Станіслаў Шушкевіч: «Рэчы да гэтага часу не вярнулі…»

159
Станіслаў Шушкевіч

Сын экс-старшыні Вярхоўнага Савета распавёў “Народнай Волі” пра тое, як перанёс каранавірус, і ўзгадаў справу, з-за якой у мінулым годзе трапіў у ізалятар на 10 сутак.

Нагадаем, што каля двух месяцаў таму ля пад’езда ўласнага дома быў затрыманы 36 гадовы прадпрымальнік Станіслаў Шушкевіч, сын першага кіраўніка Беларусі. У выніку яго асудзілі на 10 сутак, пакаранне ён адбываў у ізалятары ў Жодзіне.

– Практычна адразу пасля выхаду даведаўся, што захварэў на каранавірус, – кажа Шушкевіч-малодшы. – У пяці чалавек, з якімі быў у камеры, COVID-19 пацвердзіўся, таму шанцы, што мяне хвароба абышла бокам, заставаліся мінімальныя. Складана было ў невялікім памяшканні, дзе знаходзілася дзесяць чалавек, захоўваць нейкую дыстанцыю.

У выніку мой тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік, а таксама захварэла маці, якая сустракала мяне ў Жодзіне пасля выхаду з ізалятара.

– Як адчуваеце сябе пасля хваробы?

– Я яе перанёс у дастаткова лёгкай форме, калі так можна сказаць. Дрэнна пачуваўся паўтара дня, але распазнаваў пахі і смак. Зараз нейкіх сур’ёзных наступстваў не адчуваю, хаця ў той жа час цудоўна разумею: гэта абсалютна не азначае, што іх зусім няма. Ва ўсіх розныя арганізмы і імунітэт.

– Ці вярнулі вам рэчы, якія сілавікі забралі пры затрыманні?

– Нічога не вярнулі – ні тэлефон, ні іншыя дробязі. Магчыма, яны ў міліцыі, можа быць, засталіся ў ізалятары. Шчыра кажучы, не хочацца нават і даведвацца пра іх далейшы лёс, бо ўжо купіў сабе новы тэлефон.

Няма ніякага жадання вяртацца ў той асяродак, бо чаго добрага зноў скажуць, што не асабістыя рэчы спрабую вярнуць, а праводжу несанкцыянаваны пікет, і адправяць на чарговыя суткі.

– Але два месяцы таму за краты вас адправілі за іншае…

– На суткі ў лістападзе мяне адправілі за тое, што зрабіў рэпост нейкага паведамлення з тэлеграм-канала, які, як аказалася, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Я не раю вам яго ўзгадваць, але ён усім добра вядомы… Не хочацца пра гэта больш успамінаць.

Публікацыя – з № 2 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: