
Сёлета 8 студзеня Генадзю Аляксандравічу Каханоўскаму споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. Пра яго на старонках “Рэгіянальнай газеты” ўзгадвае беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст Сяргей Чыгрын, а таксама жонка Генадзя Каханоўскага Зінаіда Пятроўна.
Краязнаўца, калекцыянер і рэстаўратар Алесь Сярожкін жыве ў Оршы. У пачатку 1990-х ён з сябрамі выдаваў газету «Беларускі калекцыянер». Выйшлі з друку 25 нумароў. Цяпер гэтае выданне не існуе і не радуе калекцыянераў і краязнаўцаў. З-за недахопу фінансаў спыніла сваё існаванне. Алесь Сярожкін сябраваў з многімі беларускімі творчымі людзьмі, у тым ліку і з гісторыкам, археолагам, фалькларыстам, літаратуразнаўцам, краязнаўцам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў роднаму Маладзечанскаму краю, Генадзем Каханоўскім (1936–1994).
Маладзечанскі гісторык вельмі цешыўся выхаду «Беларускага калекцыянера». Пра гэта ён не раз казаў Алесю Сярожкіну. У спадара Сярожкіна да сённяшніх дзён захаваліся тры лісты Генадзя Каханоўскага, якія ён перадаў у мой асабісты архіў. Лісты былі напісаныя ў 1985 годзе. Адзін з іх датаваны дакладна. Гэта не проста невялікія пісьмы, а пісьмы-скарбы, якія хочацца чытаць і перачытваць. Таму сёння ёсць нагода іх цалкам працытаваць і апублікаваць. Дык давайце разам пачытаем, што пісаў вядомы даследчык нашай культуры Генадзь Каханоўскі Алесю Сярожкіну ў Оршу амаль 30 гадоў таму.
Ліст першы
Глыбокапаважаны Аляксандр Міхайлавіч!
Дзякуй Вам за добрае слова пра маю кнігу «Адчыніся, таямніца часу». Я меў на ўвазе расказаць папулярна пра забытае, зніклае, страчанае.

Падзяляю Ваш клопат аб нашай спадчыне, пра аршанскія помнікі дойлідства. Сапраўды, такая багатая гісторыя Оршы і раптам яна знікае на вачах у тысяч людзей. У Оршы павінен абавязкова быць музей. Гэта ж не вёска сярод балот, а вялікі прамысловы і культурны горад на скрыжаванні мноства бойкіх дарог.
Пра ўсё тое, што мне Вы напісалі, напішыце таксама ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» ці ў часопіс «Мастацтва Беларусі», які ўжо Вам вядомы. А хутчэй за ўсё, у «Літаратуру і мастацтва». Магчыма, дадайце і фотаздымак Куцеінскага манастыра, калі гэта магчыма сфатаграфаваць. Сапраўды, гонар Оршы – Куцеінская друкарня. Напішыце пра страту роспісаў і г.д.
Пра пляшку я матэрыял Ваш перадам спецыялісту Маі Міхайлаўне Яніцкай – кандыдату мастацтвазнаўства, яна працуе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (горад Мінск, вул. Сурганава, д.1, корп.2). Яна з Вамі звяжацца. У яе ёсць кнігі пра беларускае мастацкае шкло. Талковая даследчыца і цудоўны чалавек.

Дасылаю Вам сваю брашуру пра Янку Купалу, а таксама самаробную навагоднюю паштовачку. Яшчэ раз Вам дзякуй!
Пішыце. Буду рад. Генадзь Каханоўскі.
Ліст другі
Добры дзень, Аляксандр Міхайлавіч!
Дзякуй Вам за памяць, за цікавы ліст! Я ўжо пісаў, што малюнак пляшкі я перадаў Маі Міхайлаўне Яніцкай, кандыдату мастацтвазнаўства нашага інстытута. Яна спецыяліст па беларускаму шклу, аўтар трох кніг пра яго. Лепш за яе ніхто не ведае шкла.
Пра разбурэнні помнікаў архітэктуры ў Оршы я расказаў С.В. Марцэлеву, члену-карэспандэнту АН БССР, які з’яўляецца намеснікам старшыні Рэспубліканскага Савета таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Няхай і ён ведае. Раскажу яшчэ і другому намесніку – А.П.Куліку. Я не ведаю, што яны змогуць, але хай ведаюць пра разбурэнні.
Прыемна, што ў Оршы плануецца краязнаўчы музей. Даўно пара! Я некалькі гадоў назад пісаў у Вашу раённую газету пра вывезеныя ў час Першай сусветнай вайны з Мінска, Ліды, Гродна розныя дакументы, кнігі, старадрукі… След іх страціўся. Хоць вядома, што яны даехалі да Оршы. Праўда, полацкія хронікі аказаліся аж у Сімбірску. Іх прадавалі пудамі, як паперу для абгорткі на рынку. Толькі беларус А.Жыркевіч іх убачыў, скупіў усе і здаў у Сімбірскі архіў. Вось якія штукі бывалі.
Вы малады чалавек, і яшчэ не позна вучыцца, хоць бы завочна. Маглі б працаваць у тым жа Аршанскім краязнаўчым музеі. Станеце лепшым краязнаўцам рэспублікі, бо іх у нас вельмі мала. У Вас ёсць зацікаўленасць, а гэта самае дарагое ў чалавека.
Я сам працаваў 18 гадоў у музеі і не шкадую. Толькі ў свае 45 вырашыў паслухаць калег і пайшоў у АН БССР. Музейную работу я любіў усёй душой, бо быў заўсёды краязнаўцам. Шмат вандраваў. Гэта бачыце і па маіх кнігах.
Высылаю Вам яшчэ адну паштовачку. Гэта я выпусціў, працуючы ў музеі. Тыраж малы. Значкоў пра Маладзечна больш. У мяне іх тры. Ёсць і пра Уладзіміра Караткевіча.
Усяго Вам найлепшага! Здароўя, поспехаў! Генадзь Каханоўскі.
Ліст трэці
Добры дзень, Алесь Міхайлавіч!
Дзякуй за цікавыя знаходкі, якія мне прыслалі! Вядома, я цяпер падумаю, як іх перадаць у адпаведны музей.
Магчыма, і ў наш Мінскі абласны краязнаўчы, дзе я доўгі час сам працаваў. На такія рэчы трэба, каб народ глядзеў, таму трымаць дома проста няёмка.
У падзяку высылаю Вам сваю кнігу па археалогіі і гістарычным краязнаўстве. Прачытайце і выкажыце мне свае ўражанні. Варта пачытаць маленькую кніжачку беларускага таленавітага археолага Міхася Чарняўскага «Страла Расамахі». Вельмі карысная. Раю пачытаць, хоць яна і адрасуецца школьнікам. З М.М.Яніцкай я яшчэ раз пагавару.
Са святам вясны, яе наступленнем. Генадзь Каханоўскі, 12.04.1985 г.
***
Вось такія лісты ад Генадзя Каханоўскага захоўваў калекцыянер Алесь Сярожкін. Захаваў ён і дзве паштоўкі,выдадзеныя дзякуючы Генадзю Аляксандравічу. Адна, прысвечаная Новаму году, са словамі Янкі Купалы:
З Новым годам, з Новым годам!
З новай песняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
А на другой паштоўцы – постаць самога песняра. Дзе, калі і хто іх выдаваў, на паштоўках не абазначана. Але мы цяпер ужо ведаем.

А вось успаміны пра мужа Зінаіды Пятроўны Каханоўскай, запісаныя ў 2015 годзе.