Ці маюць намер узяць удзел у так званым Усебеларускім народным сходзе партыі, рухі і грамадскія арганізацыі?

217

Ігар БАРЫСАЎ: «Гэта міжсабойчык улады»

Запрашэнне ўзяць удзел у сходзе старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымаў ад намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. У адказ ён накіраваў свае прапановы наконт парадку дня форуму.

– Але, скажыце, ці маем мы, прадстаўнікі дэмакратычных партый, маральнае права ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, калі за кратамі сядзяць палітвязні, працягваецца гвалт, не працуе закон, не ідуць расследаванні фактаў забойстваў? – разважае Ігар Барысаў. – Васкрасенскі, які імітуе грамадскі дыялог, кажа, што будзе выносіць пытанне амністыі на агульнае абмеркаванне сходу, але я лічу, што гэта ніякі не ўсенародны форум, а міжсабойчык улады.

Каб пачаць дыялог з апазіцыяй, трэба вызначыць суб’екты для перамоў, вызваліць усіх палітзняволеных і пачаць размаўляць пра транзіт улады – правядзенне выбараў усіх ўзроўняў.

Лічу, што першыя выбары павінны адбыцца менавіта парламенцкія – у якасці кампарамісу, каб парламент ізноў стаў суб’ектам міжнароднай палітыкі, але выбары толькі пад наглядам АБСЕ.

Далей – адстаўка Лукашэнкі, змены ў Канстытуцыю, і пасля – выбары прэзідэнцкія (калі народ палічыць, што краіне гэтая пасада патрэбна. Асабіста я супраць яе, як і наша партыя).

Уладзімір БЕЛАЗОР: «Не бачу, з кім весці перамовы…»

Старшыня Рэспубліканскай партыі гаворыць, што яго на сход ніхто не запрашаў.

– У нас ёсць пэўныя прапановы, але, шчыра кажучы, неяк так дзіўна ўсё арганізавана, што я нават не ведаю, куды іх накіроўваць, з кім весці перамовы, які парадак дня будзе на тым сходзе…

Таццяна КАРАТКЕВІЧ: «Хацелася б атрымаць справаздачу, колькі народных грошай будзе на гэта змарнавана»

Кампанія “Гавары праўду” прапанавала прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку ўключыць у аргкамітэт Усебеларускага сходу прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, а таксама зацвердзіць празрыстую працэдуру вылучэння дэлегатаў ад народа.

– Але мы адразу зразумелі, што гэта карпаратыўнае мерапрыемства, дзе будуць усе свае, што месцы размеркаваны і ўсё жорстка зарэгламентавана, ніякай альтэрнатывы ніхто ўвогуле не пачуе, – выказвае свае думкі сустаршыня кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. – У грамадстве шмат людзей, якія хочуць агучыць сваю пазіцыю, і многія сапраўды жадаюць знайсці кампраміс, але дзверы зачынены. Грамадства стаіць перад гэтымі зачыненымі дзвярыма, хоць яно падрыхтавана да перамоў.

Як бачым, рыхтуецца чыста карпаратыўнае мерапрыемства, якое ладзіцца за народныя грошы. Хацелася б, дарэчы, атрымаць справаздачу, колькі грошай на гэта будзе змарнавана. І які ў гэтым сэнс? Тое, што было агучана ўладай, – наданне сходу статусу заканадаўчай ініцыятывы, – гэта ўсё пераварочвае з ног на галаву, канчаткова разбурае палітычную сістэму краіны.

Атрымліваецца, Лукашэнка, яго ўлада баяцца грамадства, баяцца адкрытай размовы
пра будучае і закрываюцца ад людей, дзеляць іх на “сваіх” і “чужых”.

Калі мы атрымаем запрашэнне, безумоўна, разгледзім яго, абмяркуем і прымем рашэнне, удзельнічаць альбо не. З іншага боку, сёння нам нішто не перашкаджае мець зносіны з людзьмі.

Юрась ГУБАРЭВІЧ: «Гэта сходка апошніх прыхільнікаў сыходзячага рэжыму»

Старшыня руху “За Свабоду” дэлегатам сходу быць не плануе і ніякіх запрашэнняў у Палац Рэспублікі не атрымліваў.

– Бо не ўваходжу ў кола асоб, якія, як сведчаць рэальныя вынікі галасавання, падтрымліваюць незаконны захоп ўлады ў жніўні 2020 года, – гаворыць Юрый Губарэвіч. – Лічу, што вынікі названага мерапрыемства не будуць адлюстроўваць сапраўдную волю беларускага народа. Гэту падзею хутчэй можна назваць сходкай апошніх прыхільнікаў сыходзячага рэжыму. Цікава нават будзе паназіраць, ці знойдзецца такіх дастатковая колькасць, каб запоўніць залу.

Васіль ЗАДНЯПРАНЫ: «Мы абралі дэлегатаў…»

Старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці чакае, якое рашэнне прымуць мясцовыя ўлады.

– Мы вылучылі дэлегатаў, але будуць яны зацверджаны ці не – я не ведаю, – распавядае Задняпраны. – Мы праводзілі сходы, падавалі пратаколы ў аблвыканкамы, нам сказалі, што іх разгледзяць, але заўважылі, што вылучаць дэлегатаў могуць арганізацыі, якія налічваюць 100 тысяч і больш чалавек. А ў нас столькі няма. Таму пытанне пакідаецца на разгляд мясцовых улад.

Дзмітрый КУЧУК: «Палітычныя партыі павінны запрасіць»

Старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” спасылаецца на дакумент са спісам магчымых удзельнікаў Усебеларускага сходу, які шырока разышоўся па інтэрнэце.

– Калі верыць гэтым паперам, то палітычныя партыі павінны атрымаць запрашэнне для ўдзелу ў сходзе, – гаворыць Кучук. – Але ж ці будзе так – цяжка сказаць.

Хутчэй за ўсё, мы не возьмем удзелу ў гэтым мерапрыемстве. Можна, канешне, туды пайсці, зладзіць нейкі перформанс, зламаць усе сцэнарыі ўлады, але ж невядома нават, якія пытанні там будуць абмяркоўвацца. Ну і не вельмі зразумелы статус гэтага сходу. А легітымізаваць яго сваёй прысутнасцю – мы не лічым гэта канструктыўным.

Мікалай КАЗЛОЎ: «Ганьба, а не сход!»

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі праігнараваў ліст ад намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. І дэлегатаў ад партыі на сходзе не будзе.

– Нават не разумею, чаму вы задаяце мне такое пытанне пра ўдзел у сходзе… Гэта выключана! – вельмі катэгарычна адказаў Казлоў. – І калі раптам мне прышлюць запрашэнне, то я яго праігнарую. Была паперка падаць свае прапановы і ініцыятывы на Усебеларускі сход, але я яе проста праігнараваў. Няма цікавасці да таго, як улада збіраецца захаваць статус-кво і ў чарговы раз зрабіць дурнямі беларусаў. Гэта ганьба, а не сход!

Сяргей КАЛЯКІН: «Лепш аб’явіць спадчынную манархію…»

Старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” не разумее, чаму дагэтуль не вядома, якія канкрэтныя пытанні будуць абмеркаваны на сходзе.

– З прэзідэнцкага ўказа адразу вынікала, што ніхто ніякіх незалежных дэлегатаў на гэты сход абіраць не будзе, – гаворыць Сяргей Калякін. – Усіх абяруць самі на сесіях Саветаў дэпутатаў у гарадах і раёнах. Фактычна дэлегаты будуць прызначаны. Але будзе спроба прадставіць гэта ўсё як інструмент прамой дэмакратыі. Хаця дэмакратыяй тут і блізка не пахне!

Гучаць думкі, што гэты сход павінен абірацца ўсенародна, як абіраецца парламент, але тады не патрэбны Нацыянальны сход, бо Усебеларускі сход возьме на сябе функцыі пастаянна дзеючых дэпутатаў – за выключэннем таго, што грошай не будуць атрымліваць. А калі ёсць парламент, а над ім яшчэ нейкі кантрольны орган – то гэта, прабачце, трэба да псіхіятра звяртацца, а не да палітолага.

Прыхільнікі ўлады маюць права нешта абмяркоўваць, уносіць нейкія прапановы. Але яны падчас Усебеларускага сходу не могуць змяніць Канстытуцыю, змяніць той ці іншы закон. Таму што гэта шырокі дарадчы орган.

Дарэчы, я дагэтуль не чуў, каб ішло ўсеагульнае абмеркаванне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступнае пяцігоддзе. Нават калі гэта будуць абмяркоўваць на сходзе, то людзі павінны загадзя азнаёміцца з дакументамі. Гэта ж не пра колер абутку пабалбатаць! Таму, на мой погляд, гэта прафанацыя, а не сход.

Да нас звярнуўся аргкамітэт па правядзенні УНС, папрасілі накіраваць свае прапановы. Мы далі ім дакумент на дзевяці старонках, таму што мы хочам, каб на наш адрас потым не было папрокаў: маўляў, мы запрашалі да дыскусіі, а яны нічога не зрабілі, у іх няма прапаноў. Такога нельга дапусціць, гэта пастка. Мы канкрэтна напісалі, што трэба зрабіць і з пункту гледжання рэфармавання Канстытуцыі, і з пункту гледжання рэфармавання дзяржаўнага кіравання. Напісалі, што судовая сістэма не павінна залежаць ад іншых органаў улады, трэба навесці парадак у прававой сферы. І па эканоміцы сфармулявалі прапановы – спадзяюся, іх хаця б прачытаюць…

Сяргей ЧЭРАЧЭНЬ: «Гэта фікцыя…»

Старшыня партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” лічыць ніжэй гонару дыялог па перапісцы.

– Мы адразу заявілі, што не прызнаем Усебеларускі народны сход, бо гэта пэўная імітацыйная шырма, а ўдзельнічаць у фікцыі не хочацца, – тлумачыць сваю пазіцыю Сярней Чэрачэнь.

– Нам, як і прадстаўнікам іншых партый, прапанавалі прадаставіць свае ініцыятывы на Усебеларускі сход, але мы нават адказваць не сталі. Бо цудоўна разумеем, што дыялог па пошце – гэта не дыялог. У дадзенай сітуацыі я не бачу, каб дзеючая ўлада, Адміністрацыя прэзідэнта ці выканаўчыя органы былі сапраўды адкрыты да рэальнага дыялогу з грамадствам на вышэйшым узроўні.

Публікацыя – з № 2 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: