Лукашэнка — Фазелю: у нас пратэстоўцы не штурмуюць “Капітолій”

262
Рэнэ Фазэль на сустрэчы ў Аляксандра Лукашэнкі. Фота БЕЛТА

11 студзеня падчас сустрэчы ў Мінску з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем Аляксандр Лукашэнка згадаў пратэстны рух. Ён усяляк спрабаваў пераканаць госця, што сітуацыя ў краіне “пад кантролем”, перадае “Еўрарадыё”.

“У нас пратэстоўцы і іншыя незадаволеныя не штурмуюць урадавыя ўстановы і “Капітолій” у Беларусі, — гаварыў Лукашэнка. — У нас зусім нармальная сітуацыя з кропкі гледжання развіцця дэмакратычных працэсаў”.

Міжнародная федэрацыя хакея не выключае пераносу чэмпіянату свету 2021 года з Беларусі ў іншую краіну. Рашэнне будзе прынята ў канцы студзеня. Перад гэтым Фазель вырашыў паразмаўляць з Лукашэнкам, які яго лічыць “асабістым сябрам”.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Рэнэ Фазеля, што “ніякай небяспекі ні па якіх пытаннях у Беларусі няма і не будзе — ні па каранавірусе, ні з пункту гледжання палітычнай бяспекі або фізічнай бяспекі людзей”. Як вядома, з-за парушэняў правоў чалавека ў Беларусі адмовілася праводзіць сумесны чэмпіянат свету Латвія. Жорсткія разгоны пратэстоўцаў, дзясяткі тысяч затрыманых, больш за 160 палітвязняў — гэта добра вядома ў свеце, таму пашыраецца кампанія за перанос ЧС ці за яго байкот. Фазель жа, відавочна, хоча ў выпадку пераносу першынства захаваць добрыя стасункі з Лукашэнкам.

“Думаю, што няма неабходнасці мне пераконваць цябе, што ў Беларусі ўсё нармальна, — гаварыў Лукашэнка Фазелю. — Ты сам чалавек вопытны, сам палітык, разумееш, што адбываецца. Мяне хочуць абвінаваціць у тым, што я абараняю сваю краіну і сваіх людзей, але мяне для гэтага і абралі”.

Беларускі кіраўнік лічыць, што ім незадаволеныя “асобныя палітыкі ў Еўропе”.

Поделиться ссылкой: