Правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі амаральна — кіраўнік МЗС Латвіі

78
Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс
Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс

Амаральным назваў правядзенне матчаў чэмпіянату свету па хакеі-2021 у Мінску на фоне рэпрэсій супраць мірных грамадзян кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Латвіі Эдгарс Рынкевічс, перадае Еўрарадыё.

Латвія разам з Беларуссю павінны прыняць матчы ЧС-2021 у траўні-чэрвені. Аднак на фоне паслявыбарчага гвалту, які беларуская ўлада зладзіла ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, паўстала пытанне аб немагчымасці правядзення матчаў чэмпіянату ў Мінску і пераносе іх у іншую краіну. Канчатковае рашэнне Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) павінна прыняць у канцы студзеня. Напярэдадні кіраўнік Федэрацыі Рэнэ Фазель прыляцеў у Мінск, каб абмеркаваць сітуацыю з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Пацвярджаю пазіцыю Латвіі аб тым, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску зусім непрымальна, рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку спартсменаў, робяць такое мерапрыемства амаральным і супярэчным прынцыпам спартыўных паводзінаў”, — напісаў у Twitter па выніках сустрэчы Фазеля з Лукашэнкам кіраўнік МЗС Латвіі.

Па словах Рынкевічса, Латвія чакае канчатковага рашэння Міжнароднай федэрацыі хакея.

Яшчэ ў жніўні — пасля першых жорсткіх разгонаў беларускіх пратэстаў — кіраўнік латвійскага ўрада Крыш’яніс Карыньш казаў, што ў такіх умовах у Рызе не лічаць магчымым праводзіць чэмпіянат свету разам з Мінскам.

Акрамя таго, шэраг краін заявілі аб намеры праігнараваць чэмпіянат, калі ён пройдзе ў Беларусі. У прыватнасці, варыянт байкоту не выключаюць у Даніі і Фінляндыі.

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні на сустрэчы з Фазэлем казаў, што прыме любое рашэнне. “Рабі так, як будзе лепш хакею, як будзе лепш тваім сябрам і табе асабіста. Мы крыўды ўтойваць не будзем”, сказаў ён госцю. Акрамя Лукашэнкі ў Мінску Фазель меў зносіны і з кіраўніком Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым, у дачыненні да якога IIHF праводзіць расследаванне. Баскава падазраюць у дыскрэдытацыі хакея як віду спорту. Сярод канкрэтных падазрэнняў — магчымая прысутнасць кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея на Плошчы Перамен у момант жорсткага затрымання Рамана Бандарэнкі, які памёр пазней у бальніцы.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: