувязі з тымі падзеямі, што адбываліся ў краіне, пазней паспрабавалі выйсці на сувязь з Каардынацыйнай радай.

Але актыўнага жадання ў Каардынацыйнай рады супрацоўнічаць з намі не было, а калі нейкі сябра вышэйзгаданай структуры і спрабаваў з намі распачаць дыялог, то яго альбо арыштоўвалі, альбо чалавек вымушаны быў з’ехаць за мяжу, як той жа Павел Латушка. Думаю, што ўсё гэта, безумоўна, супадзенні, збег абставін. Хаця мы былі гатовы дапамагаць і працаваць разам. Але, паколькі запытаў на супрацоўніцтва не ўбачылі, то і не спрабавалі перахапіць ініцыятыву, якой валодае Каардынацыйная рада.

А сваю пазіцыю мы выказалі ў звароце, які быў прыняты пасля выбараў. Згодны, што ўвагі да яго было не вельмі шмат, але што рабіць? Ёсць сёння каму браць на сябе ініцыятыву і звяртаць на сябе ўвагу. І дзякуй Богу!

– А якія слушныя ідэі вы маглі б прапанаваць Каардынацыйнай радзе?

– Цяжка нешта параіць у такой складанай сітуацыі, а яна і насамрэч няпростая. Мы ж бачым, якая рэакцыя ўлад на любыя праявы ініцыятывы і пазіцый. У краіне адбываецца самы сапраўдны тэрор і паляванне на іншадумства!

І я бачу, што народныя пратэсты – гэта феномен, які адбыўся. Слушная і рэакцыя міжнароднай супольнасці на падзеі ў Беларусі.

Але ў той жа час, як мне падаецца, існуе небяспека, што на хвалі народнай ініцыятывы яе могуць узяць у свае рукі нядобрасумленныя людзі. З гэтым у сваёй гісторыі мы ўжо сутыкаліся.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Калі дэмакратычнымі механізмамі скарыстаюцца папулісты і паліттэхнолагі, яны могуць зрабіць беларускаму народу новы “падарунак”. Вось гэтага нельга дапусціць, таму трэба, каб людзі заставаліся пільнымі, свядомымі і актыўнымі.

– Да выбараў улады казалі спачатку пра расійскіх “лялькаводаў”, затым пра заходніх, якія быццам бы кіруюць падзеямі ў Беларусі…

– Калі і казаць пра спробу “лялькаводзіць”, то асабіста для мяне відавочна, дзе знаходзяцца рэжысёры – у Маскве. Увесь наш досвед стасункаў з заходнімі партнёрамі паказвае, што там проста ёсць жаданне, каб краіна жыла, карыстаючыся дэмакратычнымі механізмамі, каб Беларусь рабілася цывілізаванай краінай, дзе ўсё празрыста і дэмакратычна.

А што тычыцца Расіі, то там тыя самыя праблемы, што і ў Беларусі, той самы агрэсіўны папулізм ва ўладзе, прапаганда, з дапамогай якой людзей ачмураюць. Гэта нашы агульныя праблемы, і калі мы іх вырашым, то і з Расіяй у нас будуць выдатныя стасункі. Там таксама шмат нармальных людзей, якія падтрымліваюць светлы бок у Беларусі.

– Чым Рада беларускай інтэлігенцыі займалася апошнім часам, калі ў краіне віравалі такія палітычныя падзеі?

– Шчыра кажучы, мы дзейнічалі не вельмі актыўна, але на гэта ёсць яшчэ і аб’ектыўныя прычыны. Я маю пэўныя праблемы са здароўем, і рада ўжо не тая. За апошні час мы згубілі шмат знакавых постацяў, і ўсё гэта, безумоўна, адбіваецца на працы.

Зараз мы збіраемся, абмяркоўваем сітуацыю ў краіне, гатовы, як ужо казаў, даваць нейкія парады, калі будзе такая неабходнасць. Але, паўтаруся, ініцыятыва зараз на баку новага пакалення, таму няхай у іх усё атрымаецца.

У той жа час варта адзначыць: у тым, пад якімі харугвамі зараз адбываецца рух да будучыні, таксама ёсць заслуга і Рады беларускай інтэлігенцыі, і “коласаўскага” ліцэя, і ГА “Таварыства беларускай мовы”. І гэта вельмі цешыць.

Публікацыя – з № 2 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: