Кіраўніка АГП Казлова будуць судзіць… за адмову даць падпіску аб неразгалошванні

312
Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі 12 студзеня зноў наведаў цэнтральны апарат Следчага камітэта, каб даць паказанні па крымінальнай справе супраць заснавальнікаў Каардынацыйнай рады, паведамляе “Наша Ніва”.

Гэта ўжо трэці паход Казлова ў СК, але кожны раз ён адмаўляўся даваць паказанні, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі – нікога нельга прымусіць даваць паказанні супраць самога сябе.

У выніку Казлоў так нічога не сказаў, але з яго ўсё адно патрабавалі падпісаць паперку аб неразгалошванні. Палкоўнік Аксана Перастэнка паўтары гадзіны настойвала, каб палітык падпісаў паперку, але з гэтага так нічога не выйшла.

Гэтак жа Казлова дапытвалі 30 снежня і 5 студзеня. Кіраўнік АГП лічыць справу «нічым не абгрунтаванай». «Допыты праходзяць з адзінай мэтай – каб надзёргаць нейкіх цытат, а з іх зляпіць абвінавачванне, – кажа палітык. – У вельмі многіх пытаннях стаіць прыпіска аб «пагрозе нацыянальнай бяспецы». Я не вытрымаў і спытаў, ці засталіся яшчэ правы, якія не пагражаюць нацыянальнай бяспецы, мне на гэта нічога не адказалі. Мне здаецца, што падпіскай аб неразгалошванні яны хочуць прыкрыць тое глупства і непрафесіяналізм, якія бачныя ў гэтай справе».

На допыт 12 студзеня прыйшоў участковы Партызанскага раёна Мінска, які забраў палітыка і яго адваката ў апорны пункт міліцыі, дзе склаў адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне». Парушэнне заключаецца ў тым, што Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Суд прызначаны на 15 студзеня аб 11-й гадзіне.

Казлову пагражае штраф ці 15 сутак зняволення.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: