«Неўзабаве пачнецца суд». Справа журналістак «Белсата» ўжо ў пракуратуры

25
Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч
Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч

Пра гэта “Свабодзе” распавёў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш. Навінаў пра завяршэнне расследавання ў справе Кацярыны Барысевіч з TUT.BY пакуль няма.

Журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада разам з аператарам Дар’яй Чульцовай падчас стрыму з аднаго з дамоў, размешчаных на «плошчы Перамен». 20 лістапада абедзвюм дзяўчатам выставілі абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Журналістак перавялі з Акрэсціна ў СІЗА Жодзіна, праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Як расказаў “Свабодзе” муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, суд па справе яго жонкі можа пачацца ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

«Матэрыялы справы Кацярыны знаходзяцца ў пракуратуры, – гаворыць Ігар. – Ведаю з ліста ад яе, што Каця чакае ўжо этапіравання ў Мінск. Яна піша, што чакае суда, але не робіць ніякіх прагнозаў наконт яго вынікаў. Дату этапіравання і суда пакуль не прызначылі, падрабязнасцяў пра гэта мы не ведаем. Можна меркаваць, што ў суд справу перададуць у сярэдзіне студзеня».

Ігар Ільяш зазначае, што абвінавачванні жонцы выставілі праз пяць дзён пасля затрымання: Кацярыну затрымалі 15 лістапада, а 20-га выставілі абвінавачванне.

«Відавочна, нейкі план у гэтых людзей, якія давалі дабро на Каціну справу, ёсць. Калі параўнаць з тым, што адбываецца з Ігарам Лосікам, якога трымаюць паводле таго ж артыкула з лета мінулага года, то ў мяне два варыянты тлумачэння такой хуткасці, – кажа Ігар. – Альбо яны хочуць зрабіць паказальна жорсткі прысуд, каб запалохаць журналістаў. Сігнал, каб не вялі ніякіх стрымаў, не асвятлялі пратэсты. Альбо іншы варыянт – хочуць “намаляваць” мяккі прысуд, штраф альбо ўмоўны тэрмін ці хатні арышт. Каб хваля салідарнасці знікла, каб не было падстаў зноў і зноў гаварыць пра арышт журналістак. І адначасова можна было б абмежаваць іх у прафесійнай дзейнасці».

Паводле слоў Ігара Ільяша, судзіць Кацярыну Андрэеву будуць разам з Дар’яй Чульцовай. Адвакат Дар’і знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаванні і амаль не дае інфармацыі пра стан яе падабароннай. Бацькі таксама неахвотна кантактуюць са СМІ. Аднак Чульцова і Андрэева паўсюль у дакументах і матэрыялах справы праходзяць разам, таму можна меркаваць, што іх справа павінна разглядацца таксама ў адным працэсе. Першы тыдзень арышту Чульцова і Андрэева нават знаходзіліся ў адной камеры, але потым іх раздзялілі. Журналісткі толькі аднойчы бачыліся ў калідоры СІЗА ў Жодзіна.

«Кацярына з кожным днём усё цяжэй пераносіць зняволенне, гэта адчуваецца, – кажа Ігар Ільяш. – Але яна захоўвае бадзёры настрой, баявы. У прынцыпе, яна ад самага пачатку рыхтавалася, што можа быць арышт, такое развіццё падзей. Крымінальная справа за прафесійную дзейнасць. Яна рыхтавалася псіхалагічна. Таму ў гэтым плане яна трымаецца. Вядома, бываюць ноткі дэпрэсіўныя ў лістах. Але гэта натуральна. Я па сабе ведаю, што нават калі 15 дзён сядзіш, то бываюць перапады настрою. У цэлым Каця трымаецца добра. Што да стану здароўя, то пасля пераводу ў Жодзіна ў Каці былі два моцныя алергічныя прыступы. Але потым ужо ўсё ў парадку, яна больш не скардзілася».

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч за кратамі ўжо 52 дні. Першыя некалькі сутак яна правяла ў «амерыканцы», затым яе перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра ход расследавання справы «аб выдаванні лекарскай тайны, якое мела цяжкія наступствы», амаль нічога невядома. Разам з Барысевіч па ёй праходзіць доктар Арцём Сарокін, які таксама знаходзіцца пад вартай. Вядома, што да Барысевіч у СІЗА даходзяць далёка не ўсе лісты. Сама журналістка піша, што чакае суда, на ўмовы ўтрымання не скардзіцца. Да яе даходзяць перадачы, настрой бадзёры.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: