
Прэм’ер-міністр Фінляндыі Санна Марын выказалася аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі. Яна за тое, каб перанесці групу А чэмпіянату, якая павінна згуляць у Мінску, у іншую краіну, паведамляе “Еўрарадыё”.
“Я лічу, што ЧС-2021 не павінен праводзіцца ў Мінску. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі вельмі сур’ёзная. Адбыліся гвалтоўныя арышты грамадзян, якія хацелі рэалізаваць сваё выбарчае права. Гэта вельмі сур’ёзная сітуацыя. Яна патрабуе вырашэння, і да яе трэба ставіцца належным чынам”, – сказала Марын.
“Асабіста я не стала б праводзіць там спаборніцтвы. Але гэта не пытанне ўрада Фінляндыі”, – дадала прэм’ер-міністр Фінляндыі.
Фінляндыя паслядоўна выступае за перанос чэмпіянату свету па хакеі 2021 года з Мінска. Перад Новым годам у гэтым ключы выказаўся фінскі палітык Калерва Кумала, які цяпер займае пасаду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея: “Паступова гуляць у Беларусі стала немагчыма. Я настойваў на гэтым ужо даўно. Першапачаткова я быў адзін, затым мяне падтрымаў датчанін. Паступова ціск стаў нарастаць. Фазель павінен сказаць Лукашэнку праўду: чэмпіянат свету на тэрыторыі Беларусі немагчымы”.
Кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазель у бліжэйшы час мае намер прыехаць у Мінск, каб пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам пра перанос чэмпіянату свету.