Жыхар Вілейшчыны прысабечыў 12 тысяч долараў свайго працадаўцы і шыкоўна адзначыў Новы год

211
Фота з адкрытых крыніц

Напярэдадні Новага года ў Ждановіцкі аддзел міліцыі Мінскага РУУС звярнуўся 34-гадовы мінчанін. Ён распавёў, што папрасіў свайго кіроўцу-жыхара Вілейшчыны, які вяртаўся з рэйса, забраць у знаёмага ў Маскве 12 тысяч долараў і прывезці яму, паведаміла УУС Мінаблвыканкама.

Долары ў Маскве кіроўца забраў. Але па прыбыцці ў Мінск перадаў бацьку прадпрымальніка машыну, але пра грошы змаўчаў. На тэлефонныя званкі адказваць перастаў. Пацярпелы растлумачыў, што супрацоўніку 41 год, ён з Вілейскага раёна і працуе ў яго каля месяца.

Аператыўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі месцазнаходжанне мужчыны і 4 студзеня яго затрымалі. Да таго часу ён ужо паспеў змяніць здымную кватэру, але прызнавацца ў прысабечванні чужых грошай не спяшаўся. Казаў, грошы ў яго скралі ў дарозе.

Пасля працяглай размовы падазраваны ўсё ж прызнаўся ў зробленым. Удакладніўшы, што з усёй сумы ў яго засталося тры з паловай тысячы. Ён гэтыя грошы аддаў. Аднак пазней, падчас ператрусу, у яго знайшлі яшчэ 6400 долараў. Як і меркавалі аператыўнікі, забраўшы грошы, кіроўца пераехаў, спадзеючыся заблытаць сляды, і стаў шыкоўна адзначаць Новы год.

Поделиться ссылкой: