Каго Лукашэнка ўзнагароджвае ордэнамі і медалямі? Топ-7 недарэчных выпадкаў

184
Ордэны і медалі Беларусі. Фота з адкрытай крыніцы
Ордэны і медалі Беларусі. Фота з адкрытай крыніцы

Belsat.eu згадвае выпадкі, калі ўручэнне Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўных узнагарод выглядала найбольш абсурдна і недарэчна.

«Адвага» прапагандыстаў

11 студзеня Лукашэнка ўзнагародзіў дзяржаўных прапагандыстаў з фармулёўкай «за прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі». У прыватнасці, медаль «За адвагу» атрымаў Рыгор Азаронак, медаль «За працоўныя заслугі» – Андрэй Мукавозчык і Валерый Шульга, медаль Францыска Скарыны – Дзмітрый Крат і Ігар Тур.

Той факт, што ўзнагародзілі прапагандыстаў, якія заклікалі да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да мірных пратэстуючых і апраўдвалі рэпрэсіі, шмат у каго ў Беларусі выклікаў абурэнне. Асабліва недарэчна выглядала ўзнагарода «За адвагу», бо, паводле свайго статуту, медаль уручаецца за мужнасць у баявой сітуацыі, падчас выканання службовых абавязкаў або за ратаванне людзей пры надзвычайных здарэннях. Дзе праявіў «мужнасць» Азаронак, у прэс-рэлізе не ўдакладнялася.

Узнагароды за рэпрэсіі

Людзі ўцякаюць пасля выбуху дзвюх святлошумавых гранатаў на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат
Людзі ўцякаюць пасля выбуху дзвюх святлошумавых гранатаў на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Адразу пасля крывавых падзей 9–12 жніўня, падчас якіх тысячы людзей прайшлі праз затрыманні і катаванні за ўдзел у акцыях пратэсту, Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні 300 сілавікоў медалём «За бездакорную службу» з фармулёўкай «за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў».

У канцы года Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды намеснікам міністра ўнутраных спраў Генадзю Казакевічу і Мікалаю Карпянкову, камандзіру Спецыяльнага атрадуа хуткага рэагавання МУС Аляксандру Быкаву, камандзіру мінскага АМАПа Дзмітрыю Балабу, а таксама камандзірам гродзенскага і брэсцкага АМАПа Віктару Краўцэвічу і Максіму Міховічу адпаведна. Праўда, што за ўзнагароду атрымалі высокапастаўленыя сілавікі, у паведамленні прэс-службы Лукашэнкі чамусьці не ўдакладнялася.

Падзяка для пасла

Фота: Таня Капітонава / Белсат
Фота: Таня Капітонава / Белсат

У чэрвені 2020 года Лукашэнка ўзнагародзіў пасла Славакіі ў Беларусі Ёзэфа Мігаша ордэнам Францыска Скарыны за тое, што дыпламат ва ўмовах пандэміі наведаў вайсковы парад 9 мая ў Мінску. Зрабіў ён гэта без кансультацый са славацкім МЗС, таму праз тры дні пасля парада Мігаш быў вымушаны падаць у адстаўку.

Лукашэнка выступіў у абарону Мігаша: назваў наведванне парада «годным учынкам», а адстаўку дыпламата – «міжнародным скандалам». Цікава, што ўзнагароджанне Мігаша ў прэс-рэлізе прэс-службы Лукашэнкі тлумачылася тым, што пасол зрабіў «значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй».

Недарэчнасць сітуацыі заключаецца яшчэ ў тым, што ордэн Францыска Скарыны ўручаецца выключна за дасягненні ў сферы развіцця нацыянальнай культуры, дабрачыннасць і абарону правоў грамадзян. За развіццё сяброўскіх стасункаў паміж народамі ды дзяржавамі звычайна ўзнагароджваюць ордэнам Дружбы народаў.

Праўда, гэта не адзіны такі выпадак: раней ордэн Францыска Скарыны атрымлівалі расійскія палітыкі Юрый Лужкоў, Валянціна Мацвіенка і Генадзь Селязнёў.

Узнагароды для зорак расійскага шоу-бізнесу

Ордэн Францыска Скарыны, які ўручаецца «за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння», наогул ужо даўно страціў свой першапачатковы сэнс. Лукашэнка ўганароўваў гэтым ордэнам зорак расійскага шоу-бізнесу, якія падтрымлівалі добрыя стасункі з уладамі Беларусі. Напрыклад, ордэн Скарыны атрымалі спевакі Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў, музыканты Юрый Антонаў і Надзея Бабкіна, прадзюсар Віктар Дробыш.

Лукашэнка і Віктар Дробыш, 2015 год. Фота: president.gov.by
Лукашэнка і Віктар Дробыш, 2015 год. Фота: president.gov.by

Часцей за ўсё ўзнагароджванне суправаджалася тлумачэннем, што ордэн дзеячы атрымліваюць за ўмацаванне беларуска-расійскіх культурных сувязяў. У выпадку Дробыша Лукашэнка яшчэ прыгадаў беларускія карані прадзюсара і адзначыў, што той лепш ставіцца да Беларусі, чым Святлана Алексіевіч, якая тады толькі атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

«Вы ніколі, нават быўшы далёка ад нашай радзімы, калі пра нас не вельмі добра гаварылі, вы ніколі не саромеліся называць сябе беларусам, у адрозненне ад асобных нашых «творцаў»… Ну, творчых асоб, нават лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, якія яшчэ не паспелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна», – сказаў ён тады.

Натуральна, што Святлана Алексіевіч ад Лукашэнкі ўзнагарод ніколі не атрымлівала.

Герой дэвальвацыі

Пётр Пракаповіч. Фота: TUT.by
Пётр Пракаповіч. Фота: TUT.by

У 2006 годзе званне Героя Беларусі атрымаў Пётр Пракаповіч, які ўзначальваў Нацбанк нашай краіны з 1998 да 2011 года.

Герой Беларусі – найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода, яе ўручаюць за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. За ўвесь час званне Героя Беларусі атрымалі толькі 11 чалавек. Адным з іх аказаўся Пётр Пракаповіч, якога ўшанавалі ордэнам «за значны ўнёсак у забеспячэнне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі і павышэнне на гэтай аснове ўзроўню жыцця насельніцтва».

Праўда, праз пяць гадоў манетарная палітыка Нацбанка прывяла да маштабнага эканамічнага крызісу – беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы. Напярэдадні крызісу Пракаповіч абяцаў беларусам: «Пакуль я застаюся старшынём Нацбанка, дэвальвацыі больш за 5% не будзе». Імя Пракаповіча тады стала сімвалам краху фінансавай палітыкі ўладаў Беларусі.

Ордэн для алігарха

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год. Крыніца – president.gov.by
Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год. Крыніца – president.gov.by

У чэрвені 2013 года ордэнам Айчыны III ступені былі ўзнагароджаныя двое бізнесменаў, якіх лічылі набліжанымі да Лукашэнкі: Аляксандр Машэнскі і Юрый Чыж.

Асаблівасць сітуацыі палягала ў тым, што Чыж на той момант быў у санкцыйным спісе Еўрасаюза, бо яго называлі «кашальком» Лукашэнкі.

Праз тры гады Чыжа арыштаваў КДБ – алігарха абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. З заяў старшыні КДБ вынікала, што ў той момант, калі Лукашэнка асабіста ўзнагароджваў Чыжа, бізнесмен ужо больш за год актыўна выводзіў грашовыя сродкі за мяжу, каб не плаціць падаткаў у Беларусі. Суму шкоды чэкісты тады ацэньвалі ў $ 12 млн.

За тое, што гуляюць у хакей з Лукашэнкам

Лукашэнка падчас хакейнага турніру. Фота: president.gov.by
Лукашэнка падчас хакейнага турніру. Фота: president.gov.by

У 2014 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў членаў сваёй хакейнай каманды. Вадзім Бекбулатаў атрымаў ордэн Пашаны. Дзмітрый Баскаў, Алег Мікульчык і Сяргей Шыткоўскі – медаль «За працоўныя заслугі».

У мінулым усе чацвёра – прафесійныя хакеісты. Некаторыя нават бралі ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Але ўзнагароджаныя яны былі менавіта як члены аматарскай каманды Лукашэнкі, пра што гаварылася ў прэс-рэлізе, іншыя іх спартыўныя дасягненні нават не згадваліся. Адначасова шэраг гульцоў каманды Лукашэнкі тады атрымаў званне заслужанага майстра спорту.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: