«Пагражалі, што забяруць дзіця», – трактарыст-блогер з Хойнікаў папрасіў палітычнага прытулку ў Латвіі

132
Трактарыст-блогер з Хойніцкага раёна Яўген Васількоў у судзе (у шэрай кашулі). Архіўнае фота
Трактарыст-блогер з Хойніцкага раёна Яўген Васількоў у судзе (у шэрай кашулі). Архіўнае фота

Механізатар Яўген Васількоў з Хойніцкага раёна пасля пераследавання з боку ўладаў з сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Ён распавёў “Радыё Свабода” пра прычыны свайго ад’езду ў Латвію, дзе папрасіў палітычнага прытулку.

З’язджаць з Беларусі ён не хацеў.

«Але ў мяне не было выбару… Міліцыя склала пратакол за экстрэмізм. Пагражалі мне за тое, што я здымаю ролікі пра бардак у Хойніцкім раёне. Міліцыянеры сказалі, што з-за такой дзейнасці ў нас могуць забраць дзіця, якое мы ўсынавілі, бо яна сірата, і ёй няма яшчэ і пяці гадоў», – распавёў Яўген Васількоў.

У Латвіі ён атрымаў падтрымку – і ад уладаў, і ад беларускай дыяспары.

«Умовы тут нармальныя, не прападзём, я думаю. Тут, у Латвіі, сустрэўся з такімі людзьмі, не тое што я, трактарыст, а рэжысёры, спартсмены, адвакаты, людзі, якія з’ехалі з дзецьмі… Спадзяюся, што змагу вярнуцца дахаты, хоць і бачу, што ўсё зацягнулася», – дадаў Яўген.

Таццяна Васількова, жонка трактарыста і блогера з Хойнікаў Яўгена Васількова каля суда. 3 жніўня 2020 года
Таццяна Васількова, жонка трактарыста і блогера з Хойнікаў Яўгена Васількова, каля суда. 3 жніўня 2020 года

Увосень 2020 года Яўген Васількоў праз палітыку адседзеў «суткі», страціў працу. Пасля выбараў ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках.

У снежні 2020 годуа на Яўгена Васількова міліцыя склала пратакол за «экстрэмізм». Так міліцыя расцаніла перадрукоўку матэрыялаў на канале «Хойнікі для жыцця» з тэлеграм-канала, які ў Беларусі афіцыйна прызналі экстрэмісцкім.

Яўген Васількоў жыў у вёсцы Віць Хойніцкага раёна, працаваў трактарыстам. Шырокую вядомасць ён набыў пасля роліка, у якім разважаў пра несумленныя выбары з пункту гледжання вяскоўца. Трэцяга жніўня яго затрымала міліцыя за «непадпарадкаванне».

Яўген атрымаў па рашэнні суда 10 дзён арышту. Гэты арышт выклікаў рэзананс. Людзі пачалі акцыю дапамогі сям’і трактарыста – пералічвалі грошы, перадавалі рэчы для дзяцей.

Пазней Яўген страціў працу. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках, вёў YouTube-каналы «Хронікі механізатара» і «Хойнікі для жыцця».

У апошніх роліках аўтар блогаў засяродзіўся на безгаспадарчасці і гібеючых вёсках у Хойніцкім раёне.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: