Валерый Карбалевіч: Канстытуцыйная рэформа хаваецца за гарызонтам

509
Валерый Карбалевіч. Фота: svaboda.org

Нарэшце Лукашэнка больш дакладна раскрыў свае планы. У інтэрв’ю праграме «Дзейныя асобы з Наілёй Аскер-задэ» на тэлеканале «Расія-1» ён заявіў, што праект новай Канстытуцыі Беларусі можа быць гатовы да канца 2021-га, а затым будзе праведзены рэферэндум, на якім грамадзяне вырашаць яго лёс, распавядае ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валерый Карбалевіч.

Гэтая заява азначае, што ўвесь праект, уся кампанія канстытуцыйнай рэформы спускаецца на тармазах. Мяркую, схема прыкладна такая. Пад канец года будзе гатовы толькі праект Канстытуцыі. Думаю, цэлы 2022 год будзе адведзены на «ўсенароднае абмеркаванне» гэтага дакумента. У 2023 годзе можна будзе правесці рэферэндум. Зацверджаная Канстытуцыя ўступіць у сілу з 2025 года. То бок пад заканчэнне, як лічыць Лукашэнка, ягонай цяперашняй прэзідэнцкай кадэнцыі і перад момантам новых выбарў.

Сама ідэя канстытуцыйнай рэформы з’явілася ў інфармацыйнай прасторы з падачы Масквы ў жніўні. Яна павінна была згуляць ролю перніка для ўзбуджанага грамадства, стаць крокам да кампрамісу. Маўляў, хочаце перамен — дык вось вам перамены. Кажаце, што ў нас тут дыктатура, дык вось новая Канстытуцыя абмяжуе паўнамоцтвы прэзідэнта, павялічыць паўнамоцтвы іншых органаў улады, у прыватнасці парламэнта.

Дзяржаўныя СМІ намякалі, што, магчыма, будзе ўведзена прапарцыйная сыстэма выбараў, адменена смяротнае пакаранне і інш. То бок абяцалі крок да дэмакратыі, каб паказаць, што сама ўлада гатовая да перамен, таму не трэба выходзіць на вуліцу з пратэстам.

Прычым, паводле ацэнак расійскіх экспертаў, Лукашэнка абяцаў Пуціну правесці гэтую рэформу цягам некалькіх месяцаў, паўгода. 17 верасня міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у інтэрв’ю тэлеканалу RTVI заявіў: «Як сказаў беларускі лідар, пасля канстытуцыйнай рэформы ён будзе гатовы абвясціць датэрмінова парламэнцкія і прэзідэнцкія выбары. Гэтая прапанова паказвае рамкі, у якіх цалкам магчымы нацыянальны дыялог».

Гледзячы па ўсім, цяпер Лукашэнка прыйшоў да высновы, што пратэст ён здушыў, узяў сітуацыю ў краіне пад кантроль. Таму патрэба ў нейкім перніку знікла. І свае абяцанні Крамлю можна адкінуць. А да 2023 года сітуацыя зусім супакоіцца, тады можна будзе нават і рэферэндум правесці. Пра датэрміновыя выбары цяпер увогуле гаворкі няма.

І цяпер канстытуцыйная рэформа адкінутая далёка, за гарызонт часу, становіцца нейкім прывідам, як камунізм у савецкія часы.

Гэта планы Лукашэнкі. Але ёсць жа яшчэ і беларускі народ, які апошнімі месяцамі прачнуўся і заявіў пра сябе як пра суб’ект палітыкі. Ці пагодзіцца ён з гэтымі планамі?

Поделиться ссылкой: