Як два Іваны на тонкім лёдзе Іпуці ратавалі занямоглага рыбака

150
На здымку: эвакуацыя занямоглага рыбака на бераг

Пенсіянеру з Добруша, які 13 студзеня вырашыў заняцца падлёднай лоўляй рыбы на рацэ Іпуць, нечакана стала блага – у яго здарыўся сардэчны прыступ. Медыкі хуткай дапамогі не адважыліся да яго дабрацца: лёд тонкі, а сам рыбак быў далёка ад берага.

На дапамогу прыйшлі два Іваны – Іван Рафееў і Іван Гурын, дзяжурныя супрацоўнікі Добрушскай выратавальнай станцыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах.

“На мяккіх насілках мы вывезлі небараку па лёдзе на бераг, дзе і перадалі ў рукі медыкаў. Лёд хоць і тонкі, але ратаваць людзей – гэта наша праца”, – распавёў журналісту “Народнай Волі” Іван Рафееў.

Ён дадаў, што лёд на Іпуці слабы – усяго 4–5 сантыметраў. Нягледзячы на яўную небяспеку, аматараў падлёднай лоўлі хапае. Ловяць плотку, акунёў, гусцеру, часам шчупакоў. Далёка не ўсе зважаюць на перасцярогу ратавальнікаў устрымацца ад выхаду на лёд, пакуль ён не набудзе дастатковую трываласць.

Выратавальнік лічыць: пенсіянеру проста пашанцавала, што лёд пад ім не праламаўся і яго ўдачна эвакуіравалі на бераг.

За дзевяць гадоў працы на станцыі Іван Рафееў асабіста выратаваў 7 чалавек. Але ратавальнікі, па яго словах, не прыйдуць на дапамогу, калі рыбакі выбіраюць глухія аддаленыя месцы, дзе няма каму патэлефанаваць ці няма каго паклікаць на дапамогу.

Чытайце тэрміновыя навіны ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: