
Доктар гістарычных навук, вядомы прафесар другі тыдзень знаходзіцца ў другой бальніцы. Ляжыць Леанід Міхайлавіч не ў рэанімацыі, а ў агульнай палаце на чатыры чалавекі, час ад часу ён знаходзіцца пад кіслародам.
Леанід Лыч вельмі не хацеў шпіталізавацца. Некаторы час разам з жонкай яны разам хварэлі дома. А потым жонцы стала лепей, а яго хвароба то адпускала, то накрывала ізноў.
Людміла Мікалаеўна – доктар. Яна зразумела, што без бальніцы, відаць, усё ж такі не абыдзецца.
“Леанід Міхайлавіч у шпіталях ляжаў толькі ў маладосці, яму не вельмі хацелася класціся, але што зробіш, – распавяла жонка Леаніда Лыча “Народнай Волі”. – Мы з ім па тэлефоне некалькі разоў на дзень размаўляем. Яму то лепш, то горш. То ходзіць крыху, то зноў ляжыць. Ён скардзіцца на тое, што сіл няма, і праз гэта – і настрою. Але ж гэта адна з асаблівасцяў каранавіруса – многія з тых, хто хварэў, пра гэта распавядаюць. Тут патрэбны імунітэт і час. І яшчэ вера, што ўсё будзе добра”.
Менш чым праз месяц – 8 лютага – Леаніду Лычу споўніцца 92 гады.
Будзем спадзявацца, што Леанід Міхайлавіч з дапамогай дактароў здолее справіцца з каварнай хваробай.
Будзьце здаровы, Леанід Міхайлавіч!