Ад 9 жніўня суддзі спынілі толькі 20 адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў пратэстаў

90
Сілавое падаўленне мірных пратэстаў у Мінску 23 верасня 2020 года. Фота Паўла Крычко
Сілавое падаўленне мірных пратэстаў у Мінску 23 верасня 2020 года. Фота Паўла Крычко

З 9 жніўня па 31 снежня 2020 года на акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі 26577 чалавек, паведамляе “Радыё Свабода”.

Выкарыстоўваючы ўсе крыніцы інфармацыі, незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў справаздачу, згодна з якой агульная колькасць затрыманняў склала 26577.

Пад затрыманні трапілі мінімум 170 непаўналетніх і не менш за 295 грамадзян, старэйшых за 60 гадоў.

Найбольшая колькасць затрыманых выпала на ўзроставы прамежак ад 19 да 40 гадоў – такіх людзей больш за 10500. Але пры гэтым звесткі пра ўзрост апрацавалі толькі ў паловы затрыманых на ўсіх акцыях.

Суды 6886 разоў арыштоўвалі і 3889 разоў штрафавалі грамадзян. Абсалютная большасць з іх па артыкулах 23.34 і 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы). Суддзі вынеслі папярэджанні ў 87 выпадках, спынілі не больш за 20 спраў.

Агульная колькасць сутак адміністрацыйнага арышту дасягнула 83006. Часцей за ўсё затрыманых арыштоўвалі на 15 сутак (2230 пастаноў). Штрафаў за гэты перыяд прысудзілі на суму ў 1799901 рубель.

Таксама праваабаронцы падрыхтавалі статыстыку пацярпелых пры затрыманнях і разгонах мірных акцый пратэсту. Сілавікі збілі як мінімум 381 чалавека. Акрамя таго, 482 чалавекі трапілі ў шпіталь. 10 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненні, 5 чалавек загінулі.

Тэрміновыя навіны чытайце ў нашым тэлеграм-канале.

Поделиться ссылкой: