Гомель: за навагодні карагод у лесе – за краты

123
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Фота аўтара
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Фота аўтара

У Гомелі міліцыя працягвае пераследаванне гараджан, якія пры канцы снежня зладзілі навагодні пікнік у лесе каля вёскі Новая Бухалаўка.

11 студзеня суддзя Цэнтральнага раёна Сяргей Кармановіч на падставе міліцэйскага пратакола пакараў арыштам на трое сутак яшчэ адну ўдзельніцу маляўнічага карагода – настаўніцу Алену Л. Яна прызнана вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу – так суд услед за міліцыяй расцаніў навагодняе ігрышча ў лесе вакол ялінкі.

Настаўніцу прывезі ў Цэнтральны суд з ізалятара часовага ўтрымання, дзе яна знаходзілася апошнія пяць сутак. Міліцыя затрымалі Алену Л. увечары 6 студзеня, калі яна накіроўвалася ў царкву на калядную службу. З таго часу яна была за кратамі, а сёння настаўніцу судзілі паводле артыкула 23.34 КаАП. Жанчына нічога не тлумачыла пра навагодні пікнік, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам не сведчыць супраць сябе. І паколькі яна ужо адбыла пакаранне, то ў зале суда настаўніцу вызвалілі з-пад варты.

У навагоднім пікніку ў лесе ўдзельнічала каля дзясятка гараджан. Яны прыбралі ялінку, палілі вогнішча, пілі шампанскае, смажылі сала, вадзілі карагод. Некаторыя з удзельнікаў навагодняга ігрышча трымалі бел-чырвона-белыя сцягі альбо павязалі іх на плечы, на ялінцы прымацавалі аркушы паперы з надпісамі “Пацук, уцякай!”, “Новы год без пацука”.

Відэазапіс навагодняга пікніка гамяльчне вылажылі ў Тэлеграм. Пасля гэтага міліцыя і пачала выяўляць і лавіць удзельнікаў ляснога пікніка.

Першай затрымалі 5 снежня 59-гадовую пенсіянерку Алу К. Дома ў яе міліцыя зрабіла вобыск. Забралі камп’ютар, дыскі, тэлефоны і бел-чырвона-белы сцяг з ружай БСДП, а саму яе адправілі на ноч у ІЧУ. На другі дзень суддзя Савецкага раёна Гомеля Андрэй Лагуновіч пакараў Алу К. 7-сутачным арыштам як за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Пры гэтым суддзя заяўляў, што калі б не “палітычныя моманты”, не БЧБ-сцягі і не надпісы на аркушах паперы на ялінцы, то ніхто б і слова не сказаў.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: