Звольненыя азотаўцы судзяцца з адміністрацыяй прадпрыемства

112
Звольненыя азотаўцы каля будынка суда Кастрычніцкага раёна Гродна. Фота: https://t.me/belsat/38667
Звольненыя азотаўцы каля будынка суда Кастрычніцкага раёна Гродна. Фота: https://t.me/belsat/38667

У Кастрычніцкім судзе Гродна пачаўся разгляд скаргі 13 работнікаў ААТ “Гродна Азот”, якія былі звольнены пасля падзей 26 кастрычніка, калі на прахадной прадпрыемства рабочыя заявілі аб далучэнні да агульнанацыянальнага страйку і былі разагнаныя АМАПам. 11 студзеня ў судзе адбыліся слуханні бакоў.

Пра тое, што ўнесены змены ў калектыўны дагавор, даведаліся ў судзе

Са скаргай у суд звярнулася пярвічная арганізацыя Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў “Гродна Азот” у інтарэсах сваіх членаў па аднаўленні іх на працоўных месцах. У спісе заяўнікаў 13 асоб, сярод якіх стачкамаўцы і тыя, хто хацеў далучыцца да забастоўкі 26 кастрычніка.

Як галоўны і агульны аргумент у іску да адміністрацыі прадпрыемства юрыст пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюза Аляксандр Парадкаў цытаваў пункт калектыўнага дагавора, у якім чорным па белым запісана, што згодна з гэтым дакументам іх не маглі звольніць без згоды прафсаюза, аднак наймальнік абышоў гэты пункт.

“Адміністрацыя не звярталася ў прафсаюз, каб атрымаць згоду на звальненне нашых члнаў, чым парушыла заканадаўства”, – упэўнена казаў юрыст.

На гэта яму ціха, на паўголаса, адказаў юрысконсульт прадпрыемства Юрый Літвін, які прадстаўляў адміністрацыю: “У калектыўны дагавор былі ўнесены змены яшчэ ў сакавіку мінулага года, і цяпер гэты пункт скасаваны”.

У зале адразу пайшла рэакцыя на яго словы. Юрыст Незалежнага прафсаюза запэўніў суд, што ім не давялі да ведама пра гэтыя змены, тым болей што старшыня прафсаюза з’яўляецца паўнавартасным прадстаўніком Савета калектыўнага дагавора.

“Яны павінны былі пра гэта ведаць”, – без якіх-кольвек падрабязнасцяў зазначыў спадар Літвін.

Судом было прынята рашэнне заслухаць заяўнікаў і ўдакладніць скаргу кожнага асабіста. Дарэчы, у суд не з’явіліся тры заяўнікі па розных прычынах.

Да агульнай скаргі дадаліся асабістыя

Далей суддзя Сяргей Слашчоў задаваў пытанні кожнаму з заяўнікаў. Дзмітрыя Віктаравіча Барабана звольнілі за прагул без паважных прычын. Ён не адмаўляў гэтага, але пацвердзіў свае патрабаванні па агульным іску да адміністрацыі і папрасіў суд высветліць, як маглі яго звольніць датай, калі быў выхадны дзень, а загад аб звальненні наагул падпісаны на 4 дні пазней.

Артура Богуша звольнілі за парушэнне вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, што прывяло да стратаў прадпрыемствам звыш трох сярэднямесячных заробкаў.

Богуш прасіў суд разабрацца з тым, якія страты ён мог нанесці ў той момант прадпрыемству, калі знаходзіўся ў адпачынку. Ён таксама патлумачыў суду, што ў атрыманым лісце аб звальненні не гаворыцца аб канкрэтных дэталях таго, як і якім чынам ён нанёс страты роднаму прадпрыемству. Ён не адмаўляў, што падаў заяву, у якой паведаміў адміністрацыі, што па вяртанні з адпачынку далучаецца да агульнанацыянальнага страйку.

Юрый Борыс быў звольнены за адсутнасць на працы на працягу больш як трох гадзін. Пра гэта ён даведаўся з тэлеграм-канала. Суду патлумачыў, што насамрэч знаходзіўся на працы, але нічога не рабіў.

“Я адпрацаваў на прадпрыемстве 7 гадоў і ніколі не меў ніякіх заўваг. Але калі мяне пад дуламі аўтаматаў прымушалі ісці працаваць – з гэтым я не мог пагадзіцца”, – распавядаў суду Борыс.

Спадар Юрый распавёў аб прыездзе на прадпрыемства ўзброеных АМАПаўцаў, якія разганялі людзей, што далучыліся да забастоўкі і стаялі каля прахадной завода.

Ён дадаў да агульнага іску тое, што хоча спагнаць з адміністрацыі грошы за тры месяцы, якія правёў без працы, як лічыць, па віне адміністрацыі прадпрыемства.

Назад на “Азот” вяртацца не хоча, паколькі не ўяўляе, як там працаваць далей пасля таго, што адбылося.

Вадзіма Венскага звольнілі за парушэнне вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, што прывяло да стратаў прадпрыемствам звыш трох сярэднямесячных заробкаў.

Ён распавёў, што адпрацаваў у начную змену і пасля 8 гадзін раніцы хацеў ісці дадому, але пабачыў, што на прахадной узброеныя людзі ў чорным са зброяй.

“Канешне, мяне гэта напалохала, я не мог там прайсці, бо натуральна баяўся, што мяне заграбуць разам з іншымі, – распавядаў суду Венскі. – У мяне двое дзяцей і хворая жонка. Я не мог так рызыкаваць. З працы выйшаў каля 12-й гадзіны і цяпер, згодна з рашэннем адміністрацыі, яшчэ і стаў вінаваты ў нанясенні стратаў прадпрыемству. Хацелася б ведаць у чым вінаваты, каб расказаць дзецям”.

Аляксея Дарагога звольнілі па тых жа прычынах, што і Венскага. Ён у той дзень быў выхадны. Прывёз жонку на працу і пайшоў у банкамат зняць грошы, але тут яго пагрузілі ў аўтобус.

“У мяне двое дзяцей, я адпрацаваў тут 14 год, а мяне проста звольнілі без тлумачэнняў”, – з горыччу ў голасе распавядаў суду сваю гісторыю спадар Аляксей.

Адзіная жанчына, якая патрапіла ў лік 13 звольненых, – Яўгенія Кізюкевіч. Яна была на бальнічным і прыехала раніцай да доктара. У яе балела нага, яна кульгала, але яе тым не менш зацягнулі ў амапаўскі аўтобус.

“Я напісала начальству заяву, што далучаюся да страйку, бо на працоўным месцы адміністрацыя не можа гарантаваць нашу бяспеку, – казала жанчына. – Уявіце: пасля таго, як мяне цягнулі ўзброеныя ў чорных камізэльках людзі, я наагул баялася ісці на завод. У такіх выпадках людзі звяртаюцца да псіхолагаў па дапамогу, а мяне папросту звольнілі”.

Андрэй Пагерыла і Сяргей Шэлест адседзелі па 10 сутак за тое, што замацавалі бел-чырвона-белы сцяг на тэлевежы ў Гродне, якраз побач з будынкам суда. Іх звольнілі за прагулы, хаця хлопцы прадаставілі даведкі з ізалятара. Абодвух абурыла тое, што прагуламі палічылі нават іх выхадныя дні.

Аляксей Сідар расказаў, што прыйшоў на працу 28 кастрычніка і ўбачыў загазаванасць на працоўным месцы. Не стаў прыступаць да працы і патрабаваў ад начальства прыняць належныя меры.

Яго не сталі слухаць і звольнілі за прагул. Пасля звальнення ён захварэў на каранавірус і не атрымаў выплаты па страхоўцы.

Разгляд справы прызначаны на 18 студзеня. Дарэчы, пасля 26 кастрычніка з ААТ “Гродна Азот” былі звольнены некалькі дзясяткаў чалавек, але скаргі ў суд падалі толькі 13.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: