Аляксандр Апейкін: «Гатовы да адкрытай дыскусіі з любым чыноўнікам Міністэрства спорту»

91
Аляксандр Апейкін

Ці будуць уведзены санкцыі ў дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта? Пройдзе альбо не ў Мінску чэмпіянат свету па хакеі? Ці гатовы “праўладныя” спартсмены да дыскусіі з апанентамі? На гэтыя і іншыя пытанні “Народнай Волі” адказвае выканаўчы дырэктар Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр АПЕЙКІН.

– Ці падтрымліваеце вы зараз сувязь з Міжнародным алімпійскім камітэтам?

– Паміж намі нармальныя працоўныя стасункі, зараз накіроўваем у МАК дадатковую інфармацыю пра парушэнні правоў спартсменаў у Беларусі. І, натуральна, будзем займацца тымі дамоўленасцямі, якія яшчэ раней былі заключаны з Міжнародным алімпійскім камітэтам.

Нагадаю, што МАК даваў гарантыі беларускім атлетам пра іх допуск да ўсіх міжнародных спаборніцтваў і кваліфікацыйных мерапрыемстваў. Зараз абменьваемся лістамі, інфармацыяй і гэтак далей.

– Пытанне санкцый з боку МАК у дачыненні да Нацыянальнага камітэта Беларусі пакуль павісла ў паветры. Калі яно можа быць вырашана?

– У гэтым месяцы фонд будзе падводзіць вынікі, што ў нас атрымалася ў гэтым накірунку, але, скажу шчыра, гэта не прыярытэтнае пытанне. Акцэнт робім на тое, каб Міжнародная федэрацыя хакея (ІІHF) забараніла правядзенне ў Мінску вясной гэтага года чэмпіянату свету па хакеі. У нас была запланавана сустрэча з кіраўніком ІІHF Рэнэ Фазелем, але, відаць, яна адбудзецца пасля таго, як той прыедзе ў Мінск.

У прыярытэце ў нас таксама дабіцца забароны на правядзенне ў Мінску этапа Кубка свету па фрыстайле ў лютым гэтага года і чэмпіянату свету па пяцібор’і.

А ўвогуле, у Фонду спартыўнай салідарнасці зараз некалькі асноўных накірункаў. Першы – інфармаванне міжнародных федэрацый аб немагчымасці правядзення ў Мінску буйных спартыўных спаборніцтваў у сувязі з тымі падзеямі, што адбыліся ў краіне пасля выбараў. Другі накірунак – падтрымка атлетаў і спецыялістаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы зараз дапамагаем фінансава і юрыдычна, арганізоўваем зборы, кансультуем.

Трэці важны накірунак – адукацыя для спецыялістаў у галіне спорту і для тых спартсменаў, якія плануюць завяршыць кар’еру і затым працаваць у спартыўнай галіне. Будзем прапаноўваць курсы па спартыўным менеджменце, спартыўнай журналістыцы і гэдак далей.

І, натуральна, пачынаем працаваць над праектам правядзення спартыўнай рэформы ў Беларусі.

– Калі казаць пра фінансавую дапамогу…

– Яна ёсць, дапамагаем атлетам чым можам. Людзі, якія рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў ці сур’ёзных міжнародных спаборніцтваў, маюць нашу падтрымку, бо страцілі дзяржаўную – толькі таму, што выказаліся за справядлівасць.

Марафонка Вольга Мазуронак, дзесяціборац Андрэй Краўчанка, лёгкаатлетка Святлана Кудзеліч і іншыя – усе яны атрымалі фінансавыя магчымасці рыхтавацца да Гульняў, на якіх і збіраюцца выступіць.

– Пад якім сцягам?

– Яны будуць выступаць як нейтральныя спартсмены, МАК гэта не забараняе.

– Пасля таго як пад лістом супраць гвалту і сфальсіфікаваных выбараў паставілі подпісы тысячы вядомых трэнераў і спартсменаў Беларусі, з’явіўся і праўладны “адкрыты зварот спартыўнай грамадскасці”, пад якім падпісаліся каля 5 тысяч чалавек. Праўда, там аказаліся і супрацоўнікі райвыканкамаў, і “спартсмены-аматары” і тыя, хто наогул упершыню даведаўся, што ставіў недзе свой подпіс…

– Мне падаецца, што ў беларускіх чыноўнікаў пэўны крызіс жанру, бо нешта сваё крэатыўнае яны прыдумаць не могуць, а таму капіруюць тое, што прыдумалі да іх. А гэты “адкрыты зварот” – яшчэ адзін добры прыклад дабраахвотна-прымусовага выражэння як быццам бы сваёй пазіцыі.

Мы, дарэчы, пра гэта таксама праінфармавалі Міжнародны алімпійскі камітэт, бо гэта паказвае, як сёння ў Беларусі ціснуць на спартсменаў, прымушаюць ставіць подпісы нават тады, калі чалавек і не хоча гэтага рабіць. Не паставіш – здымуць са стаўкі, адлучаць ад спаборніцтваў.

Я не ведаю, навошта ўвогуле падрыхтавалі гэты зварот. Што хацелі паказаць і што паказалі? Усім нармальным людзям зразумела, як збіраюцца подпісы пад такімі лістамі. Як добра выказаўся былы галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па хакеі Аляксандр Румо: “Людзі распісаліся ў ведамасці на харчаванне”.

Дарэчы, да нас дайшлі звесткі, што з’яўленне гэтага “адкрытага зварота” – ініцыятыва нават не Міністэрства спорту і турызму ці Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Кажуць, што гэтая цудоўная ідэя прыйшла зусім з іншых кабінетаў.

– Напрыканцы мінулага года ў прамым эфіры адбылася дыскусія паміж баскетбалісткай Аленай Леўчанка, якая не так даўно адсядзела на “сутках”, і маладым перспектыўным лёгкаатлетам Паўлам Недасекавым, які падпісаў праўладны ліст. Ці патрэбны і надалей такі дыялог паміж прадстаўнікамі розных бакоў?

– Безумоўна, бо такія размовы якраз і выкрываюць усю безыдэйнасць той часткі спартсменаў, якая выступае “за стабільнасць”.

Я, напрыклад, хоць заўтра магу падыскутаваць з любым чыноўнікам Міністэрства спорту ці Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Можна адкрыта гэта зрабіць, і сёння ў іх пытаю: “Вы да гэтага гатовы?”

– Думаеце, што жадаючых не знойдзецца?

– Не знойдзецца, бо ім давядзецца адказваць на простыя, але нязручныя пытанні. Таму я нават з павагай стаўлюся да Паўла Недасекава, які не пабаяўся ўзяць удзел у адкрытай дыскусіі. Выглядаў ён, натуральна, не вельмі зграбна, але ж чалавек не схаваў галаву ў пясок, як страус.

– Спартыўныя чыноўнікі раз-пораз закідваюць камяні ў агарод Фонду спартыўнай салідарнасці. Маўляў, у беларускім спорце ўсё цудоўна, а хтосьці хоча іх ачарніць…

– Гэта выглядае як элементарная хлусня, бо мы жывём не ў савецкія часы, калі ў людзей былі тры тэлеканалы і некалькі цэнтральных газет і толькі адтуль яны маглі нешта даведацца. Зараз праўду не схаваеш, яна становіцца вядомай умомант, і калі чалавек хоць крыху варушыць мазгамі, то можа супаставіць розныя факты і зрабіць для сябе правільную выснову.

Я ведаю, якую пазіцыю хацеў бы прэзентаваць Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі перад МАКам, але не разумею, на каго разлічана гэтая прэзентацыя. Усе вельмі добра ведаюць, што насамрэч адбывалася і адбываецца ў Беларусі.

Можна казаць, што ўсё зроблена ў межах нацыянальнага заканадаўства, але гэта парушае Алімпійскую хартыю, за што Міжнародны алімпійскі камітэт і ўводзіць санкцыі. А Алімпійская хартыя парушана, мы прывялі ў доказ больш за 70 выпадкаў, якія паказваюць сістэмнасць парушэнняў. І спрачацца з гэтым немагчыма. Можна толькі вешаць локшыну на вушы.

– Думаеце, што санкцыі да НАК Беларусі – гэта рэальнасць?

– Так, калі не будзе зменена палітыка ў дачыненні да спартсменаў і трэнераў. Ім закрываюць рот, даводзяць, што чалавек не мае права і слова сказаць, выказаць уласную пазіцыю. Звальняюць за іншадумства. Гэта няправільна, і з гэтым мы будзем змагацца самымі рознымі спосабамі. Няхай рыхтуюцца.

– Вы, Аляксандра Герасіменя, некаторыя іншыя спартсмены зараз знаходзіцеся за межамі краіны. Не сумуеце па Беларусі?

– Мы працуем у беларускай прасторы, таму няма адчування адарванасці ад беларускага жыцця. Мы ўсё роўна на сваёй Радзіме, мы разам з нашымі аднадумцамі.

Публікацыя – з № 2 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: