“Ён шукаў паразумення ў беларускім грамадстве”: Ціханоўская і Латушка выказалі спачуванні з нагоды смерці мітрапаліта Філарэта

34
Мітрапаліт Філарэт. Фота з адкрытай крыніцы
Мітрапаліт Філарэт. Фота з адкрытай крыніцы

Сёння ў Мінску пайшоў з жыцця мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Яму было 85 гадоў, прычынай смерці стаў каранавірус. Спачуванні з нагоды смерці былога архіпастыра беларускага народа выказалі дэмакратычныя лідары нашай краіны Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.

“Шчыра спачуваю беларускім праваслаўным вернікам з нагоды смерці ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта. Мітрапаліт Філарэт шмат працаваў для адраджэння Царквы ў часы пераходу ад савецкага атэістычнага ладу да незалежнай Беларусі, ён надаваў вялікую ўвагу міжканфесійнаму дыялогу. Яго будуць помніць як шчырага і адкрытага чалавека, які шукаў паразумення ў беларускім грамадстве”,адзначыла Святлана Ціханоўская.

“Пайшоў з жыцця выбітны чалавек, Асоба, якая ўнесла непараўнальны ўклад у духоўнае адраджэнне беларусскага народа. Дзякуючы Яго Высокапрыасвяшчэнству Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту Беларуская праваслаўная царква стала важнейшым фактарам яднання беларускага народа, спрыяла выхаванню ў беларусаў годнасці і свядомасці, павагі да поглядаў іншага чалавека, недапушчальнасці маральнага гвалту над асобай. Уладыка Філарэт увёў ва ўжытак назву “Беларуская праваслаўная царква. Важкі ўнёсак зроблены і ў аднаўленне спрадвечных традыцый праваслаўя беларускай нацыі. Падчас шматлікіх сустрэч з Яго Высокапрыасвяшчэнствам меў вялікі гонар пазнаць і атрымаць непараўнальны ні з чым духоўны зарад. Заўсёды захаваю светлую памяць пра Уладыку Філарэта, яго шчырую любоў да беларусаў i кожнага бліжняга. Смуткую разам з усімі, хто ведаў Мітрапаліта”, – такімі словамі развітаўся з Філарэтам Павел Латушка.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: