Палітвязень Ігар Лосік галадае ўжо 30 дзён. Суд зноў адмовіўся выпусціць яго з-пад варты

49
Ігар Лосік
Ігар Лосік

13 студзеня Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні скаргі адваката Ігара Дзмітрыя Лепрэтара, паведамляе “Радыё Свабода”.

Перад гэтым вызваліць Ігара Лосіка з-пад варты адмовіўся суд Партызанскага раёна Мінска. Адміністратар тэлеграм-канала “Беларусь галаўнога мозгу” і кансультант “Радыё Свабода” знаходзіцца пад вартай ужо 200 дзён.

Ігар падчас сустрэчы са сваім адвакатам у СІЗА 12 студзеня папрасіў не спрабаваць адгаварыць яго ад галадоўкі.

«Амаль месяц прайшоў з пачатку маёй галадоўкі, – перадаў ён з-за кратаў. – Хацеў бы выказаць падзяку ўсім, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне з аўторка мінулага тыдня перасталі перадаваць вашы лісты, я ведаю, што вы мне пішаце. Шмат пішаце. Усім, ад каго я атрымаў лісты, я адказаў – чакайце персанальныя словы падзякі, рысункі і навіны з майго турэмнага жыцця. Напэўна, вера ў вас, а таксама ў сваю праўду і невінаватасць даюць мне сіл трымацца. Усім даўно відавочна, што мой крымінальны пераслед беспадстаўны.

Вельмі вас усіх прашу – не трэба ўгаворваць мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі больш за паўгода мяне трымаюць у турме незаконна? Я ўжо забыўся голас сваёй дачкі. Я разумею, што мае родныя і ўсе неабыякавыя людзі вельмі хвалююцца за маё здароўе. Але спыняцца я не магу і не хачу. Сваім жыццём я буду распараджацца сам, а сілы ў мяне пакуль яшчэ ёсць. Я веру ў сілу вашай салідарнасці».

Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня, яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Следства па яго справе не скончанае, з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.

Чытайце тэрміновыя навіны ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: