
Рэпрэсіі 2020 года з’яўляюцца самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі і сведчаць пра глыбокі крызіс з правамі чалавека. Да такіх высноў прыйшлі беларускія праваабаронцы, якія апублікавалі даклад па выніках маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне цягам мінулага года.
Але гэтая катастрафічная сітуацыя не вырашаецца, мала таго, ствараюцца перадумовы для далейшага развіцця крызісу ў будучыні, сцвярджаюць аўтары даклада.
У якасці “рэха мінулага года” праваабаронцы прыводзяць у дакладзе наступныя факты і лічбы.
- Прэзідэнцкія выбары 2020 года не адпавядалі стандартам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.
- Задакументавана больш за 1000 сведчанняў ахвяр катаванняў. Іх аналіз дазваляе сцвярджаць, што катаванні насілі масавы, сістэмны характар і з’яўляліся арганізаванай, палітычна матываванай карнай акцыяй уладаў супраць грамадства.
- Крымінальныя справы былі ўзбуджаныя ў дачыненні да больш як 900 грамадзян. Праваабаронцам вядомыя прозвішчы больш за 650 фігурантаў крымінальных спраў.
- 169 абвінавачаных былі прызнаныя палітвязнямі.
- 477 журналістаў былі затрыманыя, 97 з іх адбылі адміністрацыйны арышт.